Кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі стаўся ахвяраю пранкераў. Яму пазваніў нібыта Парашэнка


Пра відэазванок пранкераў Дэйвіду Кэмэрану паведаміла міністэрства замежных справаў Вялікай Брытаніі. У ведамстве запэўнілі, што размова не была працяглаю, аднак не ўдакладнілі, што дыпламат паспеў сказаць за гэты час. Невядомыя звязаліся з міністрам ад імя былога прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, перадае тэлерадыёкарпарацыя ВВС.

Міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэйвід Кэмэран падчас візіту ва Украіну. 2 траўня 2024 года.
Фота: FCDOGovUK / X.com

«Міністр замежных справаў шкадуе аб сваёй памылцы, але лічыць важным паведаміць пра такія паводзіны і ўзмацніць змаганне з дэзынфармацыяй», – адзначаецца ў паведамленні МЗС Вялікай Брытаніі.

Паводле ведамства, пранкеры дамаўляліся аб размове тэкставымі паведамленнямі, і падчас відэазванку на экране з’явілася асоба, вонкава падобная на колішняга прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку.

Размова не была працяглаю, Дэйвід Кэмэран спыніў яе, калі суразмоўца пачаў прасіць кантакты іншых асобаў.

У МЗС патлумачылі, што пастанавілі абнародаваць інфармацыю аб махлярстве на той выпадак, калі «відэа з міністрам зазнае маніпуляцыі і будзе выкарыстанае», а таксама каб іншыя асобы ведалі пра такую пагрозу.

У ведамстве пры гэтым не ўдакладнілі, як пранкерам удалося дамовіцца пра размову, колькі яна доўжылася і што міністр паспеў сказаць «Парашэнку».

Хто стаіць за падманам, пакуль не вядома. Расейская служба ВВС не выключае, што гэта могуць быць Аляксей Сталяроў і Уладзімір Кузняцоў, вядомыя як «Лексус» і «Ваван», яны не аднойчы размаўлялі з брытанскімі чыноўнікамі.

Дэйвід Кэмэран не ўпершыню стаўся ахвяраю махляроў. У 2015 годзе, калі ён быў прэм’ер-міністрам, яму пазваніла асоба, якая назвалася Робэртам Хэнігэнам – у той час ён узначальваў Цэнтр урадавай сувязі. Кэмэран паклаў слухаўку, калі зразумеў, што яго падманваюць. Пасля таго выпадку, як паведамлялася, былі перагледжаныя адмысловыя працэдуры бяспекі.

Hавiны
Расейскія настаўнікі ўшанавалі Бандэру і «святую Святлану». Ім загадаў беларускі пранкер
2024.02.29 17:31

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў