«Сілавікі не бачаць у дзецях дзяцей». Як узрыванне слоікаў з-пад ёду ператварылася ў тэрарызм


Дзяржаўная прапаганда паведаміла пра «падлеткаў-тэрарыстаў», якія нібыта збіралі бомбы паводле інструкцыяў з інтэрнэту, здзяйснялі выбухі і «рыхтаваліся да жахлівага». Зрэшты, пра канкрэтныя планы, якія нібыта мелі «злачынцы», нічога не апавялі. У арганізацыі «BELPOL» назвалі гэты сюжэт «чарговай страшылкай, разлічанай на прымітыўную публіку».

Кадр з сюжэту пра«падлеткаў-тэрарыстаў».
Скрыншот: ONT NEWS / Telegram

Устрывожаны голас за кадрам паведаміў, што сілавікі выкрылі «больш за дзясятак падлеткаў», якія сядзелі ў Telegram-чатах і каналах, дзе публікавалі інструкцыі для вырабу выбуховак і зброі. У матэрыяле паказалі толькі трох з іх: дзесяцікласніка з Віцебску і двух магілёўскіх дзевяцікласнікаў.

На старэйшага завялі крымінальную справу паводле двух артыкулаў: незаконныя дзеянні ў дачыненні выбуховых рэчываў і рыхтаванне да акту тэрарызму. Малодшыя не дасягнулі веку адказнасці, але будуць «цяпер заўсёды пад кантролем праваахоўнікаў».

Прапаганда сцвярджае, што выкрыць юных тэрарыстаў дапамагла «адна з заходніх спецслужбаў», якая перадала КДБ інфармацыю пра Telegram-каналы, якія «падтрымоўваюць ідэалогію неанацызму і «Ісламскай дзяржавы»і распаўсюджваюць методыкі вырабу выбуховых рэчываў».

Падлеткі нібыта рабілі бомбы з даступных рэактываў, якія можна купіць свабодна. Выбуховыя прылады збіралі ўдома, а прыводзілі ў дзеянне ў бязлюдных месцах – у лесе ці на беразе сажалкі.

Hавiны
Прапагандысты распавялі пра чарговых «тэрарыстаў». Імі зноў аказаліся падлеткі
2024.06.09 23:38

Віцебскі дзесяцікласнік на відэа сілавікоў кажа заўважна казённай моваю, не ўласцівай маладзёнам:

«У дадзеным Telegram-канале публікаваліся ролікі пра выраб зброі, выбуховых рэчываў і іншых забароненых для вырабу рэчаў і прадметаў».

Гэты хлопец «прызнаецца», што ўчыніў 11 выбухаў.

Паводле прапаганды, у гэтым выпадку не ідзецца пра «пацанскую цікавасць», бо падлеткі нібыта рыхтаваліся да нападаў. Пры гэтым аніякай інфармацыі пра тое, дзе менавіта планаваліся тэракты і з якіх матываў, не падаюць. А ў эфір пусцілі словы школьніка пра тое, што яму проста «падабалася нешта ўзрываць» – і нічога пра жаданне забіваць людзей:

«Мне проста падабалася ў лесе нешта ўзарваць, проста пабачыць выбух, мне было цікава».

Героям сюжэту з Магілёва далі такія характарыстыкі:

«У лістападзе летась два магілёўскія таварышы ўжо засвяціліся на хуліганстве і выказванні нацысцкіх лозунгаў. Адзін – выхаванне бацькі даўно пусцілі на самацёк, а ў школе з яго здзекаваліся аднакласнікі, усё кідаўся паміж думкамі пра суіцыд і пра нацызм. Другі прытрымліваўся анархісцкіх поглядаў, натхняўся тэрарыстамі-адзіночкамі. Крок за крокам, выбух за выбухам, абодва рыхтаваліся помсціць і здзяйсняць жахлівае».

Каму і за што помсціць? На якім этапе было рыхтаванне? У якіх месцах і што менавіта яны планавалі? Пытанні без адказаў.

Кадр з сюжэту пра«падлеткаў-тэрарыстаў».
Скрыншот: ONT NEWS / Telegram

Хто стаіць за чатамі і каналамі, дзе нібыта сядзелі падлеткі, прапаганда наўпрост не кажа і не абвінавачвае «збеглых экстрэмістаў», але намякае на ўкраінцаў.

«На просьбу чальцоў украінскіх нацысцкіх груповак стваралі калькі Telegram-каналаў з інфармацыяй пра выраб выбухоўкі і зброі, перадаючы потым правы на гэтыя рэсурсы. Зрабілі ўсё, каб сваё жыццё пакласці на алтар чужой страшнай інфармацыйнай вайны, у якой кожны з іх – пешка, шасцёрка і разменная манета», – пафасна прамаўляе голас за кадрам.

У ролік улучылі і такія словы віцебскага школьніка:

«У чаце абмяркоўвалі тэму вайны, вельмі многа праўкраінскіх розных допісаў, людзі заклікалі да нянавісці ўладаў Расейскай Федэрацыі і ва ўсім хвалілі Захад. Таксама былі пытанні пра наркатычныя рэчывы – пра выраб, захоўванне, перавоз, канфідэнцыйнасць».

«Ідэалагічнае апрацоўванне і радыкалізацыя моладзі, уцягванне ў нацызм і экстрэмізм, схіленне непаўналетніх да злачынстваў тэрарыстычнага характару – менавіта такую мэту пераследуюць тыя, хто плодзяць такія Telegram-каналы», – падсумоўваецца ў прапагандысцкім сюжэце.

Hавiны
У БНТУ затрымалі студэнтаў. Прапагандысты сцвярджаюць, што яны завербаваныя «чырвонай жабай»
2024.04.29 09:57

«Гэта разлічана на вельмі прымітыўную публіку, імаверна, нават скіраванае на аднаго гледача, што “мы працуем, усё выдатна, усё пад кантролем, што нашая праца патрэбная і важная”. Гэта чарговая страшылка ад рэжыму», – заявіў «Белсату» прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Ён таксама пракаментаваў акцэнт прапаганды на тым, што інфармацыю пра «падлеткаў-тэрарыстаў» быццам бы перадалі заходнія спецслужбы, як гэта было нядаўна з тэрактам у падмаскоўным «Крокусе», калі ЗША папярэджвалі Расею пра напад, нягледзячы на, мякка кажучы, кепскія цяперашнія стасункі Масквы і Вашынгтону:

«Каб паказаць важнасць спецслужбаў Лукашэнкі, іх неізаляванасць, гэта падаецца так, нібыта інфармацыю атрымалі ад заходніх партнёраў. Кантакты ў кантэксце сапраўдных тэрарыстычных пагрозаў, вядома, ёсць, аднак наўрад ці такія звесткі могуць мець дачыненне да школьнікаў, якія здзяйснялі выбухі нейкіх слоікаў з-пад ёду».

Да таго ж, адзначыў Жыгар, каб знайсці школьнікаў, якія шукаюць інфармацыю пра выраб выбухоўкі, дапамога заходніх спецслужбаў не патрэбная: сілаў таго ж Аператыўна-аналітычнага цэнтру мусіць хапаць.

Прадстаўнік «BELPOL» прызнаў, што некаторыя выбуховыя прылады сапраўды можна зрабіць паводле інструкцыяў з інтэрнэту, аднак тыя выбухі, што паказала дзяржаўная тэлевізія, «ляжаць у адной плоскасці з выбухамі карбіду ў нашым дзяцінстве».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: freepik.com

«Часта падлеткі маюць павышаны ўзровень агрэсіі і шукаюць выхлап – гэта могуць быць і рок-канцэрты, і нейкія эксперыменты з запальваннем. Таму я не лічу, што гэта тэрарызм. Гэта можна аднесці да забавы, цікавасці і эксперыментаў», – сказала «Белсату» псіхолаг Ала Марціновіч.

Яна ўпэўненая, што на падлеткаў проста павесілі абвінавачванні ў тэрарызме, бо бракуе доказаў адваротнага.

«Яны нічога не парушылі. Яны не ўзарвалі пабудову ці машыну, ні на каго не напалі, яны нешта там эксперыментавалі. Сілавікі не бачаць у дзецях дзяцей – гэта праблема Беларусі, таму што яны выхоўваюць дзяцей у агрэсіўным асяроддзі і не разумеюць гэтага.

Сілавікі адразу схапілі гэтых дзяцей і давай ціснуць замест таго, каб разглядаць гэтую справу шматбакова», – канстатавала адмыслоўца.

Цяперашняя справа, пра якую паведамілі ў Менску, – не першая «падлеткавая» за апошні час. Напрыканцы красавіка прапаганда распаўсюдзіла інфармацыю пра цэлую «тэрарыстычную ячэйку» на чале з 16-гадовай украінкай Марыяй Місюк, якая разам з бацькамі пераехала ў Беларусь пасля расейскага ўварвання. Групоўка нібыта планавала ўчыніць выбух у РУУС або пракуратуры ў Баранавічах, і, як сцвярджалася, падлеткі самастойна сабралі выбуховае прыстасаванне.

Марціновіч мяркуе, што галоўная мэта такога пераследу школьнікаў – запужаць:

«Яны разлічваюць на страх сярод падлеткаў, як яны запужалі ўсіх людзей. Яны не ведаюць, што яшчэ можна рабіць, акрамя як запужваць. Яны не ўяўляюць сабе, што дзеці могуць быць гіперактыўнымі, яны такога слова не ведаюць».

Нічога добрага пераслед юнакоў не дасць. «Так, гэта псіхалагічная траўма, і будзе нейкая кампенсацыя гэтай траўмы. Яны стануць больш агрэсіўнымі, будуць думаць пра помсту. Рэжым сабе нажывае ворагаў, і дзеці будуць ворагамі гэтага рэжыму», – падсумавала псіхолаг.

Аналітыка
«Чорныя салаўі», шытыя белымі ніткамі. Як правакацыі КДБ ламаюць жыцці беларускім падлеткам
2024.05.01 10:22

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў