Як разбурэнне Кахоўскай ГЭС адаб’ецца на экалогіі Украіны


Пасля разбурэння Кахоўскай ГЭС ва Украіне прынамсі сямёра асобаў зніклі без звестак, тысячы людзей эвакуяваныя, тысячы дамоў падтопленыя. Яшчэ не вядома дакладна, якія будуць наступствы, але зразумела, што пацярпяць як людзі, так і эканоміка ды прырода. Чаго чакаць, «Белсату» расказала эколаг з Украіны Наталля Гозак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ратавальнікі падчас эвакуацыі насельніцтва з затопленых рэгіёнаў. Херсонская вобласць, Украіна. 7 чэрвеня 2023 года.
Фота: ДСНС України / Telegram

У ноч на 6 чэрвеня пачала разбурацца плаціна Кахоўскай гідраэлектрастанцыі, што ў Херсонскай вобласці Украіны. ГЭС была пад кантролем расейскіх войскаў – і Расея вінаваціць Украіну ў падрыве, але доказаў не прыводзіць. Украіна ж заяўляе, што мае доказы мінавання ГЭС расейскімі сіламі, і падазрае Расею ў наўмысным падрыве. Незалежныя расследавальнікі прапануюць і трэцюю тэорыю: магчыма, ГЭС разбурылася сама ад пашкоджанняў, звязаных з вайной ва Украіне, і ранейшых дзеянняў акупацыйных сілаў.

Плаціна ў выніку разбурылася цалкам, вада заліла паселішчы і гарады блізу Дняпра, падтапіла ў тым ліку часткі Новай Кахоўкі, Голай Прыстані і Херсону. Вада праз нейкі час сыдзе – меркавана дзён праз пяць-сем, у найгоршым сцэнары праз два тыдні. Але Кахоўская ГЭС ужо не падлягае аднаўленню, а некаторыя наступствы патопу застануцца на гады.

Фота
Ратуючы жывёлінаў. Паглядзіце, як праходзіць эвакуацыя з затопленага Херсону
2023.06.07 16:25

Якіх наступстваў чакаць

Эколаг Наталля Гозак, экспертка IFAW і сябра грамадскай арганізацыі «Экодія», расказвае «Белсату», што разбурэнне Кахоўскай ГЭС – катастрафічная падзея, якая мае доўгі шэраг наступстваў. Цяперашняе падтапленне і разбурэнне будынкаў – толькі першае бачнае наступства. Іншыя наступствы такія.

1. Пагроза аварыі на АЭС. Найбольшая патэнцыйная пагроза, на думку Наталлі, гэта пагроза Запарожскай АЭС. Цяпер станцыя, акупаваная расейскімі сіламі, не мае простай пагрозы затаплення, але штосьці трэба прыдумляць з напаўненнем сажалкі-ахаладжальніка. Раней яе напаўнялі вадой Кахоўскага вадасховішча, што месціцца перад разбуранай дамбай. А ўзровень вадасховішча падае – і можа ўпасці настолькі, што вада з яго не зможа трапіць да АЭС. Гозак верыць, што які-небудзь тэхнічны развязак знойдуць, але калі праз адсутнасць ахалоджвання здарыцца аварыя на АЭС, наступствы закрануць усю Еўропу.

2. Праблемы з забеспячэннем людзей вадой. Праз падзенне ўзроўню вады ў Кахоўскім вадасховішчы спадзе ўзровень грунтовых водаў – а значыць, у калодзежах і свідравінах. Гэтыя праблемы, магчыма, залагодзяць, падкрэслівае Гозак, але нястача вады можа асабліва зачапіць бедныя і ўразлівыя пласты насельніцтва.

3. Знішчэнне вясковай гаспадаркі, залежнай ад меліярацыі. Спыняецца таксама пастаўка вады ў абвадняльных каналах, што забяспечваюць аграгаспадарку цэлага паўднёва-ўсходняга рэгіёну Украіны, у тым ліку Крыму. Найбліжэйшым часам вынікі будуць не такія адчувальныя, але наступны аграрны сезон пройдзе ў зусім іншых умовах, «калі адбудзецца наогул», кажа эколаг. З улікам гэтага, а таксама акупацыі, баявых дзеянняў і мінавання на вялікіх тэрыторыях вясковая гаспадарка можа стаць немагчымай, што паспрыяе і сацыяльнаму крызісу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ратавальнікі падчас эвакуацыі насельніцтва з затопленых рэгіёнаў. Херсонская вобласць, Украіна. 7 чэрвеня 2023 года.
Фота: ДСНС України / Telegram

4. Разбурэнне інфраструктуры. Некаторыя жылыя будынкі можна будзе адрамантаваць, калі вада сыдзе. Замест некаторых знішчаных збудаваць новыя. Але вада знішчыла ці пашкодзіла ўсе магчымыя віды інфраструктуры, на аднаўленне якіх пойдзе шмат часу.

5. Забруджанасць вады. У ваду праз патоп трапяць паліва і аліва, рэчывы з прамысловых прадпрыемстваў, аграгаспадарчыя ўгнаенні і сродкі для раслінаў, змесціва каналізацыі ды іншае. Шкодныя рэчывы застануцца і ў грунце, і ў вадаёмах, што ўтворацца, калі вада будзе сыходзіць. Што і ў якіх аб’ёмах, можна будзе сказаць пазней, але хутчэй за ўсё, забруджанасць дойдзе да Чорнага мора – і ўсе краіны чарнаморскага ўзбярэжжа стануць бруднейшымі.

6. Разнос мінаў. Затопленыя тэрыторыі былі замінаваныя, а плынь вады знішчыла частку мінаў, а частку перанесла і схавала. То бок на тэрыторыях, з якіх вада сыдзе, міны могуць апынуцца ў любым месцы.

«Я б не назвала гэта экалагічнай катастрофай: я лічу, што гэта ўсё ж такі сацыяльная катастрофа ў першую чаргу, – падкрэслівае Гозак. – Столькі зруйнаваных жыццяў, страчаныя дамы… Кудысьці, вядома, можна будзе вярнуцца, але вялізная колькасць будынкаў проста зруйнаваная».

Каментар
Падрыў ГЭС ператворыць Крым у пустыню. Пуцін не супраць
2023.06.06 20:57

Што будзе з экалогіяй

«Цяпер дакладна нельга сказаць, які ўплыў, колькі стратаў было нанесена, колькі відаў дакладна пацярпела, бо для гэтага патрэбныя палявыя даследаванні, – тлумачыць Гозак наступствы разбурэння ГЭС. – Палявыя даследаванні не магчымыя, па-першае, пакуль не сыдзе вада. І па-другое, тэрыторыя або пераважна акупаваная, або франтавая. А цяпер яшчэ праз знясенне мінаў можа быць замінаваная ўся тэрыторыя, я думаю, даследаванні суперускладненыя. Не ведаю, калі чакаць дэталёвых: у найлепшым выпадку – пасля перамогі».

З розных бакоў ад ГЭС, расказвае яна, адбываюцца розныя падзеі: адныя беды звязаныя з падзеннем узроўню Кахоўскага вадасховішча вышэй на плыні Дняпра, іншыя – з затапленнем земляў ніжэй. Наступствы ўжо спрабуюць пралічыць. Каля 5 тысяч км³ пашкоджаныя тым ці іншым чынам.

Затоплены адзіны ва Украіне дзяржаўны асятровы завод
У выніку разбурэння Кахоўскай ГЭС затоплены адзіны ва Украіне дзяржаўны асятровы завод. Паселішча Дняпроўскае, Украіна. 7 чэрвеня 2023 года.
Фота: minagro.gov.ua

Вада моцна выйшла за рэчышча Дняпра. Затоплена 48 прыродаахоўных тэрыторыяў рознага статусу, ад біясфернага рэзервату да нацыянальнага парку. На затопленых тэрыторыях ёсць 22 віды рэдкіх раслінаў пад пагрозаю. На затопленых землях ёсць дубовыя гаі і тэрыторыі распаўсюду архідэяў. Больш засушлівыя экасістэмы, як Алэшкаўскія пяскі, могуць быць сур’ёзна парушаныя, калі вада не сыдзе хутка.

«Я асабіста думаю, што для расліннага покрыва нават пры тым, што будзе заглейванне пэўнае, прырода возьме сваё ў нейкі момант, – разважае Гозак. – Жывёліны тут больш пацярпелі, асабліва птушкі і водныя арганізмы».

Цяпер трывае сезон размнажэння птушак. Шматлікія гнёзды змыла, многія ўжо маглі быць з птушанятамі. Цэлыя калоніі птушак страцілі наступнае пакаленне і не паспеюць вырасціць сёлета нашчадкаў. Каб колькасць птушак аднавілася, можа спатрэбіцца ад 3 да 7 гадоў.

Гэткая ж бяда і з рыбамі. Ідзе нераст, а моцная плынь ад разбурэння дамбы ўсё змывае. Наўрад ці нераст ідзе як належыць. Але з рыбамі нават большая бяда вышэй на плыні: некаторыя нерасцілішчы высахлі, і ў тым, што засталося ад Кахоўскага вадасховішча, нераст таксама зруйнаваны. Прынамсі на гады экасістэма Кахоўскага вадасховішча будзе цалкам змененая.

Вышэй на плыні – 11 аб’ектаў прырода-запаведнага фонду, яны таксама пад пагрозай ад знікнення вады. Асушэнне Кахоўскага вадасховішча значыць, што дзялянка зямлі застаецца голай з рэшткамі воднай расліннасці. Пазней на гэта накладзецца ветравая эрозія. Гозак прагназуе, што асушаную дзялянку захопяць інвазійныя віды – нетыповыя для рэгіёну. Каб змагацца з інвазійнымі відамі і бараніць мясцовыя, трэба ўмяшанне чалавека, а ў час вайны можа быць не да гэтага, асабліва ў прыфрантавой зоне.

Аналітыка
Як паўплывае падрыў Кахоўскай ГЭС на сітуацыю на фронце?
2023.06.06 18:05

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў