З ШІЗА – у рэанімацыю, 45 содняў для праваабаронцы, затрыманне дырэктара. Рэпрэсіі за 29 лістапада


«Белсат» працягвае расказваць пра факты палітычнага пераследу беларусаў рэжымам Лукашэнкі. 

Палітзняволеная Марыя Калеснікава ў рэанімацыі. Першапачаткова прычыны былі не вядомыя. Пазней адвакат высветліў, што ёй зрабілі хірургічную аперацыю ў шпіталі ў Гомлі. Цяпер яна ў стабільна цяжкім стане з паляпшэннем. Заўтра, 30 лістапада, Марыю мусяць перавесці ў хірургічнае аддзяленне. Яна дзесяць дзён была ў ШІЗА, да яе не дапускалі адваката.

У Менску 28 лістапада суд прызначыў трэці запар адміністратыўны арышт для праваабаронцы Насты Лойкі. Разгляд справы адбыўся ў панядзелак 28 лістапада ў судзе Першамайскага раёну Менску. Лойцы прызначылі чарговыя 15 содняў паводле артыкулу 19.1 («Дробнае хуліганства»). На мінулым судзе Наста распавядала пра катаванні. За апошнія тры месяцы Насту затрымлівалі і каралі арыштам некалькі разоў, але яна не збіралася з’язджаць з Беларусі. Усё пачалося з затрымання пасля суда над Марфай Рабковай.

29 лістапада — Міжнародны дзень жанчын-праваабаронцаў. Эксперты ААН выказваюць захапленне стойкасцю жанчын-праваабаронцаў і заклікаюць усе краіны афіцыйна прызнаць важнасць і законнасць іхнай дзейнасці, узяць на сябе абавязанні абараніць іх ад гвалту і пагрозаў. На сёння ў Беларусі 173 жанчыны-палітвязні, адна з іх — каардынатарка валанцёрскай службы «Вясны», праваабаронца Марфа Рабкова, якой сёлета ў верасні прысудзілі 15 гадоў калоніі.

Плакат з заклікам вызваліць праваабаронцу Марфу Рабкову, зняволеную на 15 гадоў. Фота з тэлеграм-каналу «Вясна / Правы чалавека ў Беларусі» / viasna96

Былога журналіста і тэлевядоўцу, які раней займаў пасаду ў «прэзідэнцкім пуле» тэлеканалу ОНТ, Дзмітрыя Семчанку прызналі палітычным вязнем. 15 верасня ён быў затрыманы разам з жонкай і атрымаў 15 содняў арышту паводле арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»). Пасля адбыцця пакарання не выйшаў на волю, супраць яго завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці і разладу»). У Беларусі прызналі палітычнымі вязнямі 1441 асобу.

Вярхоўны суд не задаволіў скаргаў абаронцаў фігурантаў у «справе змоўцаў». Ранейшы прысуд застаецца без зменаў. У «справе змоўцаў» сёлета ў верасні  Юрыя Зянковіча асудзілі на 11 гадоў пазбаўлення волі, Аляксандра Фядуту і Рыгора Кастусёва – на 10 гадоў пазбаўлення волі, а Дзянісу Краўчуку прысудзілі 2,5 года пазбаўлення волі. Гэтыя выракі засталіся. Яшчэ адна фігурантка справы, Вольга Галубовіч, атрымалі 2,5 года пазбаўлення волі, але яна не падавала скаргі ў Вярхоўны суд.

У Рэчыцы завялі крымінальную справу супраць 17-гадовага хлопца, які падпаліў сябе і праехаўся на ровары каля краязнаўчага музею. Маладзёна будуць судзіць паводле арт. 339 КК («Хуліганства»). Жыхар Рэчыцы апрануў на сябе некалькі куртак, абліўся бензінам, падпаліў сябе і праехаўся на ровары каля краязнаўчага музею. Відэа апублікавалі пазней у сеціве.

ГУБАЗіК затрымаў генеральнага дырэктара ТДА «Беллесвыраб» (ТМ «BELWOODDOORS») Віталя Васілевіча. Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў 29 лістапада відэа, у якім бізнесовец сказаў, што ўдзельнічаў у «несанкцыянаваным мітынгу» і «ствараў перашкоды руху транспарту». Сілавікі называюць яго «доларавым мільянерам» і вінавацяць у тым, што ён «не пусціў супрацоўнікаў міліцыі на абʼект прадпрыемства».

Жыхара Скідзеля Сяргея Бароўскага затрымалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сілавікі апублікавалі скрыншоты «забароненых» падпісак 34-гадовага мужчыны ў Telegram, сярод якіх, чамусьці, канал «Настоящего Времени», сацыяльныя сеткі якога не прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі».

Сілавікі затрымалі Максіма Пучынскага — намесніка дырэктара Менскага роварнага таварыства. Прычыны затрымання і што з ім цяпер пакуль невядомыя.

Суды неўзабаве атрымаюць на разгляд крымінальныя справы супраць Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі. Пра гэта заявіў старшыня Следчага камітэту Дзмітрый Гара. Адвакаты, якіх прызначылі на справы, знаёмяцца з матэрыяламі. Старшыня СК таксама заявіў, што чвэрць усіх крымінальных справаў, што завялі за «экстрэмізм», ужо адпраўленыя ў суды.

Беларускі свет
«Мы вас павесім і заб’ём, і нам за гэта нічога не будзе»
2022.11.29 18:10

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў