Лукашэнка «ператрахнуў» ідэолагаў і прапагандыстаў. Што азначаюць новыя прызначэнні?


Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня зрабіў шэраг кадравых прызначэнняў. Сярод іншага, пераставіў прапагандыстаў і ідэолагаў. Што гэта значыць, «Белсат» спытаў медыяэксперта Паўлюка Быкоўскага.

Марат Маркаў
Новы міністр інфармацыі – прапагандыст Марат Маркаў.
Фота: Ont.by

Прызначэнні Аляксандра Лукашэнкі наступныя:

• міністр інфармацыі – прапагандыст Марат Маркаў, быў старшынём праўлення дзяржаўнага тэлеканалу ОНТ і вядоўцам шоу свайго імя;

• міністарка працы – Наталля Паўлючэнка, была намесніцаю міністаркі;

• старшыня праўлення ОНТ – Ігар Луцкі, экс-міністр інфармацыі, які да апошняга часу быў намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі;

• рэктар Акадэміі кіравання – Ігар Бузоўскі, быў намеснікам міністра інфармацыі, намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, першым сакратаром БРСМ;

• памочнік Лукашэнкі па Менскай вобласці – старшыня Петрыкаўскага райвыканкаму Аляксандр Кохан;

• намеснік міністра працы – дырэктар Гомельскага заводу ліцця і нармаляў Андрэй Кузняцоў;

• намеснік кіраўніка Менскага гарвыканкаму ў сацыяльнай сферы і ідэалогіі – Андрэй Стрыгельскі, раней кіраваў камітэтам адукацыі Менскага гарвыканкаму;

• новыя кіраўнікі Баранавіцкага, Маларыцкага і Расонскага райвыканкамаў, кіраўнікоў Партызанскага і Цэнтральнага раёнаў Менску, амбасадара ў Кыргызстане, генеральных консулаў у Дубаі і Санкт-Пецярбурзе;

• экс-міністарка працы Ірына Касцевіч раней сталася дэпутаткаю Палаты прадстаўнікоў;

• экс-міністр інфармацыі Уладзімір Перцаў раней быў прызначаны намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.

Журналіст Паўлюк Быкоўскі. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Медыйны эксперт і старэйшы аналітык «MediaIQ» Паўлюк Быкоўскі мяркуе, што прызначэнні могуць быць звязаныя з шэрагам прычынаў, у тым ліку з нядаўняю крытыкаю прапагандыстаў Лукашэнкам. Дый задача прапагандыстаў не звязаная з асобаю міністра інфармацыі. Хіба Маркаў можа прапанаваць варыянт не такой «дубовай» прапаганды, як пры папярэдніку.

Пасада міністра інфармацыі была вакантная, бо мінулы міністр інфармацыі пайшоў на падвышэнне, пазамінулы ўзначаліў ОНТ – гэта наўрад ці варта ўспрымаць як крытыку ягонай дзейнасці, тлумачыць Быкоўскі:

«Маркаў паказаў сябе як някепскі медыяменеджар. Ён мае досвед працы і ў БелТА, і ў Белтэлерадыёкампаніі, і на ОНТ. Нельга сказаць, што да яго ёсць сур’ёзныя прэтэнзіі ў кіроўнага рэжыму.

Але Міністэрства інфармацыі – вельмі своеасаблівая рэч. Яно не кіруе тэлебачаннем, яно кіруе хутчэй рэгіянальнымі медыямі, папяровымі найперш. З другога боку, міністр вызначае стратэгічныя кірункі працы ў інфармацыйнай прасторы. І вось тут цікава, як гэта можа быць выкарыстана».

Тэлеканалы ў Беларусі – гэта хутчэй адказнасць прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, заўважае Быкоўскі. І нагадвае, што кадравыя перастаноўкі не скончаныя: з 29 сакавіка вольная пасада кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі – Ігар Сергеенка сышоў у Палату прадстаўнікоў. Калі прызначаць новага кіраўніка адміністрацыі (Быкоўскаму цікава, будзе гэта сілавік ці «гаспадарнік») і калі вызначаць план на выбары-2025, тады мо і «перазбяруць» усю прапагандысцкую машыну. А мо і не: бюракратычная логіка можа спыніць любыя смелыя пачынанні.

«Ну а пэўная карная функцыя, якая ёсць у Міністэрства інфармацыі, звязаная з тым, што яны караюць за парушэнне, так бы мовіць, правілаў карыстання байнэтам, якія вызначыў кіроўны рэжым, – працягвае ён. – Тут можна чакаць рознага».

Маркаў мае грузінскае паходжанне і родзічаў у Грузіі, але нарадзіўся і правёў дзяцінства ў Лунінцы. Затым патупіў у Менскую вышэйшую інжынерную зенітна-ракетную вучэльню супрацьпаветранай абароны. Быкоўскі думае, што гэтая вучэльня можа быць метафараю таго, чым Маркаў будзе займацца на пасадзе міністра: змагацца са «злаякасным замежным уплывам».

«Баніць, абвяшчаць экстрэмістамі, закрываць доступ да пэўных рэсурсаў – гэта з той галіны, якой ён мусіць займацца на сваёй пасадзе», – зазначае эксперт.

Луцкі, якога перавялі з адміністрацыі Лукашэнкі на ОНТ, наўрад ці атрымаў падвышэнне, але перайшоў на пасаду з шырокімі паўнамоцтвамі (гэта як з пасады міністра перайсці на пасаду кіраўніка вобласці). І Луцкі быў чалавекам, які мог прапаноўваць «мяккія варыянты» прапаганды, але прыняў выклік спрэчак з Крамлём, затым выклік сінхранізацыі беларускай і расейскай прапагандысцкіх машынаў, пасля супрацьдзеянне страйку дзяржаўных журналістаў у 2020 годзе.

Акрамя таго, на дзяржаўным тэлебачанні сталі з’яўляцца сваякі прапагандыстаў, як дачка цяперашняга міністра інфармацыі Настасся Маркава са сваёй праграмаю на ОНТ, дачка лідара партыі ЛДПБ Лізавета Гайдукевіч і дачка былой прэс-сакратаркі Міністэрства ўнутраных справаў Лізавета Чамаданава ў перадачы на СТВ… Быкоўскі мяркуе, гэта сведчыць пра тое, што ў сферы прапаганды лічыцца: «навучыць можна кожнага», таму дзяцей і ўладкоўваюць на «хлебнае месца». Наўрад ці гэтыя асобы будуць паспяховымі, асабліва на фоне Маркава, праграма якога мела пэўны рэйтынг.

Агляд
Ён яшчэ і паэт! Што Лукашэнка нагаварыў пра журналістаў, інфармацыйную вайну і свае вершы
2024.05.28 19:31

Віталь Бабін, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў