Вайна

ЗША і Украіна наблізіліся да дамовы аб выкапнях. Але ж ці на ўкраінскім баку Штаты?

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас паездкі на Сумшчыну
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас паездкі на Сумшчыну, Украіна. 3 красавіка 2025 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: President.gov.ua
podpis źródła zdjęcia

1150 дзён трывае поўнамаштабная вайна ва Украіне. Злучаныя Штаты і Украіна набліжаюцца да падпісання ўгоды аб карысных выкапнях, нейкім чынам звязанай з амерыканскім падтрыманнем Украіны. Толькі якім, незразумела: усё часцей гучаць сумневы пра тое, што Штаты наогул на баку Украіны ў гэтай вайне.

Вайна не спыняецца


Генеральны штаб ЗСУ паведамляе, што за мінулы дзень было зафіксавана 125 баявых сутыкненняў. Гэта шмат, але далёка ад рэкорду. Колькасць баёў змяншаецца з пачатку месяца – два тыдні таму магла перавышаць 200 на дзень. Па-ранейшаму найбольш баёў на пакроўскім напрамку, таксама шмат на ліманскім, навапаўлаўскім, тарэцкім і курскім. На мяжы Беларусі з Украінаю ўсё яшчэ няма прыкметаў фармавання ўдарных груповак.


Паводле назіранняў амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW), расейскія войскі прасунуліся пад Вялікай Навасілкай, Пакроўскам і Тарэцкам, працягваюць выціскаць украінскія сілы з Курскай вобласці Расеі. Расея спрабуе наступаць на купянскім, курахаўскім, ліманскім, навапаўлаўскім, сівэрскім, часаўскім ды іншых напрамках, але не мае там пацверджаных поспехаў.

З пачатку года расце колькасць ракетных і авіяцыйных удараў. Толькі за мінулы дзень ЗСУ налічылі два ракетныя ўдары і 94 авіяўдары са 154 авіябомбамі, 6659 абстрэлаў, з якіх 104 – рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню, 2764 удары дронамі-камікадзэ. Украінскі бок заяўляе, што прынамсі ў адным расейскім беспілотніку тыпу іранскіх «Shahed» была выяўленая капсула з атрутным рэчывам.


Ранкам 17 красавіка трывае паветраная атака Расеі з выкарыстаннем дронаў і, імаверна, ракетаў. У выніку масаванай атакі на Дняпро ў ноч на 17 красавіка былі забітыя трое асобаў, у тым ліку адное дзіця, параненыя не менш за 30 асобаў, у тым ліку чацвёра дзяцей. У Херсоне расейскі дрон трапіў у машыну хуткай дапамогі, параніў кіроўцу і фельчара. Пад Сумамі «Шагэд» трапіў у сельскагаспадарчае прадпрыемства, абышлося без ахвяраў.


16 сакавіка пад расейскія паветраныя атакі трапілі Херсон (загінула адна асоба) і Херсонская вобласць, Адэса, Днепрапятроўшчына і Харкаўшчына. Артылерыйскі абстрэл Херсону выпадкова зняў на відэа кіраўнік гарадской адміністрацыі, які прыйшоў на месца ранейшага ўдару.

Страты Расеі, якія налічылі ЗСУ, таксама на высокім, але не на рэкордным узроўні: за дзень 1230 асобаў забітымі або цяжка параненымі, 16 знішчаных танкаў, 54 баявыя бронемашыны, 65 артылерыйскіх сістэмаў, 2 РСЗА, 3 сродкі супрацьпаветранай абароны, 170 адзінак аўтамабільнай і 3 адзінкі спецыяльнай тэхнікі. Як адзначалі ў ISW, Расея апошнім часам нарошчвае выкарыстанне бронемашынаў у атаках, хоць апошнія паўгода выкарыстоўвала іх найперш у ролі агнявога падтрымання – пасля вялікіх стратаў тэхнікі мінулым летам і ў пачатку восені.


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўжо больш за 40 % зброі ЗСУ на фронце вырабленыя ва Украіне. Аднаz з новых распрацовак Украіны – ракета-дрон «Барс», пра якую падрабязна расказала BBC. 


Агенцтва «Reuters» тым часам расказвае, што Паўночная Карэя за апошнія 20 месяцаў перадала Расеі не менш як 4 млн артылерыйскіх боепрыпасаў (то бок, мінімум у 4 разы больш за мільён боепрыпасаў, якія Еўразвяз абяцаў Украіне ў сакавіку-2023 і паставіў у лістападзе-2024), а таксама РСЗА, самаходныя артылерыйскія сістэмы і балістычныя ракеты. Паводле ISW, Расея моцна залежыць ад паставак боепрыпасаў з Паўночнай Карэі, а тая не толькі зарабляе на вайне ва Украіне, але і вучыцца на расейскіх уроках уварвання.


Рэсурсы самой Расеі для фінансавання баявых дзеянняў такімі тэмпамі будуць вычарпаныя праз год-паўтара, сказаў прадстаўнік ISW Джордж Бэрас у каментары «The New York Post». Паводле яго, Крэмль разлічвае на прыпыненне або скарачэнне Злучанымі Штатамі дапамогі Украіне.


На чыім баку ЗША?


Еўропа ўсё яшчэ рэфлексуе наконт сваркі прэзідэнта ЗША Доналда Трампа з Зяленскім паўтара месяца таму: еўрапейская версія «Politico» 16 красавіка расказала, як еўрапейскія дыпламаты рэагавалі на тую сварку і на змену вонкавай палітыкі ЗША агулам. Гэтая змена вонкавай палітыкі працягвае выяўляцца не толькі ў тым, што Трамп вінаваціць у развязванні вайны перадусім Зяленскага.

Наступствы ракетнага ўдадару РФ па Сумах 13 красавіка 2025 года. Фота: Zelenskiy / Official / Telegram

«Прыязджайце і паглядзіце»: Зяленскі звярнуўся да Трампа на фоне ўдару РФ па Сумах

Вайна

Як расказвае «Bloomberg», ЗША заблакавалі заяву «Вялікай сямёркі» з асуджэннем расейскага ўдару па цэнтры Сумаў, у выніку якога былі забітыя 35 асобаў і параненыя 125. Трамп таксама заявіў, што не будзе ўводзіць новых санкцыяў за гэты ўдар.


Выданне «The Economist» мяркуе, што спыненне агню ва Украіне «выслізгае», бо прэзідэнт ЗША ўсё больш выглядае гатовым верыць расейскаму падману. Некаторыя памочнікі Трампа «сытыя па горла» высілкамі Еўропы ў падтрыманні Украіны, сцвярджае выданне. Аднаго з саюзнікаў нібыта нават пыталі, чаму той працягвае пастаўляць зброю ва Украіну. «The Economist» адзначае: у выпадку з «такой хаатычнай адміністрацыяй» цяжка адрозніць «сігнал ад шуму». 


Пазіцыя Штатаў выклікае занепакоенасць у розных краінах, у тым ліку сярод беларусаў. Публіцыст Сяргей Навумчык казаў, што нават не здзівіцца, калі Злучаныя Штаты ўвойдуць у «вось зла»: Пхеньян – Пекін – Тэгеран – Масква – Вашынгтон. 


«The Wall Street Journal» распавядае, што некаторыя дарадцы Трампа, наадварот, штурхаюць прэзідэнта ЗША да больш жорсткага падыходу да Расеі. У ліку такіх выданне называе дзяржаўнага сакратара Маркаў Руб’ёў і адмысловага прадстаўніка ЗША ва Украіне Кіта Келага. Але Трамп, паводле выдання, схіляецца да думкі іншага адмысловага прадстаўніка – Стыва Ўіткафа, які не толькі на словах верыць, што Уладзімір Пуцін «хоча міру». Меркаваныя антаганісты Руб’ёў і Ўіткаф, дарэчы, маюць разам паехаць гэтым тыднем у Парыж, дзе будуць абмяркоўваць у тым ліку і падтрыманне Украіны.

Злева направа: Стыў Ўіткаф, Маркаў Руб’ёў і Майкл Ўолц. Дэлегацыя ЗША на перамовах з Расеяй у Эр-Рыядзе, Саудаўская Аравія. 18 лютага 2025 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freddie Everett / U.S. Department of State / Flickr
Злева направа: Стыў Ўіткаф, Маркаў Руб’ёў і Майкл Ўолц. Дэлегацыя ЗША на перамовах з Расеяй у Эр-Рыядзе, Саудаўская Аравія. 18 лютага 2025 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freddie Everett / U.S. Department of State / Flickr

Ўіткаф нядаўна заяўляў, што «ключ да міру» – гэта нейкія неназваныя «пяць тэрыторыяў» (мяркуючы з расейскіх заяваў, гэта Крым і чатыры фармальна анексаваныя, але не цалкам заваяваныя Расеяй вобласці Украіны). Зяленскі на гэты намёк адказаў, што Украіна – суверэнная дзяржава, пра тэрыторыі якой можа казаць толькі ўкраінскі народ. Паводле «Reuters», заява Ўіткафа пра «пяць тэрыторыяў» занепакоіла нават некаторых ягоных супартыйцаў-рэспубліканцаў. Таксама выданне сцвярджае, што амерыканскія заканадаўцы рыхтуюць законапраект у падтрыманне Украіны, што адлюстроўвае занепакоенасць абедзвюх партыяў лёсам гэтае краіны. 


Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй-Ды Вэнс жа адказаў на ранейшыя словы Зяленскага пра тое, што той апраўдвае дзеянні Пуціна: маўляў, не падтрымлівае тых дзеянняў, а «спрабуе зразумець, якія іх стратэгічныя чырвоныя лініі», а таксама «спрабуе зразумець, як украінцы намагаюцца выйсці з канфлікту».


ЗША і Украіна нарэшце дамовяцца пра выкапні?


Сварка Трампа і Зяленскага адбылася перад планаваным падпісаннем угоды пра доступ ЗША да карысных выкапняў Украіны – Зяленскі пытаў пра гарантыі бяспекі, што абурыла Вэнса, а потым і Трампа. Перамовы аб выкапнях пасля гэтага ўсё ж працягнуліся. Апошні раз амерыканская і ўкраінская дэлегацыі сустракаліся і размаўлялі пра гэта 11 красавіка. 

Перамовы ЗША і Украіны ў Джыдзе, Саудаўская Аравія. 11 сакавіка 2025 года. Фота: Ru.usembassy.gov

Ці дамовяцца хоць пра штосьці ЗША, Расея і Украіна? Яны па-рознаму разумеюць, на што ўжо дамовіліся

Аналітыка

Апошнія перамовы прайшлі пазітыўна, расказаў Зяленскі 15 красавіка на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з генеральным сакратаром NATO ў Адэсе. Гэта супярэчыць ранейшым паведамленням ананімных крыніцаў пра «антаганістычную атмасферу». Паводле Зяленскага, перамовы будуць працягвацца онлайн і офлайн да канца цяперашняга тыдня, а пасля ўсіх кансультацыяў каманды пакажуць, «што яны напрацавалі». Міністарка эканомікі Украіны Юлія Свырыдэнка пацвердзіла, што ў перамовах са Штатамі быў «пазітыўны новы крок» ды «істотны прагрэс».


Сакратар Дзяржаўнай скарбніцы (міністр фінансаў) ЗША Скот Бэсэнт 16 красавіка заявіў, што «мы вельмі-вельмі блізкія» да падпісання дамовы – яно можа адбыцца ўжо гэтым тыднем. Што менавіта будзе ў дамове, пакуль не раскрываюць, але «Bloomberg» піша, што ЗША змякчылі патрабаванні да выплатаў з боку Украіны і знізілі ацэнку амерыканскай дапамогі Украіне з 300 млрд да 100 млрд долараў.

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп. Вашынгтон, ЗША. 14 красавіка 2025 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: The White House / Flickr
Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп. Вашынгтон, ЗША. 14 красавіка 2025 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: The White House / Flickr

ЗША разглядаюць патэнцыйнае развіццё партнёрства з Расеяй як магчымы стымул да спынення вайны, заявіла 15 красавіка прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Лэвіт. Але спачатку хочуць пабачыць прыпыненне агню. З гэтым могуць быць праблемы: Пуцін абяцаў Трампу спыніць агонь па ўкраінскай энергетыцы з 25 сакавіка – Украіна з таго часу налічыла 30 парушэнняў абяцанага. Расея ж, паводле крыніцы «Bloomberg», ужо просіць у ЗША пасля прыпынення агню права скарыстацца замарожанымі актывамі для куплі самалётаў «Boeing».


Што прапануюць Украіне ў абмен на прыродныя рэсурсы, невядома. Трамп даўно кажа, што не стане даваць Украіне гарантыяў бяспекі і абяцанняў наконт далучэння да NATO. У NATO кажуць інакш: генеральны сакратар Марк Рутэ заяўляў у Адэсе, што хоць далучэнне да NATO не будзе часткай мірнае ўгоды, але шлях Украіны да NATO «незваротны», а мэта Захаду – забяспечыць для Украіны справядлівы мір.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10