Меркаваннi

Прайд, сцяг і меншасці, якія памыляюцца

Удзельнікі Маршу годнасці ў Вільні, Літва. 7 чэрвеня 2025 года. Фота: Mindaugas Kulbis / AP Photo / East News
Удзельнікі Маршу годнасці ў Вільні, Літва. 7 чэрвеня 2025 года. Фота: Mindaugas Kulbis / AP Photo / East News
podpis źródła zdjęcia

Пасля таго, што адбылося ў Вільні на ЛГБТ-прайдзе, мне вельмі хацелася б раззлавацца. Як так можна, што нейкія беларусы вырашылі, што яны больш беларускія за іншых і дыктуюць, як і каму выкарыстоўваць наш нацыянальны сцяг! Ах, як яны пасмелі, ды кім яны сябе лічаць, гэта абразліва! Але не выходзіць у мяне злавацца, настолькі гэта смешна і абсурдна.

Добраахвотнікі ва Украіне пагражаюць «разабрацца» з тымі, хто ідзе на прайд з беларускім сцягам у Літве. Пэўныя каментатары ў сацыяльных сетках іх падтрымліваюць, і ўсе пры гэтым прыпісваюць бела-чырвона-белы сцяг нейкай сваёй супольнасці.

,,

У іншых абставінах гэтыя людзі маглі б добра перасварыцца паміж сабой, але гамафобія – добры сацыяльны клей, таму ўсе яны аб’ядналіся, каб сказаць: «не смейце несці нацыянальны сцяг на ЛГБТ-шэсце, бо ўсіх задукаментуем, ідэнтыфікуем, з усімі разбяромся, а вайна ўсё спіша».


Па-першае, у мяне кепскія навіны для тых, хто думае, што пасля ўдзелу ў вайне яны сталі недатыкальнымі нацыянальнымі героямі, якім можна ўсё. Вас чакае вялікае расчараванне: тое, што на вайне ёсць часткаю вашай працы, у мірным жыцці будзе злачынствам. І не, ніякай індульгенцыі ў вас няма і не будзе. Цывілізаваны свет працуе паводле нормаў права, а не чыіхсьці асабістых уяўленняў пра дабро і зло.


Па-другое, не магу я ўспрымаць гэтыя прэтэнзіі да выкарыстання сцяга больш сур’ёзна за тое, як трохгадовае дзіця махае кулакамі, бо ў суседскага дзіцяці такая ж цацка. Вядома, хацелася б, каб у дарослых людзей быў больш высокі ўзровень рэфлексіі і менш лагічных памылак у разважаннях. Каб быў хоць бы кансэнсус, што раз сцяг называецца нацыянальным, дык ён належыць нацыі, а не маленечкай супольнасці ў ёй. Але маем што маем.

,,

Найбольш іранічна для мяне тут тое, што праварадыкальныя асобы, якія часта вельмі негатыўна настроеныя супраць розных меншасцяў, не разумеюць, што самі яны – такая ж меншасць. І што ідэя, нібыта беларускі сцяг належыць выключна ім, – гэта проста іхная фантазія, з якой ніхто па-за іхнаю супольнасцю не абавязаны лічыцца.


І што, калі ім так цяжка бачыць гэты сцяг на ЛГБТ-шэсці, дык гэта праблема іхная, а не шэсця.


Чамусьці гэтыя людзі ўпэўнены, што яны ўладары ўсёй нацыі, і вось праўда, яшчэ пяць гадоў таму я б сур’ёзна і па пунктах з імі дыскутавала, але цяпер проста хіхікаю з таго, наколькі крохкаю зноў аказваецца таксічная маскуліннасць.


Бо што будзе наступнаю забаронаю? Насіць штаны ў мірным жыцці, бо ў іх паміралі на вайне? Надзяваць вышыванкі ў офіс, бо гэта абразліва для тых, хто кінуў офісную працу, каб стацца добраахвотнікам? Ну смешна ж, праўда. Бягу, так бы мовіць, валасы назад.

Бел-чырвона-белы сцяг на прайдзе ў Вільні. Фота: Наша Ніва
Бел-чырвона-белы сцяг на прайдзе ў Вільні. Фота: Наша Ніва

Ведаеце, у сацыяльных сетках ёсць такі трэнд, дзе жанчыны на абсурдныя сексісцкія прэтэнзіі ад мужчынаў адказваюць так, нібыта гэта не дарослыя мужчыны, а маленькія дзеці. Вось і мне хочацца адказваць так жа на прэтэнзіі да выкарыстання сцяга. «Так, зайчыку, гэта твой сцяг, толькі твой, не хвалюйся». Альбо «не, харошы мой, мы такія словы не выкарыстоўваем, не-не». Хоць, зноўку ж, троху дзіўна, што прэтэнзіі дарослых асобаў настолькі нагадваюць дзіцячыя.

,,

Што датычыць уласна пагрозаў ад некаторых ваяроў, дык і тут няма чаму здзіўляцца. Хіба для кагосьці сакрэт, што сярод беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне шмат гамафобаў? Ці што чалавек на вайне не робіцца «лепшаю версіяй сябе»? Ці што адчуванне ўлады, якое з’яўляецца ад валодання і ўжывання зброі, нясе вялікую небяспеку? Усё гэта пабочныя эфекты любой вайны. 


Чытайце таксама:
Архіўнае фота. Наста Базар на акцыі да Дня Волі. Кракаў, Польшча. 25 сакавіка 2023 года. Фота: Белсат

Каму няма квіткоў у Новую Беларусь? Наста Базар – пра стаўленне беларусаў да ўразлівых групаў

Як бы банальна гэта ні гучала, але, каб не даводзілася ў добраахвотніках расчароўвацца, імі спачатку не трэба зачароўвацца. Гэта супольнасць вельмі розных людзей з вельмі рознаю грамадзянскаю пазіцыяй, і аб’ядноўвае іх толькі жаданне ваяваць. Але чалавеку, чыя праца – развязваць праблему забойствам, можа спатрэбіцца ў будучыні зрабіць вялікую працу над сабою, каб ізноў навучыцца дыскутаваць і проста сыходзіць, прайграўшы ў спрэчцы. Зноўку ж, у гэтым няма нічога новага ці спецыфічна беларускага. Усё, як ува ўсіх.


Тым не менш дзякуй усім, хто, нават будучы супраць прайду як такога ці выкарыстання на ім якой заўгодна сімволікі, знайшоў у сабе сілы не далучацца да нападаў. Асобны дзякуй добраахвотнікам, якія не спрычыняюцца да гэтага абсурду. На вас, так бы мовіць, уся надзея – можа, вашыя пабрацімы, гэтак заклапочаны прайдам у Вільні і сцягамі на ім, хоць да вас прыслухаюцца і зразумеюць, што яны проста яшчэ адна меншасць, якая таксама можа памыляцца.


belsat.eu 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10