«Белавію» пазбавілі доступу да пакету «Microsoft 365». Гэта не толькі «Word» і «Excel»


Праз санкцыі беларуская авіякампанія «Белавія» страціла доступ да пакету праграмаў і сэрвісаў «Microsoft 365», піша праект «МотолькоПомоги» са спасылкай на копію дакументу аб блакаванні. 

Самалёт авіякампаніі «Белавія».
Фота: Белсат

«Белавія» трапіла пад санкцыі ў снежні 2021 года разам з турфірмай кіраўніцтва справаў Аляксандра Лукашэнкі «Цэнтркурорт» і турагенцтвам «Оскартур», гатэлямі «Менск» і «Планета», кампаніямі «Беларусьнафта», «Белшына», «Гродна Азот» і «Гродна Хімвалакно». Санкцыі ўводзілі ў сувязі з міграцыйным крызісам, у штучным стварэнні якога падазраюць беларускія ўлады.

Большасць самалётаў авіяперавозніка (17 з 29) былі ўзятыя ў лізінг праз ірландскія кампаніі, таму санкцыі Еўразвязу сталі ўдарам па паветраным флоце «Белавіі». «Белавія» засталася амаль без самалётаў і можа лётаць толькі ў лічаныя краіны. Але самалёты «Белавіі» парушаюць санкцыі.

Цяпер, паводле «МотолькоПомоги», карпарацыя «Microsoft» заблакавала ўсе ўліковыя запісы «Белавія» ў пакеце «Microsoft 365». У гэты пакет уваходзяць як офісныя праграмы накшталт «Word» і «Excel», так і сістэмы кіравання базамі звестак, мэсэнджар «Teams», воблачнае сховішча «OneDrive», планавальнік «To Do», срымінгавы сэрвіс «Stream».

Звычайны офісны карыстальнік можа замяніць патрэбныя яму праграмы альтэрнатывамі, у тым ліку бясплатнымі, як пакетам «OpenOffice» або сэрвісамі «Google», з доступам да «майкрасофтаўскіх» фарматаў файлаў. Але для буйных кампаніяў альтэрнатываў няшмат – «МотолькоПомоги» заяўляе, што «альтэрнатывы экасістэме «Microsoft 365» проста няма»:

«У «Белавія», як і ў любой іншай буйной кампаніі, на праграмах «Microsoft» маглі быць напісаныя дзясяткі тысяч дакументаў, зводных табліц, і ўрэшце карпаратыўная пошта са звесткамі кліентаў, і карпаратыўны мэсэнджар таксама мог быць на сэрвісе «Microsoft Teams».

Магчыма, гэта нават не апошняе, чаго пазбавіцца «Белавія»: пасля выкрыцця парушэння санкцыяў Злучаныя Штаты ўзмацнілі кантроль за кампаніяй.

Hавiны
Эканоміка Беларусі падае, а рубель узмацняецца. Як гэта?
2022.11.18 18:01

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў