Ці выдасць Украіна беларусам «пашпарты неграмадзянаў»?


Указ Аляксандра Лукашэнкі «Аб парадку выдачы дакументаў і ажыццяўлення дзеянняў» ад 5 верасня 2023 года яшчэ больш пагоршыў стан грамадзянаў Беларусі, якія пражываюць ва Украіне. Дакумент забараняе беларускім грамадзянам, якія часова эмігравалі, замяняць пашпарты ў пасольствах і консульствах Беларусі. Людзі не ведаюць, куды ім звяртацца, калі іхны лёс не цікавіць улады ніводнае краіны, і тады яны звяртаюцца да святароў. Былы капелан Сяргей Горбік, які цяпер служыць у Львове, кажа, што апошнім часам такіх просьбаў стала вельмі шмат. Пагаварылі з ім пра сітуацыю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пашпарт грамадзяніна і неграмадзяна Латвіі.
Фота: Aleksandra Jolkina / routedmagazine.com

– Беларусаў ва Украіне тысячы – і далёка не ўсе ратаваліся ад рэпрэсіяў. Як здарылася, што яны таксама апынуліся ў такой жа сітуацыі, як і тыя, хто не можа з прычыны пераследу вярнуцца дадому?

– Так, беларусаў тысячы, а толькі ў нямногіх няма праблемаў з пашпартам або побытам на тэрыторыі Украіны. Раней было такое, што людзі яшчэ маглі звяртацца ў пасольства, прычым не самі асабіста, а праз адваката. Напрыклад, нехта казаў, маўляў, сам не магу прыйсці, бо хворы ці яшчэ нешта, таму перадайце дакумент майму адвакату. Маўляў, у мяне з ім пагадненне падпісанае менавіта для гэтай працэдуры. А потым пачалося поўнамаштабнае ўварванне і пасольства ўвогуле закрылі. Міністэрства замежных справаў Беларусі не дало ніякай іншай амбасадзе паўнамоцтваў прадстаўляць сваю краіну. Расейскае пасольства таксама закрытае, але грамадзяне Расеі могуць звяртацца па дапамогу ў амбасады Арменіі або Сербіі. І толькі Беларусь нікому не дала такіх паўнамоцтваў для сваіх суграмадзянаў.

– Указ нядаўна быў падпісаны, а праблемы, значыць, пачаліся яшчэ раней?

– У кагосьці скончыўся тэрмін пашпарта, у кагосьці нарадзілася дзіця, камусьці трэба рабіць пашпарты дзецям, у кагосьці старонкі ў пашпарце скончыліся, а хтосьці і страціў пашпарт ці ён сапсаваўся чымсьці. Разумееце? Бо ідзе вайна. Увесь усход Украіны разбураны. Людзі беглі, у чым былі. Праблемаў вельмі шмат.

– Але чалавек, які не ўдзельнічаў у народных пратэстах, зусім цяпер пазбаўлены такой магчымасці?

– Цяпер такая сітуацыя, што любы, хто жыве ва Украіне, сёння на мяжы будзе разглядацца як удзельнік вайны. Мы ўжо чулі пра праблемы на мяжы, і людзі апасаюцца ехаць. Але нават калі нехта і захоча паехаць, то ён не можа гэтага зрабіць. Мяжа зачыненая. А праз Польшчу таксама не можа, бо яму візы не паставяць у пратэрмінаваны пашпарт. Вось канкрэтны прыклад. Адна мая знаёмая вучылася ў Менску ў тэхналагічным інстытуце. Яна пабралася шлюбам з украінцам, які прыехаў туды вучыцца. Выехала яна ва Украіну яшчэ напрыканцы 80-х. У іх нарадзіліся дзеці. Ёй цяпер больш за 50 гадоў і яна мусіць памяняць пашпарт. Але яна не можа выехаць у Беларусь. Ёй Польшча не ставіць візы, бо пашпарт неправадзейны. Атрымліваецца, што ў цяперашніх палітычных умовах яна не можа прыехаць у Беларусь. Яна можа жыць ва Украіне, таму што замужам за грамадзянінам Украіны і мае пасведчанне. Яна нават не можа атрымаць украінскага грамадзянства. Бо яшчэ раней паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай было падпісанае пагадненне, згодна з якім грамадзяне Беларусі могуць атрымаць украінскае грамадзянства толькі з пашпартам серыі РР.

– А якая сітуацыя ў тых беларусаў, якія прыехалі ваяваць?

– Многія з іх прыехалі ў 2014 годзе. У 2015-м пайшлі на кантракт з ЗСУ. Яны пражылі на тэрыторыі Украіны больш за тры гады і мелі пасведчанне на пражыванне, але не хацелі атрымліваць украінскага грамадзянства. Іхныя беларускія пашпарты таксама цяпер страцілі сваю сілу. І яны, нават ваюючы за Украіну, не могуць выехаць за межы яе тэрыторыі. Такіх насамрэч вельмі шмат.

– Ва Украіне шмат змяшаных шлюбаў, гэты ўказ іх таксама наўпрост закрануў?

– Атрымліваецца, што закрануў. Палессе, Берасцейская вобласць тая ж. Тамака вельмі шмат міждзяржаўных шлюбаў. І цяпер гэтыя сем’і страцілі магчымасць рэгістраваць народжаных дзяцей. Яны страцілі магчымасць выехаць некуды за мяжу.

– Ці можа залагодзіць гэтую сітуацыю від на жыхарства ва Украіне?

– А гэта – самае балючае пытанне. Да мяне як да капелана звярталіся людзі і мы нават пісалі петыцыю, каб дазволілі даваць украінскае грамадзянства без гэтых пашпартоў серыі РР. Але Украіна не пайшла на гэта. Трохі лепшая сітуацыя ў тых, хто заключыў кантракт з ЗСУ. Калі яны праслужылі не менш за тры гады, то яны могуць атрымаць часовы пашпарт. За пэўны тэрмін яны мусяць адмовіцца ад грамадзянства Рэспублікі Беларусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yurii Rylchuk / Zuma Press / Forum

– А як жа гэта зрабіць, калі пасольства закрытае?

– У гэтым цяпер і праблема. Раней яны маглі гэта рабіць. Дастаткова было заплаціць нейкую суму грошай паводле гэтай працэдуры, і ўсё. А цяпер атрымаць пашпарт серыі РР ім няма дзе і прыехаць у Беларусь яны таксама не могуць, бо іх арыштуюць проста на мяжы. Дый нават калі б чалавек і захацеў рызыкнуць, ён жа ўсё роўна не можа выехаць за межы Украіны.

– Якое можа быць выйсце?

– Па-першае, было б добра давесці да канца гэтую ідэю з новым пашпартам для грамадзянаў Беларусі, якія апынуліся за мяжой. Па-другое, неяк паўплываць на Украіну, каб яна стала выдаваць беларусам пашпарты, як Польшча, напрыклад, ці іншыя краіны – пашпарты неграмадзянаў. Гэта быў бы паўнавартасны праезны дакумент. Па-трэцяе, было б добра, калі б ва Украіне пачалі выдаваць пашпарты ААН. Хаця я і разумею, што гэта, хутчэй за ўсё, зрабіць будзе нерэальна.

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў