У Кіеве заявілі, што атрымалі доказы выкарыстання Расеяй паўночнакарэйскіх ракетаў


Украінскія следчыя атрымалі першыя папярэднія доказы таго, што Расея магла выкарыстоўваць ракеты вытворчасці КНДР пры абстрэле Харкава 2 студзеня. Пра гэта паведаміў генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін, піша «Українська правда».

Украінскія праваахоўнікі фіксуюць наступствы расейскага ракетнага ўдару па Харкаву 2 студзеня.
Фота: gp.gov.ua

«Пра Паўночную Карэю: на днях мы атрымалі першыя доказы магчымага выкарыстання ўзброенымі сіламі РФ ракет вырабленых у гэтай краіне. Вынікі папярэдняй навукова-тэхнічнай экспертызы пацвярджаюць, што выпушчаная 2 студзеня па цэнтральнай частцы Харкава ракета – ракета малой далёкасці, распрацаваная Паўночнай Карэяй», – заявіў генпракурор у эфіры «Адзіных навінаў».

Косцін дадаў, што да аналагічных высноваў прыйшлі вайсковыя эксперты з міжведамаснай працоўнай групы пры Офісе генпракурора, якія таксама былі на месцы і праводзілі папярэдні агляд і аналіз частак ракеты.

Па словах генпракурора, цяпер ідзе комплексная камісійная экспертыза, якая павінна канчаткова пацвердзіць гэты факт. Таксама пракуроры працуюць з іншымі абломкамі ракет на месцах нядаўніх нападаў Харкаўшчыны і Адэшчыны.

Аналітыка
КНДР, імаверна, пастаўляе Расеі балістычныя ракеты. Што гэта значыць для Украіны і свету
2024.01.11 07:00

Нагадаем, раней ЗША заявілі, што падчас абстрэлаў гарадоў Украіны 30 снежня, 2 і 6 студзеня Расея выкарыстала паўночнакарэйскія балістычныя ракеты. Краіны Захаду вельмі занепакоеныя гэтым фактам і лічаць, што пастаўкі паўночнакарэйскай зброі расейцам могуць мець наступствы не толькі для сітуацыі ў Еўропе, але і ва ўсім свеце. Агулам пастаўкі ракет публічна асудзілі 47 дзяржаваў.

Расея афіцыйна не пацвярджала выкарыстанне ракетаў з КНДР ва Украіне. Хаця вайсковая супраца Пхеньяну і Масквы не з’яўляецца сакрэтам.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў