У Польшчы і Літве рэзка вырас лік мігрантаў, якія традыцыйна працавалі ў Расеі. Ці вінаватая вайна?


За пяць гадоў мігрантаў з Узбекістану паболела ў Польшчы ў 8 разоў, а ў Літве – ажно ў 56 разоў. Гэткая ж сітуацыя склалася з грамадзянамі іншых краінаў, якія традыцыйна ездзілі на заробкі ў Расею. Чаму так сталася? І ці канкуруюць з імі беларусы за працоўныя месцы?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ідуць да трамвая на прыпынку каля Каралеўскага замку ў Варшаве, Польшча. 6 красавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Польшча і Літва, дзе пасля 2020 года знайшлі прытулак тысячы беларусаў, сталіся прывабнымі і для грамадзянаў постсавецкіх рэспублік, якія звычайна ездзілі працаваць у Расею. Галоўныя «дастаўцы» працоўных рук у колішнюю мітраполію – Азербайджан, Арменія, Кыргызстан, Малдова, Таджыкістан, Узбекістан. Аднак пасля 2022 года, як пачалася вайна ва Украіне, мігрантаў з гэтых краінаў істотна паболела ў Польшчы і Літве.

Абсалютныя лічбы, натуральна, невялікія і не параўнальныя з лікам імігрантаў з Беларусі ды пагатоў з Украіны. Аднак адносныя значэнні могуць уразіць: напрыклад, у Літве грамадзянаў Узбекістану на пачатак гэтага года ў 56 разоў болей, чымся было ў 2019-м (рост з 146 асобаў да 8,3 тысячы), Кыргызстану – у 127 разоў (было 49, стала 6,2 тысячы), Таджыкістану – у 50 разоў (рост з 114 да 5,7 тысячы).

Беларусаў у Літве – 62,2 тысячы (у 5 разоў болей, чымся ў 2019-м), украінцаў – 86,4 тысячы (дарэчы, меней, чымся летась).

Падобная гісторыя і ў Польшчы: за пяць гадоў узбекаў там паболела ў 8 разоў (з 1195 да 9,6 тысячы), таджыкаў – у 5,5 разу (з 436 да 2,4 тысячы). Лік беларусаў павялічыўся ў 9 разоў (з 14 тысячаў да 130), украінцаў – амаль у 4 разы (з 136 тысячаў да паўмільёна).

Галоўныя прычыны эміграцыі з Беларусі і Украіны відавочныя: тут – палітычныя рэпрэсіі, там – вайна. А што ў Цэнтральнай Азіі?

Hавiны
Сацыёлаг: Пасля 2020-га Беларусь пакінулі 500-600 тысяч чалавек – як Горадня і Берасце разам узятыя
2024.05.08 20:48

Традыцыйна шлях працоўнай міграцыі з Кыргызстану, Таджыкістану і Узбекістану пралягаў у Расею. Колькі там цяпер «гастарбайтараў», як там часта называюць замежных работнікаў, як выглядае, ніхто не ведае. Расейскае статыстычнае ведамства ў адмысловым аглядзе за 2022 год (больш актуальных звестак няма) раскрывае толькі дынаміку міграцыйных плыняў. З гэтых звестак вынікае, што тады грамадзянаў Кыргызстану паменела там амаль на 7 тысячаў, Узбекістану – на 8,5 тысячы, а вось Таджыкістану – паболела на 87 тысячаў.

МУС Расеі ў статыстыцы за 2023 год паведамляе, што замежнікам выдалі 99 тысяч дазволаў на працу (плюс 23,6 % год да года) і 2,3 мільёна патэнтаў, якія патрабуюцца для працаўладкавання (плюс 3,6 % год да года).

«Павялічылася колькасць замежных грамадзянаў, якія прыбываюць у Расейскую Федэрацыю ў візавым парадку з мэтаю ажыццяўлення працоўнай дзейнасці (плюс 42,4 %), найбольшая колькасць працоўных візаў аформленая грамадзянам Кітаю, В’етнамю, Індыі, Турцыі», – таксама інфармуе МУС суседняй краіны.

Управление по делам иностранцев в Мазовецком воеводстве, Упраўленне па справах замежнікаў Мазавецкага ваяводства
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Упраўленне па справах замежнікаў Мазавецкага ваяводства. Варшава, Польшча. 26 красавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Паводле ацэнак расейскай газеты «Ведомости», на пачатак гэтага года ў Расеі было каля 7,7 мільёна працоўных мігрантаў, у тым ліку з Узбекістану – 1,6 мільёна, з Таджыкістану – 1,3 мільёна, з Украіны – 1,2 мільёна.

Нягледзячы на такія лічбы, у Расеі кажуць пра дэфіцыт працоўных рук.

«Вось гэтыя некалькі тысячаў у Літве і Польшчы – гэта абсалютна мізэрная колькасць у дачыненні тых, хто звычайна прыязджае ў Расею. Гэта аніяк не ўплывае на наш рынак працы», – сказаў у каментары «Белсату» расейскі міграцыйны эксперт Вадзім Кожанаў. Паводле яго, цяпер жывуць і працуюць у Расеі блізу 4 мільёнаў грамадзянаў краінаў Цэнтральнай Азіі.

Суразмоўца ўпэўнены, што ў ЕЗ едуць не тыя, хто раней працаваў у Расеі, а новае пакаленне, якое «шукае варыянты»:

«Ва Узбекістане добрая нараджальнасць была ўсе 1990-я і нулявыя гады. Штогод Цэнтральная Азія будзе даваць на рынак працы недзе тысячаў сто агулам».

Hавiны
Літва зробіць больш жорсткімі правілы працаўладкавання для іншаземцаў
2024.03.06 21:20

Як мяркуе Кожанаў, збольшага гэтым «традыцыйным» мігрантам больш зручна і зразумела ехаць менавіта ў Расею:

«Кіргізам больш камфортна прыязджаць у Расею, бо мы – краіны ЕАЭС, ім не трэба афармляць патэнтаў. Тут зразумелае моўнае асяроддзе, тут умовы, што сфармавалі сваякі, тут буйныя дыяспары, асоба хутка тут зарыентуецца».

Вайна на перавагі мігрантаў моцна не паўплывала, упэўнены суразмоўца «Белсату»:

«Спачатку, у першы трывожны месяц, з’ехалі, а потым усе вельмі актыўна вярталіся і злаваліся на тое, што, калі з’язджалі, выдаткавалі кучу грошай на квіткі. Таму адтоку мы не бачым».

Болей за тое, некалькі тысяч мігрантаў не тое што не спужаліся вайны, а паехалі на фронт, атрымоўваючы за гэта расейскае грамадзянства: «Там плацяць добры заробак, даюць грамадзянства – і ўсім блізкім сваякам: бацькам, жонкам, дзецям».

Пэўная частка грамадзянаў Таджыкістану, спужаўшыся ксенафобіі, вярнулася на радзіму пасля тэракту ў падмаскоўным «Крокусе», прызнаў Кожанаў, аднак гэта неістотная колькасць:

«З працаю няма аніякіх праблемаў, нястача людзей ува ўсіх сферах. Моцна растуць заробкі. Асоба, якая проста ўмее карыстацца навігатарам у тэлефоне, лёгка зарабляе тысячу долараў. Для іх гэта вялікія грошы. За такія грошы людзі з задавальненнем прыязджаюць і працуюць, агулам усё нармальна».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Офіс кампаніі, якая займаецца арганізацыяй пасажырскіх перавозак у Расею ў Бішкеку, Кыргызстан. 17 кастрычніка 2023 года.
Фота: Vyacheslav Oseledko / AFP / East News

Колішні кіраўнік Саюзу таджыкістанцаў Расеі Абдуло Даўлатаў у размове з «Белсатам» канстатаваў, што пасля пачатку вайны фіксаваўся адток працаўнікоў-замежнікаў, бо прасеў мясцовы рубель і ўся прывабнасць Расеі на той момант знікла. З часам, кажа ён, шмат хто вярнуўся:

«Надоечы званіў адзін мой зямляк, працаваў у Маскве кіроўцам. Два гады таму ён з’ехаў у Паўднёвую Карэю і вось цяпер сказаў, што хоча вярнуцца ў Маскву. Праца, кажа, цяжкая, на 500 долараў болей зарабляе, але яно таго не вартае».

Даўлатаў таксама звязаў пашырэнне таджыкскай дыяспары ў свеце з высокаю нараджальнасцю, а не з вайною ва Украіне, і падкрэсліў, што нетрадыцыйным эмігранцкім маршрутам ідуць збольшага маладзёны:

«За савецкім часам было 4 мільёны, цяпер там 10 мільёнаў насельніцтва. Маладое пакаленне больш едзе ў Еўропу, дый не толькі: у Саудаўскую Аравію, ААЭ. Розныя краіны».

Важны чыннік у такой міграцыі – сувязь з тымі, хто ўжо з’ехаў раней і ўладкаваўся:

«У нас жа як: адзін паехаў – і да яго пачынаюць ездзіць сваякі, сябры, знаёмцы. І вось таму пачалі з’язджаць. Ну, для маленькіх балтыйскіх рэспублік, можа, і 100 чалавек ужо падаецца, што багата. А Расея лёгка ператравіць і сотні тысячаў».

Нядаўні тэракт у канцэртавай зале, які, паводле версіі расейскага следства, учынілі грамадзяне Таджыкістану, і хваля нянавісці ў інтэрнэце, што пачалася потым, істотна не паўплывала на мігрантаў, запэўнівае Даўлатаў. Маўляў, «дворнікі і будаўнікі як працавалі, гэтак і працуюць».

Hавiны
Іншаземцы пакідаюць Расею
2024.03.27 19:12

«Я б не казаў, што мы канкуруем за адныя і тыя ж працоўныя месцы», – супакоіў прадпрымальнік, блогер, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч, адказваючы на пытанне, ці сутыкаюцца беларусы з цяжкасцямі пры пошуку працы з увагі на «нетрадыцыйных» для Польшчы і Літвы мігрантаў.

Кныровіч мяркуе, што ў выпадку з нарадзінцамі цэнтральнаазіяцкіх рэспублік гаворка «пра цалкам іншую якасць міграцыі»:

«Гэта выключна эканамічная міграцыя самых мабільных, але не самых адукаваных людзей. Беларуская ж міграцыя зусім іншая. Шмат у чым яна палітычная і ў другую чаргу – эканамічная. Калі мы паглядзім на ад’езд некалькіх дзясяткаў тысяч айцішнікаў, то яны відавочна не канкуруюць з армянскімі або таджыкскімі».

Заўвагу, што шмат беларусаў працуюць, напрыклад, таксістамі, Кныровіч адкінуў:

«Так, але для класічнага беларуса гэта часовы шлях, пакуль ён не агледзеўся тут. Для класічнага беларуса гэта не сталая праца, дзеля якой ён прыехаў у Польшчу. Усё-ткі гэта для яго прамежкавы этап».

Суразмоўца дадаў, што ўзровень адукацыі, а таксама блізкасць нашага менталітэту да польскага і літоўскага «дазваляе беларусам разлічваць на лепшыя працоўныя месцы і лепшыя ўмовы, чымся прадстаўнікам цэнтральнаазіяцкіх рэспублік».

Інтэрв’ю
«Тут ты спакойны: адсюль не рыпнешся!» Размова з прадпрымальнікам і журналістам Сяргеем Скулаўцом, які зʼехаў у Амерыку
2024.05.26 07:06

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў