Расея страціла сем генералаў за месяц вайны. Падсумоўваем, што пра іх вядома


Паводле інфармацыі Збройных сілаў Украіны, на тэрыторыі краіны загінула каля 17 тыс. расейскіх жаўнераў. Расейскі бок прыводзіць значна меншыя лічбы – 1351 асоба. Але нават пры мінімальных падліках гэта велічэзныя страты, што не абмяжоўваюцца шараговымі жаўнерамі. Вялікія баявыя страты расейская армія зазнала і сярод найвышэйшага кіраўніцтва. Паводле ЗСУ, за месяц вайны ва Украіне былі забітыя сем расейскіх генералаў. Для параўнання, у Афганістане за дзесяць гадоў вайны СССР страціў пяць генералаў, і толькі тры з іх памерлі ў выніку баявых дзеянняў. Падсумоўваем, кім былі гэтыя людзі і як яны загінулі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія вайскоўцы-палонныя падчас прэс-канферэнцыі ў медыя-цэнтры ў Кіеве, Украіна. 14 сакавіка 2022 года.
Фота: Raphael Lafargue / ABACAPRESS.COM / East News

Магамед Тушаеў, генерал-маёр, камандзір 141-га матарызаванага палка кадыраўскіх аддзелаў

Сваю пасаду займаў з 2017 года, дагэтуль служыў у АМАПе.

Узнагароджаны медалём «За адвагу», ордэнам Мужнасці , ордэнам імя Ахмата Кадырава, медалём ордэна «За заслугі перад Айчынай» 2-й ступені.

Інфармацыя пра тое, калі Тушаеў атрымаў званне генерал-маёра, адсутнічае.

Магамед Тушаеў злева. Крыніца: pravda.com.ua

Паводле Міністэрства абароны Украіны, забіты 26 лютага 2022 года артылерыйскім агнём у ваколіцах Гастомэлю. Расейскае кіраўніцтва не пацвердзіла смерці Тушаева.

Андрэй Сухавецкі, гвардыі генерал-маёр, намеснік камандуючага 41-й агульнавайсковай арміяй Цэнтральнай вайсковай акругі

Скончыў Разанскую вышэйшую паветрана-дэсантную вучэльню (1995 год), Ваенную акадэмія імя Фрунзе (2009 год) і Ваенную акадэмія Генеральнага штабу Узброеных сілаў РФ (2018 год).

Быў камандзірам 217-га гвардзейскага парашутна-дэсантнага палка (2013–2014 гады) і 7-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі (2019–2021 гады), намеснікам камандуючага 41-й агульнавайсковай арміяй Цэнтральнай ваеннай акругі (2021–2022 гады).

Браў удзел у баявых дзеяннях у Абхазіі, у ваенных аперацыях на Паўночным Каўказе, у вайне ў Паўднёвай Асеціі ў 2008 годзе, у расейскай акупацыі Крыму і ў ваеннай аперацыі Расеі ў Сірыі.

Узнагароджаны двума ордэнамі Мужнасці, ордэнам «За ваенныя заслугі», медалямі «За адвагу» і «За вяртанне Крыму».

Андрэй Сухавецкі.
Фота: desantura.ru

Званне генерал-маёра атрымаў 10 снежня 2020 года.

Забіты 28 лютага 2022 года пад Марыупалем або пад Гастомэлем. 4 сакавіка 2022 года смерць Сухавецкага пацвердзіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

Віталій Герасімаў, генерал-маёр, начальнік штабу – першы намеснік камандуючага 41-й агульнавайсковай арміяй Цэнтральнай вайсковай акругі.

Скончыў Казанскі філіял Чэлябінскай вышэйшай танкавай вучэльні імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка (1999 год), Агульнавайсковую акадэмія Узброеных сілаў РФ (2005–2007 гады, слухач), Вайсковую акадэмію Генеральнага штабу Узброеных сілаў РФ (2017–2019 гады, слухач).

Быў камандзірам танкавага ўзводу, танкавай роты і начальнікам штабу вучэбнага танкавага батальёну ў Паўночна-Каўказскай і Далёкаўсходняй вайсковых акругах (1999–2005 гады), мотастралковага батальёну ў Паўночна-Каўказскай вайсковай акрузе (2007–2010 гады), начальнікам штабу – намеснікам камандзіра 74-й асобнай гвардзейскай мотастралковай Звенігародска-Берлінскай брыгады (2010–2013 гады), камандзірам 15-й асобнай мотастралковай брыгады 2-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі Цэнтральнай вайсковай акругі (2013–2014 гады), 90-й гвардзейскай танкавай Віцебска-Наўгародскай дывізіі (2019–2020 гады) і начальнікам штабу – першым намеснікам камандуючага 41-й агульнавайсковай арміяй Цэнтральнай вайсковай акругі (2020–2022 гады).

Удзельнічаў у Другой чачэнскай вайне, у расейскай акупацыі Крыму і ваеннай аперацыі Расеі ў Сірыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы побач гораду Ірпінь, Украіна.
Фота: Dimitar DILKOFF / AFP / East News

Узнагароджаны ордэнам «За заслугі перад Айчынай» 4-й ступені, ордэнам Мужнасці, ордэнам «За ваенныя заслугі», медалём ордэна «За заслугі перад Айчынай» 2-й ступені, медалём «За воінскую доблесць», медалямі «За адзнаку ў вайсковай службе» 1-й, 2-й і 3-й ступеняў, «За вяртанне Крыму» і «Удзельніку ваеннай аперацыі ў Сірыі».

Званне генерал-маёра атрымаў 11 чэрвеня 2016 года.

Паводле Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны, забіты 7 сакавіка 2022 года ў баях пад Харкавам. Расейскае кіраўніцтва не пацвердзіла смерці Герасімава.

Андрэй Калеснікаў, генерал-маёр, камандуючы 29-й агульнавайсковай арміяй Усходняй вайсковай акругі

Скончыў Казанскі філіял Чэлябінскага танкавага інстытуту (1999 год), Агульнавайсковую акадэмію Узброеных сілаў РФ (2008 год), Вайсковую акадэмію Генеральнага штабу УС РФ (2020 год).

Быў камандуючым 4-й гвардзейскай танкавай дывізіі (2015–2018 гады), начальнікам штабу 1-й гвардзейскай танкавай арміі Заходняй вайсковай акругі (2020–2021 гады), камандуючым 29-й агульнавайсковай арміяй Усходняй вайсковай акругі.

Андрэй Калеснікаў.
Фота: Агульнавайсковае аб’яднанне Усходняй ваеннай акругі Забайкальскага краю / chita.ru

Званне генерал-маёра атрымаў у снежні 2017 года.

Паводле ЗСУ, забіты 11 сакавіка 2022 года. Расейскае кіраўніцтва не пацвердзіла смерці Калеснікава.

Алег Міцяеў, генерал-маёр, камандзір 150-й мотастралковай дывізіі

Скончыў Сувораўскую вайсковую вучэльню (1991 год), Омскую вышэйшую агульнавайсковую вучэльню імя Фрунзе (1995 год), Ваенную акадэмію імя Фрунзе (2009 год), Вайсковую акадэмію Генеральнага штабу УС РФ.

Быў камандзірам 11-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады (2013–2015 гады), 1-й гвардзейскай мотастралковай Славянскай брыгады (2015–2016 гады), 201-й Гатчынскай вайсковай базы (2016–2017 гады), 150-й мотастралковай дывізіі.

Удзельнічаў у ваеннай аперацыі Расеі ў Сірыі.

У сваім канале «Азоў» апублікаваў гэты здымак Алега Міцяева. Верагодна, што гэта сапраўды можа быць цела расейскага вайскоўца пасля яго смерці. Аднак ва ўмовах вайны гэту інфармацыю цяжка пацвердзіць Крыніца: АЗОВ – Маріуполь / Telegram

Узнагароджаны ордэнам Мужнасці, медалямі ордэна «За заслугі перад Айчынай» 1-й і 2-й ступеняў, медалём Жукава і медалём Суворава.

Званне генерал-маёра атрымаў 11 чэрвеня 2016 года.

Паводле палка «Азоў», забіты 15 сакавіка пад Марыупалем. Расейскае кіраўніцтва не пацвердзіла смерці Міцяева.

Андрэй Мордвічаў, генерал-лейтэнант, камандуючы 41-й гвардзейскай агульнавайсковай арміяй Паўднёвай вайсковай акругі.

Быў начальнікам Паўднёва-Сахалінскага гарнізону (2017 год), камандзірам 68-га армейскага корпусу (2017 год), першым намеснікам камандуючага і начальнікам штабу 41-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі Цэнтральнай вайсковай акругі РФ (2018–2021 гады), камандуючым 8-й агульнавайсковай арміяй Паўднёвай вайсковай акругі (2021–2022 гады).

Андрэй Мордвічаў.
Фота: Laski Diffusion / East News

Узнагароджаны медалём Суворава, ордэнам «За ваенныя заслугі» 2-й ступені.

Паводле ЗСУ, забіты 18 сакавіка 2022 года на аэрадроме ў Чарнабаеўцы. Расейскае кіраўніцтва не пацвердзіла смерці Мордвічава.

Якаў Разанцаў, генерал-лейтэнант, камандуючы 49-й агульнавайсковай арміяй Паўднёвай вайсковай акругі.

Скончыў Далёкаўсходнюю вышэйшую агульнавайсковую вучэльню імя Ракасоўскага (1994 год), Агульнавайсковую акадэмію Узброеных сілаў РФ (2002 год), Вайсковую акадэмію Генеральнага штабу Узброеных сілаў РФ (2008 год).

Быў камандзірам 57-й асобнай гвардзейскай мотастралковай Краснаградскай брыгады (2010–2011 гады), 7-й Краснаградскай вайсковай базы (2011–2013 гады), начальнікам штабу 20-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі Заходняй вайсковай акругі (2013–2016 гады), камандуючым 41-й агульнавайсковай арміяй Цэнтральнай вайсковай акругі (2018–2020 гады), 49-й агульнавайсковай арміяй Паўднёвай вайсковай акругі (2020–2022 гады).

Прысутнічаў у складзе расейскага кантынгенту ў Абхазіі, браў удзел у ваеннай аперацыі Расеі ў Сірыі.

Якаў Разанцаў.
Фота: Dmitry Akhmadullin / TASS / Forum

Узнагароджаны ордэнам «За ваенныя заслугі», ордэнам «За заслугі перад Айчынай» 4-й ступені, ордэнам Аляксандра Неўскага, медалём Суворава, медалём «Удзельніку ваеннай аперацыі ў Сірыі», ордэнам Мужнасці (Абхазія), медалём «За воінскую доблесць» (Абхазія), медалём «За баявую садружнасць» (Абхазія).

Званне генерал-лейтэнанта атрымаў у 2021 годзе.

Паводле ЗСУ, забіты 24 сакавіка 2022 года ў Чарнабаеўцы. Расейскае кіраўніцтва не пацвердзіла смерці Разанцава.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў