Расея не залежная ад Беларусі ды Літвы. Што страцяць Менск і Вільня?



Масква заяўляе пра ўзмацненне энергетычнай бяспекі. «Газпром» урачыста адчыніў тэрмінал прыёму звадкаванага газу ў Калінінградзе, які дазволіць ажыццяўляць пастаўкі ў рэгіён марскім шляхам – у абыход Літвы і Беларусі. Якія страты могуць панесці Вільня і Менск?

На адкрыццё тэрміналу кіраўнік Расеі прыехаў асабіста. У сваёй прамове Уладзімір Пуцін адзначыў, што новы аб’ект вывеў энергетычную бяспеку Калінінградскай вобласці на новы ўзровень.

«Значэнне тэрміналу для энергетычнай бяспекі ды ўмацавання энергетычнай базы рэгіёну цяжка пераацаніць», – заявіў Уладзімір Пуцін.

Тэрмінал, збудаваны «Газпромам» у акваторыі Балтыйскага мора, уяўляе сабою прычал, да якога швартуецца танкер «Маршал Васілеўскі». Менавіта ён мае пераводзіць звадкаваны газ праз Балтыйскае мора ў Калінінградскую вобласць.

«Цяпер у прыёмнага тэрміналу прышвартаваная плыткая рэгазіфікацыйная платформа, праз якую пачнецца адгрузка газу ў ПСГ [падземнае сховішча газу. – Рэд.] і для пастаўкі спажыўцам Калінінградскай вобласці», – паведаміў Старшыня праўлення «Газпрому» Аляксей Мілер.

Да гэтага часу адзіным маршрутам экспарту газу ў рэгіён быў газаправод «Менск – Вільня – Каўнас – Калінінград». Альтэрнатыўны шлях, аднак, не азначае, што з гэтай пары блакітнае паліва ў Калінінградскую вобласць будзе ісці ў абыход Беларусі ды Літвы.

«Літва і «Газпром» маюць пагадненне да 2025 года. Гэта азначае, што нават калі экспарт газу спыніцца, Літва мусіць атрымліваць грошы за пастаўкі», – кажа Тадас Якштас з Цэнтру перадавога досведу НАТО ў энергетычнай бяспецы.

Цяперашні шлях экспарту больш выгадны і Маскве. Паводле Пуціна, трубаправод – таннейшы спосаб дастаўкі газу ў рэгіён. Але цяпер – не адзіны.

«Для нас, для Калінінградскай вобласці ў прыватнасці, гэта хутчэй рэзервавыя магутнасці, якія мінімізуюць, а дакладней будзе сказаць – нівелююць усе транзітныя рызыкі», – заявіў прэзыдэнт Расеі.

«Я так разумею, што Расея страхуецца на фоне сапсаваных дачыненняў з Еўразвязам, калі будзе такі форс-мажор: Літва можа адмовіцца ад транзіту расейскага газу праз сваю тэрыторыю ў Калінінградскую вобласць, вось таму гэты тэрмінал і пабудаваны», – гаворыць экспертка ў нафтахімічнай і энергетычнай галіне Таццяна Манёнак.

Калі ж ад паставак адмовіцца сама Расея, Літва таксама не панясе вялікіх стратаў, падлічваюць у Вільні.

«Літва не будзе цярпець, калі пастаўкі расейскага газу праз літоўскія трубаправоды спыняцца. Гэта дзясяткі мільёнаў еўраў. Літва праз гэта не пацерпіць эканамічна», – кажа чалец камітэту эканомікі Сейму, былы міністр фінансаў Літвы Эўгеніюс Гентвілас.

А таксама ў плане бяспекі. Яшчэ пяць гадоў таму Літва адкрыла тэрмінал звадкаванага газу ў Клайпедзе, які стаў альтэрнатывай расейскаму манапалісту. Калі ж казаць пра Беларусь, то тут паводле экспертаў, страты панясе перадусім «Газпром», якому належыць беларуская газатранспартавая сістэма.

«Вядома, пэўныя страты будуць і для бюджэту Беларусі, таму што ўскосным чынам «Газпром» у кожным выпадку робіць пэўныя выплаты ў беларускі бюджэт», – працягвае Таццяна Манёнак.

Аднак у Калінінградскую вобласць транспартуецца ўсяго каля 2,5 мільярдаў кубаметраў газу. Для параўнання: толькі праз газаправод «Ямал – Еўропа» праз тэрыторыю Беларусі транспартуецца 34 мільярды кубаметраў блакітнага паліва.

«І яшчэ былая газатранспартавая сістэма Беларусі, былы «Белтрансгаз», якія цяпер належыць ужо «Газпрому», гэта таксама прыкладна каля 10 мільярдаў кубічных метраў. Таму гэтая страта 2,5 мільярдаў, тэарэтычная, у перспектыве, – гэта адносна невялікая страта для беларускага бюджэту», – тлумачыць Таццяна Манёнак.

Аднак для Менску ў гэтым выпадку існуюць іншыя рызыкі. У адрозненне ад Літвы, Беларусь цалкам залежная ад імпарту расейскіх энерганосьбітаў, што выкарыстоўваецца Крамлём як элемент палітычнага ціску.

«Літва забяспечыла незалежныя пастаўкі газу іншымі шляхамі, Беларусь не мае такіх альтэрнатыўных магчымасцяў. Усё ў руках Пуціна і Крамля», – гаворыць Эўгеніюс Гентвілас.

Патэнцыйна для Менску пагрозу ствараюць усе энергетычныя праекты Масквы, якія дазваляюць экспартаваць газ у Еўропу ў абыход Беларусі. У тым ліку газаправод «Паўночная плынь – 2», які Расея будуе праз Балтыйскае мора ў Нямеччыну.

«Калі газаправод «Паўночная плынь – 2» збудуецца, і калі пастаўкі праз газаправод «Ямал» з Усходняй Еўропы ў Польшчу будуць скарочаныя або цалкам спыненыя, гэта істотна скароціць прыбыткі, якія Беларусь мае з транзіту», – сцвярджае Тадас Якштас.

Той факт, што беларуская газатранспартавая сістэма цалкам належыць «Газпрому», фактычна пазбаўляе афіцыйны Менск аргументаў у перамовах з Масквою. І пакідае адзіны козыр – палітычную лаяльнасць наўзамен эканамічнай выгады. У той час, як суседнія краіны – Польшча, Літва і Украіна – цягам апошніх гадоў паступова, але мэтанакіравана ўзмацняюць энергетычную незалежнасць ад Расеі.

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою:

Глядзі таксама
Каментары