Пуцін зноў трасе ядравай зброяй і дапускае адкліканне ратыфікацыі дамовы аб забароне ядравых выпрабаванняў


Уладзімір Пуцін дапусціў магчымасць адклікання Расеяй ратыфікацыі Дамовы аб усеахопнай забароне ядравых выпрабаванняў (ДУЗЯВ), а таксама заявіў пра паспяховае выпрабаванне міжкантынентальнай ракеты з ядравай устаноўкай «Буравеснік».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Уніан

Выступаючы на пленарнай сесіі штогадовага пасяджэння дыскусійнага клуба «Валдай», Уладзімір Пуцін сказаў, што Расея можа адклікаць ратыфікацыю Дамовы аб усеахопнай забароне ядравых выпрабаванняў, паколькі Злучаныя Штаты Амерыкі не ратыфікавалі яе.

«Павесці сябе люстэркава ў адносінах са Злучанымі Штатамі, калі яны падпісалі, але не ратыфікавалі [ДУЗЯВ], а мы падпісалі і ратыфікавалі яе, у прынцыпе, можна. Але гэта пытанне дэпутатаў Дзярждумы. Тэарэтычна можна адклікаць ратыфікацыю. Калі мы гэта зробім, гэтага будзе цалкам дастаткова», – сказаў Пуцін.

Дамова аб усеахопнай забароне ядравых выпрабаванняў была прынятая ў 1996 годзе, паводле яе забаронена праводзіць выпрабавальныя выбухі ядравых зарадаў, а таксама ядравыя выбухі ў мірных мэтах, як у космасе, так і пад вадой.

Таксама падчас свайго выступлення Уладзімір Пуцін паведаміў, што Расея паспяхова правяла выпрабаванні міжкантынентальнай крылатай ракеты глабальнай дальнасці з ядравай энергетычнай устаноўкай «Буравеснік».

«Праведзенае апошняе паспяховае выпрабаванне «Буравесніка» – крылатай ракеты глабальнай далёкасці з ядравай устаноўкай, рухальнай ядзернай устаноўкай», – зазначыў прэзідэнт РФ.

Акрамя таго, амаль што скончаны працы над сверхцяжкай ракетай «Сармат». «Пытанне ў тым, што нам трэба ўжо чыста адміністрацыйна-бюракратычна скончыць некаторыя працэдуры», – падкрэсліў расейскі прэзідэнт.

Трэба адзначыць, што «Буравеснік» – гэта адна з найноўшых сістэм узбраення, міжкантынентальная крылатая ракета, якая нібыта не мае абмежавання па далёкасяжнасці, з ядравай энергетычнай устаноўкай. Гэтая ракета здольная несці ядравую боегалоўку і, як сцвярджаюць расейскія вайскоўцы, амаль што недасягальная для існуючых сістэм СПА.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў