Уладзімір Зяленскі заявіў пра вызваленне трох населеных пунктаў


Пра вызваленне 4 верасня трох населеных пунктаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў у сваім вечаровым звароце.

«Хачу падзякаваць сёння байцам 63-га батальёна 103-й брыгады тэраабароны, якія забяспечылі вынік у Данецкай вобласці – вызвалены населены пункт.

54-я брыгада на напрамку Лісічанск-Северск таксама зрабіла добрыя крокі, прасунулася наперад, заняла пэўныя вышыні.

Хачу адзначыць таксама 42-гі асобны мотапяхотны батальён – дзякуючы яго гераічным дзеянням вызвалены два населеныя пункты на поўдні нашай дзяржавы», – сказаў Зяленскі.

Зяленскі не назваў населеныя пункты, якія былі вызваленыя ЗСУ 4 верасня. Але раней медыі паведамлялі пра вызваленне сяла Азёрнае ў Данецкай вобласці, сяла Благадатаўка і пасёлку гарадскога тыпу Высакаполле (да вайны там пражывала 4 тысячы чалавек) Херсонскай вобласці.

Кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак апублікаваў у сваім тэлеграм-канале фота ўстаноўкі ўкраінскага флага на будынку пасялковай лякарні Высокаполля.

Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін) прызнаў страту расейскім войскам Высакаполля, назваўшы гэта «адчувальнай тактычнай няўдачай». Таксама ён пацвердзіў здачу Благадатаўкі.

Уладзімір Зяленскі ў сваім звароце таксама заявіў, што ўкраінскі сцяг вернецца і ў акупаваны Крым.

«Я веру, што ўкраінскі сцяг і вольнае жыццё зноў вернуцца ў Крым. Мы вызвалім усю нашу зямлю, усіх нашых людзей.

Збройныя сілы Украіны, наша разведка, спецыяльныя службы ўжо робяць неабходныя крокі для гэтага. Гэтыя крокі можна пачуць. І ўсе бачаць – акупанты ўжо пачалі бегчы з Крыма. Гэта правільны выбар для іх усіх», – рэзюмаваў ён.

Аналітыка
Чаму ЗСУ наносіць удары па Крыме і чаго чакаць далей?
2022.08.19 19:53

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў