«Парушаюць правы чалавека». МЗС Беларусі занепакоенае забаронай Літвы на ўвоз беларускіх тавараў


Міністэрства замежных справаў Беларусі апублікавала на сваім сайце заяву ў сувязі з абмежаваннямі Літвы на правоз праз мяжу тавараў для асабістага карыстання, у якой выказала «самую сур’ёзную занепакоенасць» дзеяннямі службовых асобаў літоўскай мытні «ў адабранні ў грамадзянаў Беларусі, Літвы, а таксама трэціх краінаў харчоў, лекавых сродкаў і іншых тавараў асабістага карыстання».

Міністэрства замежных справаў Беларусі.
Крыніца: belmarket.by

МЗС Беларусі сцвярджае, што літоўскія памежнікі чыняць «самавольства» і парушаюць фундаментальныя правы чалавека на гуманнае абыходжанне:

«Цалкам відавочна, што грамадзяне, якія соднямі перабываюць у чэргах, штучна створаных літоўскім бокам, маюць законнае права правозіць харчы і лекавыя сродкі для асабістага карыстання. Спроба знайсці тут нейкія парушэнні санкцыйных абмежаванняў шчыра абсурдная».

Паводле дыпламатычнага ведамства Беларусі, новыя нормы ўвозу тавараў асабістага карыстання былі ўведзеныя Літвою, каб «перанакіраваць дзеянне санкцыяў на простых грамадзянаў Беларусі, а таксама жыхароў самой Літвы, якія карыстаюцца магчымасцю бязвізавага ўезду ў нашую краіну».

МЗС паведамляе, што Літва не адказала на ноту, скіраваную беларускім бокам у адказ на абмежаванні.

Hавiны
Літва забараніла ўвоз больш за 2800 тавараў з Беларусі і Расеі
2024.05.29 21:58

Афіцыйны Менск мае намер звярнуцца да еўрапейскіх структураў з патрабаваннем даць ацэнку адпаведнасці крокаў Вільні мытнаму заканадаўства ЕЗ і еўрапейскім каштоўнасцям. У МЗС у Менску былі выкліканыя часовыя павераныя Літвы і прадстаўніцтвы ЕЗ у Беларусі.

«Заклікаем афіцыйную Вільню адмовіцца ад ганебнай практыкі прыніжэння ўведзенымі захадамі звычайных людзей, уключаючы ўласных грамадзянаў, якія маюць права на свабоду перамяшчэння ў нармальных чалавечых умовах», – рэзюмуюць аўтары заявы.

З 3 чэрвеня набылі моц новыя санкцыйныя абмежаванні, якія забараняюць імпарт у Літву харчоў з Беларусі і Расеі. Літоўскія мытнікі трактавалі гэта як забарону для фізічных асобаў на ўвоз з Беларусі ў Літву любых прадуктаў і рэчаў асабістага карыстання.

Карыстальнікі чатаў расказвалі, што забарона датычыць практычна ўсіх харчоў: не прапускаюць ні зробленых у дарогу бутэрбродаў, ні нават гарбаты ў тэрмасе, не кажучы ўжо пра тавары з крамаў «duty free». Часам не прапускаюць лекаў. На пунктах пропуску збіраюцца кучы ежы і пітва, што мытнікі забаранілі ўвозіць.

Hавiны
Літва змякчыла забарону на правоз прадуктаў з Беларусі: можна ўскрытыя пакункі
2024.06.05 18:55

5 чэрвеня абмежаванні крыху змякчылі.

«Для запэўнівання камфортнага і бяспечнага падарожжа вандроўнікаў, якія маюць пры сабе неабходныя харчы для асабістага спажывання, забарона не распаўсюджваецца на харчы, неабходныя на час падарожжа фізічных асобаў, у адкрытых пакунках. Выключэнні для мясной і малочнай прадукцыі ўжываюцца ў парадку, вызначаным Дзяржаўнай харчова-ветэрынарнай службаю», – паведаміла літоўская мытня.

Франак Вячорка, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай, увечары 3 чэрвеня расказаў, што дэмакратычныя сілы размаўлялі з уладамі Літвы наконт змякчэння ці ўдакладнення гэтых санкцыяў і «атрымалі канструктыўную рэакцыю». А дарадца Ціханоўскай Алесь Аляхновіч назваў абмежаванні для фізічных асобаў памылкаю, бо ў маштабах усёй Літвы гэта мізэрныя змены, але яны закранулі звычайных грамадзянаў Беларусі, якія вязуць з сабою для асабістых мэтаў харчы і лекі.

Агляд
«Нічога не вязіце – і будзе спакойна, такі закон». Што адбываецца на межах Беларусі
2024.06.03 15:22

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў