Франак Вячорка распавёў пра магчымую сустрэчу Святланы Ціханоўскай «з кіраўнікамі Украіны»


Франак Вячорка заявіў у эфіры «Белсату», што на наступным тыдні Святлана Ціханоўская прыме ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, дзе магчымая сустрэча з сусветнымі лідарамі, у тым ліку з украінскім кіраўніцтвам.

Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай канстатаваў, што падтрымка Аляксандрам Лукашэнкам агрэсіўных дзеянняў Расеі супраць Украіны можа адбіцца на стаўленні ўкраінцаў да беларускіх грамадзянаў. «Трэба быць да гэтага гатовымі. Мы камунікуем з Украінай, каб Украіна зразумела нашу сітуацыю і вельмі выразна падзяляла дзеянні рэжыму Лукашэнкі і простых беларускіх людзей».

Адказваючы на пытанне, ці можа ва ўмовах цяперашняй эскалацыі адбыцца сустрэча Святланы Ціханоўскай з кіраўніцтвам Украіны, Вячорка адзначыў:

«У чацвер пачнецца гістарычная падзея – Мюнхенская канферэнцыя, з удзелам у тым ліку Святланы Ціханоўскай. Упершыню прадстаўнік Беларусі будзе на такім высокім узроўні. Там магчымая сустрэча з сусветнымі лідарамі. Там магчымая сустрэча з кіраўнікамі Украіны.

На жаль, не магу адкрываць усіх драбніц. Але гэта вялікі шанец падняць пытанне Беларусі, каб Беларусь не гублялася ў міжнародным парадку дня. Таму што наша незалежнасць таксама пад пагрозай і мы пра гэта гаворым. Але і нагадваем, як гэта пачалося – з таго, што Лукашэнка скраў выбары. Нам вельмі важна, каб Украіна нас падтрымала, але і Украіна чакае, што мы іх будзем падтрымліваць».

Вячорка дадаў, што ў Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў тым ліку будзе прымаць удзел прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Старэйшы дарадца Ціханоўскай прызнае, што ў апошнія некалькі дзён абмежаванні на ўезд беларусаў ва Украіну сталі маштабнай з’явай і закранулі тысячы людзей.

«Насамрэч затрымана і не дапушчана ва Украіну некалькі тысяч чалавек. Сярод іх і вядомыя людзі і невядомыя. Гэта і тыя, хто ехаў па сямейных справах, і бізнесу, і палітычных матывах», – адзначыў ён. У звязку з гэтым Офіс Святланы Ціханоўскай цяпер не рэкамендуе беларусам падарожнічаць ва Украіну.

Вячорка кажа, што пагроза вайны павялічваецца і да гэтага сцэнара беларусам трэба быць гатовымі. «Мы зараз ацэньваем, што больш за 100 тысяч чалавек (грамадзянаў Беларусі – заўв. belsat.eu) знаходзяцца на тэрыторыі Украіны. Ёсць верагоднасць, што нам прыйдзецца працаваць над іх эвакуацыяй у выпадку неспрыяльнага развіцця сітуацыі», – адзначыў ён.

«Мы раім усім, хто зараз ва Украіне, шукаць магчымасці атрымаць шэнгенскія візы (Польшча, Літва, Латвія актыўна дапамагаюць гэтым, іхныя амбасады адкрытыя для беларусаў) і разгледзіць магчымасць часова выехаць з тэрыторыі Украіны дзеля вашай бяспекі. Мы вялі кансультацыі з Літвой і Польшчай, яны гатовыя прымаць беларусаў у рэгулярным парадку. Але лепей рабіць гэта зараз, не чакаць калі будзе эскалацыя».

Абноўлена
Гурт J:МОРС не пусцілі ва Украіну
2022.02.13 19:14

Нагадаем, на фоне эскалацыі вайскова-палітычнага напружання ў рэгіёне ў грамадзянаў Беларусі на гэтым тыдні пачалі ўзнікаць праблемы з уездам ва Украіну. Напрыклад, 12 лютага адмову ва ўездзе ва Украіну атрымаў беларускі журналіст і аўтар Youtube-каналу «Жизнь-малина» Мікіта Мелказёраў. Паводле неафіцыйных звестак, дзяржаўная памежная служба Украіны вырашыла часова не пускаць ва Украіну ўсіх мужчын прызыўнога ўзросту з беларускім грамадзянствам.

РР belsat.eu

Стужка навінаў