Чаго чакаць ад візіту Пуціна ў Менск – ваенных дамоваў ці эканамічных падарункаў?


19 снежня, у панядзелак, да Аляксандра Лукашэнкі ў Менск прыляціць прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін. Нягледзячы на шчыльны графік іхных сустрэчаў – гэта першая, што пройдзе ў Беларусі пасля падзеяў 2020 года. На тле вайны ва Украіне і сітуацыі ў эканоміцы абедзвюх краінаў гэты візіт выклікае шмат размоваў. Разбіраемся, чаго можна чакаць ад яго.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Russian Presidency / Zuma Press / Forum

Сустрэчу 19 снежня ў Менску анансавала прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі. Неўзабаве пасля анонсу сустрэчы з’явілася відэа, на якім Лукашэнка расказаў аб запланаваным парадку дня.

Згадаўшы пра шматлікія сустрэчы з Пуціным сёлета, ён патлумачыў, што раней абмяркоўвалі тактычныя пытанні, звязаныя з пераадоленнем санкцыяў, а цяпер жа надышоў час для стратэгічных пытанняў. Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што сустрэча планавая, а яе галоўная тэма – эканоміка.

«Пытанні стратэгіі – перш за ўсё ў сферы эканомікі. Так, мы будзем гаварыць аб ваенна-палітычнай сітуацыі вакол нашых дзяржаваў. Вядома, мы не адыдзем ад пытання не толькі ВПК (там, дзе вырабляюць узбраенні, боепрыпасы і іншае), але мы будзем гаварыць і аб абараназдольнасці, бяспецы нашай Саюзнай дзяржавы. Але галоўнае – гэта эканоміка», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле прэсавай службы Лукашэнкі, другая асаблівасць хуткіх перамоваў у тым, што Лукашэнка і Пуцін раней дамаўляліся ў канцы года сустрэцца і зняць шэраг праблемных пытанняў, якія ўзніклі пры рэалізацыі 28 саюзных праграмаў.

Разам з тым паведамляецца, што ўдзел у сустрэчы возьмуць міністры абароны Беларусі і Расеі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу. Пра гэта паведаміў начальнік Дэпартаменту міжнароднай вайсковай супрацы – памочнік міністра абароны Беларусі ў пытаннях міжнароднай вайсковай супрацы Валерый Равенка. «19 снежня ў Менску чакаюцца перамовы прэзідэнтаў РБ і РФ у пытаннях бяспекі Саюзнай дзяржавы. У вузкім складзе ў перамовах возьмуць удзел міністры абароны РБ і РФ», – паінфармаваў ён.

Візіт Пуціна ў Менск – першы за апошнія тры гады. Ён ні разу не быў у Беларусі пасля пачатку пратэстаў 2020 года. Эксперты разышліся ў меркаваннях адносна таго, што можа насамрэч хавацца за гэтым візітам, які выглядае нечаканым, а на тле вайны ва Украіне нават пагрозлівым.

Аналітыка
Рызыка ўступлення Беларусі ў вайну павялічваецца?
2022.12.05 17:49

Беларускі палітолаг Павел Усаў напісаў у сваім тэлеграм-канале, што бачыць толькі дзве мэты гэтага візіту: канчатковае прыцісканне (скаардынаванне) Лукашэнкі ў справе ўступлення ў вайну і рэалізацыя палітычнага і ваеннага вымярэння «інтэграцыі» Беларусі. «Магчыма, гаворка пойдзе пра больш цэнтралізаваныя органы палітычнага кіравання «саюзам», – лічыць аналітык.

«Па-за ўсімі сумневамі, Пуціну патрэбны геапалітычны прарыў, і гэты прарыў будзе зроблены коштам Беларусі. Пуціну патрэбны вынік, паехаць у Менск і не прывезці рэальнага выніку (вайну і Беларусь), будзе даволі адчувальнай паразай для Крамля. Вынік візіту павінен быць гучны і пафасны», – адзначае Павел Усаў.

У сваю чаргу палітолаг Валерый Карбалевіч у інтэрвʼю «Белсату» выказаў іншы прагноз: нічога глабальна ваеннага не будзе, імаверна, Пуцін вязе ў Менск нейкі эканамічны падарунак.

«Калі Пуцін едзе ў Менск, то гэта нейкая дэманстрацыя павагі да свайго партнёра і адзінага саюзніка. Калі б гэта было жаданне паўшчуваць Лукашэнку і да нечага прымусіць, то яго б выклікалі «на кілім» некуды туды, у Крэмль. А тут сам Пуцін нечакана едзе без усялякай фармальнай нагоды. Калісьці ён прыязджаў на паседжанне Найвышэйшага савету Саюзнай дзяржавы, ці там нейкі саміт СНД, а тут наўпрост да Лукашэнкі едзе. Гэта выглядае як прыезд Дзеда Мароза перад Новым годам дзеля падарункаў нейкіх. Палітычных – магчыма, фінансавых. Тут жа дзіўная інфармацыя праходзіць пра бюджэт на наступны год, што там увогуле на 15 % нейкая дзірка з невядомых крыніцаў. Можа быць, гэта і прывязе той Дзед Мароз», – мяркуе Валерый Карбалевіч.

Паводле Карбалевіча, у тым, што Лукашэнка і Пуцін гэтак часта сустракаюцца сёлета, «ёсць пэўная тэрапія, абодва кіраўнікі ў ізаляцыі, краіны ў ізаляцыі, перамовы з іншымі краінамі не камфортныя, спрэчкі нават на ўзроўні АДКБ, дзе гучаць рэзкія выказванні на адрас Масквы. А тут ёсць саюзнік, які публічна кажа тое, што падабаецца Пуціну: які Пуцін малайчына, як ён усё правільна робіць. Для людзей у ізаляцыі гэта вельмі патрэбная рэч».

Палітолаг лічыць, што не трэба чакаць кардынальных рашэнняў. Нешта будзе са сферы эканамічных пытанняў, прынамсі для падтрымання беларускага бюджэту. Што да нейкіх ваенных крокаў, то Карбалевіч ставіцца да такога прагнозу скептычна.

У той частцы, якая датычыць вайсковай супрацы Масквы і Менску, яго прагноз падцвярджае  амерыканскі Інстытут даследавання вайны (ISW), які ў сваім паведамленні адзначае, што «расейскага нападу з тэрыторыі Беларусі цяпер не прадбачыцца». Пры гэтым там не выключаюць, што Расея ўсё ж рыхтуецца да новага наступу на Украіну і «магчыма, на Кіеў – узімку 2023 года».

Hавiны
Беларусь павялічыла залежнасць ад расейскага рынку насуперак планам уладаў
2022.11.23 12:49

Антон Тачняк belsat.eu 

Стужка навінаў