Беларус, дэпартаваны з Польшчы, перайшоў на беларускі бок мяжы


Дзмітрый Смактуновіч, якога сёння выправадзілі з Польшчы на нейтральную паласу, перайшоў на беларускі бок мяжы. Мужчына пастанавіў ісці да беларускай мяжы пасля таго, як на польскі бок прывезлі балоны са слезацечным газам, паведамляе «Most» са спасылкаю на жонку Дзмітрыя. У яго быў вельмі прыгнечаны псіхалагічны стан, адзначае жанчына.

Дзмітрый Смактуновіч на нейтральнай паласе. Фота для выдання «Most» ад Наталлі, жонкі Дзмітрыя

«Ён стаіць на краі мосту, гатовы скочыць з яго. Бо толькі такім чынам яго не чапае ні той, ні гэты бок. Падыходзілі беларускія памежнікі, казалі: «Тут чарга стаіць, май сумленне», – апісвала Наталля, жонка Дзмітрыя Смактуновіча сітуацыю, у якой апынуўся ейны муж.

Польскія памежнікі, паводле жанчыны, паводзілі сябе вельмі агрэсіўна, парвалі яму вопратку, а ў нейкі момант даставілі на мяжу балоны са слезацечным газам. Беларус спужаўся, што яго будуць распыляць яму ў твар.

Дзмітрыю таксама сказалі, што да яго не пусцяць адваката з польскага боку.

«Ён у сапраўдным адчаі. Я ніколі не чула яго такім», – кажа Наталля.

Дзмітрыя Смактуновіча выправадзілі з Польшчы пасля таго, як 11 чэрвеня спынілі для правярання дакументаў, падчас чаго аказалася, што ў мужчыны ануляваны літоўскі дазвол на жыхарства. Атрымаць польскі дазвол беларус раней не здолеў, бо яго судзілі за перавоз мігрантаў, якія незаконна пераходзілі беларуска-польскую мяжу. Пакуль трываў судовы разбор, у мужчыны забіралі пашпарт, на руках была толькі копія. Каля месяца таму, як толькі Дзмітрыю аддалі пашпарт, ён падаў заяву на польскі дазвол на жыхарства, аднак не паспеў яго атрымаць.

Пасля таго як мужчына аказаўся на беларускім баку мяжы, польскія памежнікі дазволілі рух транспарту ў абодва бакі. Аб 11:40 пра аднаўленне руху паведаміў Памежны камітэт Беларусі.

Абноўлена
З Польшчы выправадзілі беларуса. Ён баіцца вяртацца ў Беларусь і застаецца на нейтральнай паласе
2024.06.12 10:47

Наталля распавяла Zerkalo.io, што Дзмітрыя дапыталі на мяжы, пасля чаго ён паехаў да родных.

«Я зразумела, што ён там не адзін», – дадала жанчына.

Наталля сцвярджае, што ейны муж перайшоў на беларускі бок мяжы, таму што ў яго не засталося варыянтаў.

«Яму падсунулі гэтыя дакументы на дэпартацыю, нічога не патлумачыўшы, не прадставіўшы перакладу. Чалавек у стрэсе, на яго надзелі кайданкі. Ён, натуральна, падпісаў. А калі б ён гэтага не зрабіў, быў бы шанец прасіць аб міжнароднай абароне», – сказала жанчына.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў