«Працаўнікам калоніі забаронена хадзіць у рэстараны». Жыхар Наваполацку – пра рэпрэсіі і ўцёкі з радзімы


35-гадовы Арцём Баўцёнак да вясны 2024 года жыў у Наваполацку, развіваў свой бізнес – працаваў масажыстам, не збіраўся з’язджаць. Але 8 студзеня мужчыну выклікалі ў РАУС, адкуль ён выйшаў толькі праз 15 содняў. Калі вызвалялі – папярэдзілі: як толькі атрымаеш позву на адрас рэгістрацыі, адразу прыходзь. Арцём не стаў чакаць і з’ехаў у Грузію, дзе цяпер спрабуе развіваць сваю справу, на што просіць дапамогі ў зборы на «BYSOL». У размове з намі мужчына апавёў, як выглядае жыццё ў Наваполацку ў 2024 годзе і як хаваюць інфармацыю пра палітвязняў з мясцовай калоніі.

Арцём Баўцёнак.
Фота: асабісты архіў Арцёма Баўцёнка

Кітайскі софт шукае падпісальнікаў на «экстрэмісцкія» рэсурсы?

Затрыманне сталася для Арцёма нечаканасцю. Кажа, што апошнім часам не праяўляў нейкай асаблівай грамадскай актыўнасці: жыў сваім жыццём, працаваў. Аднак у пачатку студзеня яму патэлефанавалі:

«У мяне былі дзве сім-карты, адной з іх я не карыстаўся, яе нумару ніхто не ведаў. І калі мне пачалі тэлефанаваць у тым ліку на яе, а адразу западозрыў, што гэта з органаў, – апавядае суразмоўца. – Я патэлефанаваў знаёмаму адвакату, той паведаміў, што цяпер у горадзе ідзе хапун».

Арцём ператэлефанаваў следчаму і сказаў, што не ў горадзе, у адказ атрымаў запрашэнне на панядзелак (званок быў напярэдадні выходных):

«Адвакат мне сказаў, што найлепшым выйсцем будзе набыць новы тэлефон, падрыхтаваць яго за два дні і ісці ў РАУС. Хутчэй за ўсё, мне дадуць содні. Вядома, я мог адразу з’ехаць, але ў мяне пашпарту заставалася 4 месяцы, і я разумеў, што потым у выніку будуць праблемы. Таму я зрабіў так, як раіў адвакат, цёпла апрануўся і пайшоў «здавацца».

На допыце мужчына даведаўся, што яго абвінавачваюць у падпісанні на «экстрэмісцкія» медыі: «Белсат», «Нашу Ніву», «Зеркало» ды іншыя.

«Як мне тлумачылі, у іх цяпер усё аўтаматызаванае, кітайскі софт аўтаматычна маніторыць падпісальнікаў, робіць скрыншот. Напрыклад, са мною сядзеў мужчына, якога арыштавалі за адзін лайк у «Одноклассниках», пастаўлены 4 гады таму. У яго быў даўно закінуты акаўнт з 5 падпісальнікамі, але гэты кітайскі софт знайшоў», – згадвае Арцём.

«Ноўтбук на каленях, бачыў толькі макушку жанчыны, якая называла сябе суддзёю»

Да суда Арцём сядзеў у спецыяльных камерах для палітычных у Наваполацкім РАУСе:

«У іх там ёсць штосьці накшталт ЦІПу, раней туды адпраўлялі розных алкаголікаў, але цяпер зрабілі камеры для палітычных – адну жаночую і некалькі мужчынскіх. Вось у адну з іх мяне і кінулі. Працэдура была стандартная: распранулі, даглядзелі. Шмат пытанняў выклікала маё тату з элементам беларускага арнаменту чырвонага колеру, але ў выніку яны пастанавілі, што яно дазволенае».

У камеры на траіх было шасцёра, усе паводле ч. 2 арт. 19.11 і арт. 24.3 КаАП РБ: непадпарадкаванне давалі, калі чалавек не прыходзіў сам паводле позвы і па яго прыязджалі. Суд над Арцёмам праходзіў праз скайп:

«На каленях у мяне быў ноўтбук, і я бачыў толькі макушку жанчыны, якая называла сябе суддзёю. 10-15 хвілінаў – і 13 содняў арышту».

Арцём Баўцёнак.
Фота: асабісты архіў Арцёма Баўцёнка

Умовы ў камеры ў ІЧУ былі стандартныя для палітычных: без матрацаў, бялізны, спалі на падлозе, бо на ложках на голых кратках было немагчыма ляжаць, правяранні кожныя тры гадзіны, у тым ліку ўначы, перадачаў не было.

«Яны іх бралі ў сваякоў, але да вязняў перадачы не даходзілі. А мясцовае харчаванне было жахлівае: усе схуднелі, хваробы абвастрыліся», – зазначае Арцём.

Паводле мужчыны, трэба было ўважліва сачыць за тым, што кажаш у камеры, бо ўсё запісвалася:

«Ахоўнікі – маладыя хлопцы – самыя папярэджвалі нас, што ідзе кругладзённы відэа- і аўдыязапіс».

Працаваў кухарам, пасля звальнення пайшоў у масажысты

Арцём цягам усіх 13 содняў баяўся, што па яго прыйдуць, павядуць на новы допыт і дадуць яшчэ адзін тэрмін:

«Гэта было звычайнаю справаю. З намі быў Аляксандр, стачкамавец «Нафтану». Калі прывялі, ён ужо 45 содняў сядзеў. Яго забіралі з працы з аўтаматамі. У ІЧУ перазатрымлівалі 4 разы, ён адседзеў 60 содняў».

Пасля вызвалення Арцём прыйшоў па тэлефон, яму сказалі, каб заставаўся на адрасе рэгістрацыі і, атрымаўшы позву, адразу прыйшоў у РАУС. Мужчына пастанавіў з’язджаць:

«Выбраў Грузію, бо так хутчэй і танней, чымся ў Польшчу. Памяняў пашпарт, сабраў усе патрэбныя дакументы, прадаў лішнія рэчы, зрабіў на брата генеральную даверанасць і паехаў. Баяўся, што буду ў спісе невыезных, але мяжу прайшоў спакойна. У Грузіі быў 11 красавіка».

Арцём паехаў у Батумі, дзе жывуць ягоныя знаёмыя, якія дапамаглі з жытлом і пазычылі грошай на першы час. Мужчына працягнуў занятак, які ў яго быў у Беларусі, працу масажыстам.

«Я тры гады адпрацаваў масажыстам у Наваполацку. Пайшоў у гэтую сферу адразу пасля таго, як мяне звольнілі з Лядовага палацу ў 2020-м», – кажа суразмоўца.

У Лядовым палацы Арцём працаваў кухарам. Пасля выбараў 2020 года працаўнікам прапанавалі падпісаць дадатак да кантракту, які абавязваў рабіць усё, што загадае кіраўніцтва, у тым ліку браць удзел у мітынгах на падтрыманне Лукашэнкі. Усіх, хто не падпісаў, звольнілі, кажа Арцём. Некаторыя пайшлі самі. Хто падпісаў, застаўся працаваць.

«Я прачытаў гэты дадатак і адразу сказаў, што падпісваць не буду», – кажа мужчына.

У міліцыі – шмат вакансіяў

Арцём добра памятае дзень выбараў 9 жніўня 2020 года ў Наваполацку. Ён тады дапазна быў на працы, бо трэба было забяспечваць дзейнасць буфету: у Лядовым палацы размяшчаўся ўчастак для галасавання.

«Усё начальства было ў камісіі, і я памятаю, што ўсе былі ў жудасным стрэсе, бо бачылі, як большасць людзей прыходзіла з белымі стужкамі. Я сказаў бы, што камісія была ў паніцы. Я адыходзіў дадому а 23-й гадзіне, яны яшчэ былі на месцах. Выглядала, нібы баяліся выходзіць», – прыгадвае мужчына.

Падчас паслявыбарчых падзеяў Наваполацк адзначыўся тым, што ў мясцовы РАУС прыехаў полацкі АМАП – біць затрыманых, адзначае Арцём. Аднак начальнік РАУСу не пусціў іх, пасля чаго яго адправілі на пенсію. У Полацку неўзабаве застрэліўся начальнік мясцовага РАУСу.

«Агулам шмат міліцыянтаў тады сышло. Дасюль у Наваполацку ў міліцыі – шмат вакансіяў, шмат якіх аддзелаў проста няма. У выніку полацкія ездзяць на вахту, напрыклад, у Глыбокае на дзень-два, бо няма міліцыі», – кажа суразмоўца.

Арцём Баўцёнак.
Фота: асабісты архіў Арцёма Баўцёнка

Паводле Арцёма, агулам жыццё ў Наваполацку стала вельмі беднае, сярод установаў і прадпрыемстваў – шмат банкрутаў:

«Наваполацк заўсёды быў багатым горадам. Цяпер універсітэт абвясціў сябе банкрутам, «Наваполацкжалезабетон» таксама, полацкая малочка ўжо другі раз абвясціла сябе банкрутам. «Нафтан» працуе на 40 % магутнасці. Вялізная нястача людзей, бо працаўнікоў з палітычнымі артыкуламі на дзяржаўныя прадпрыемствы не бяруць. У Наваполацку ніколі не было вакансіяў, наадварот, былі чэргі на працоўныя месцы, а цяпер шмат вакансіяў. Пры гэтым людзі фактычна ёсць, але іх не бяруць, бо яны адсядзелі за палітыку. Нібыта чакаюць, што індусы з кітайцамі прыедуць».

Горад пусцее

Горад пусцее, кажа Арцём:

«Заходзіш у гандлёвы цэнтр – палова ралетаў зачыненая, у палове – распродаж. Кавярні, рэстараны закрываюцца. Моцная розніца з 2020 годам. Заробкі ўпалі, людзей стала менш – шмат з’ехала. Сярэднія заробкі ў горадзе – 600-700 рублёў. На іх не пражывеш. І шмат кантролю ад падатковай і іншага падобнага».

З 1 студзеня 2024 года Арцёму стала складаней працаваць, бо ад масажыстаў пачалі патрабаваць медычную адукацыю, ліцэнзію, асобнае памяшканне з санітарнымі нормамі:

«Умовы такія, што ты не здолееш працаваць у плюс, выконваючы гэтыя патрабаванні. Хтосьці перастаў працаваць, хтосьці стаў працаваць падпольна, не плаціць падаткаў, бо гэта нерэальна – за ўсё заплаціць і яшчэ адукацыю атрымаць, – кажа мужчына. – Паспяховы багаты горад бяднее на вачах. У мяне знаёмая працуе ва ўніверсітэце інжынерам, атрымала заробак апошні – 550 рублёў, бо ўніверсітэт – банкрут. Такія ж заробкі ў дворніка ва ўніверсітэце».

З Наваполацку, як і з іншых беларускіх гарадоў, з’язджае шмат людзей. Не ўсе, аднак, могуць, шмат каго трымаюць крэдыты на жытло.

«Гэта датычыць у тым ліку міліцыянтаў. Я размаўляў з некаторымі, яны казалі, што прывязаныя да крэдытаў, – кажа Арцём. – Насамрэч нават там ідэйных дурняў мала. Пераважна людзі ці захраслі ў крэдытах, ці лічаць сябе самымі разумнымі, што ўсіх змогуць перайграць, а ў выпадку чаго з’едуць у Расею і там уладкуюцца. Нібыта іх там чакаюць. Тыя, хто болей скраў, думаюць пра Турцыю».

Як хаваюць інфармацыю пра палітвязняў наваполацкай калоніі?

У горадзе – атмасфера страху і недаверу. Людзі баяцца выказваць свае думкі.

«Я бачыў у РАУСе спіс са 180 прозвішчаў тых, што адсядзелі з пачатку года. Гэта 4 камеры на 5-6 чалавек, і яшчэ адпраўляюць у Віцебск. Затрымліваюць штодня. Дый агулам у горадзе шмат людзей, якія ўжо адсядзелі», – кажа Арцём.

Жыхары Наваполацку перажываюць за палітычных вязняў, якія ўтрымліваюцца ў мясцовай калоніі, зазначае суразмоўца:

«Інфармацыі пра іх амаль няма, аднак людзі ведаюць, якія там умовы і што там адбываецца, таму хвалююцца».

Адміністрацыя калоніі, у сваю чаргу, робіць усё, каб ніякія звесткі пра палітвязняў не выходзілі вонкі.

«Тыя, хто працуе ў калоніі, падпісалі дакумент, што да іх у любы момант на працы могуць падысці і папрасіць тэлефон ці ноўтбук – і ты абавязаны адразу яго даць, а таксама ўсе паролі ад сацсетак. Акрамя таго, у іх ёсць забароны наведваць рэстараны, клубы. Усё іхнае жыццё – праца/дом і поўны кантроль, каб не было выцекаў», – апавядае мужчына.

«За ўсё жыццё не размаўляў па-беларуску столькі, колькі цяпер»

Арцём хацеў бы вярнуцца ў родны Наваполацк, але пасля пераменаў у краіне. Кажа, у Батумі добра, але гэта ўсё ж не дом, дзе засталіся сын, брат:

«Калі будзе магчымасць, дакладна вярнуся. Але, на жаль, далей можа стаць толькі горш – аптымізму асаблівага ў мяне няма: Расея будзе яшчэ больш уплываць, а пратэставаць няма каму – усё зачышчанае. Няма ні СМІ, ні чалавека, які можа стаць лідарам. Але людзям патрэбная інфармацыя, таму яны чытаюць незалежныя СМІ і сядзяць за гэта, а «экстрэмісцкі спіс» такі вялікі, што немагчыма за ўсім усачыць і штодня правяраць яго».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будоўля хмарачосаў ля пляжу ў Батумі, Грузія. 27 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Пакуль жа Арцём будзе абжывацца ў Грузіі – у Еўразвяз пастанавіў не ехаць, бо там даражэй і складаней з працаю:

«Хоць і тут, вядома, пачынаць з нуля цяжка. Тут зусім іншыя людзі. Масажысту тут цяжка пачынаць, бо іншы менталітэт: мясцовыя людзі не так думаюць пра сваё здароўе, таму я пераважна працую на экспатаў, на расейскамоўную аўдыторыю. Даводзіцца ўкладвацца ў рэкламу, максімальна абмяжоўваць сябе ўва ўсім. Давялося зняць асобную кватэру для працы, бо калі ты здымаеш пакой, нязручна ў ім працаваць. Але паціху выходжу на нармальны даход, каб плаціць за кватэру і яшчэ крыху заставалася».

Мужчына пазнаёміўся з беларускаю дыяспарай у Батумі, бярэ ўдзел у розных актыўнасцях ды імпрэзах:

«Тут вельмі прыемная беларуская тусоўка. Я столькі па-беларуску не размаўляў за ўсё сваё жыццё ў Беларусі, як тут. Усе беларусы, якія да мяне прыходзяць, размаўляюць па-беларуску, а ўкраінцы – па-ўкраінску, расейскаю моваю тут мала карыстаюся».

На сайце «BYSOL» цяпер вядзецца збор для Арцёма, які дазволіць яму разлічыцца з пазыкамі і ўкласціся ў развіццё сваіх паслуг як масажыста. Мужчына будзе ўдзячны ўсім за дапамогу, а таксама запрашае ахвочых на масаж – кожнаму беларусу абяцае адчувальную зніжку. Звязацца з Арцёмам можна праз ягоную старонку ў Instagram.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў