навіны

Трамп абвінаваціў Украіну ў пачатку вайны і заявіў, што не мае дачынення да канфлікту

Доналд Трамп разам з прэзідэнтам Сальвадора Наібам Букеле ў Авальнай зале Белага дома. Фота: скрыншот з відэа /  The White House / YouTube
Доналд Трамп разам з прэзідэнтам Сальвадора Наібам Букеле ў Авальнай зале Белага дома. Фота: скрыншот з відэа / The White House / YouTube
podpis źródła zdjęcia

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп фактычна абвінаваціў Украіну ў развязванні вайны з Расеяй. Адпаведную заяву ён зрабіў падчас прэс-канферэнцыі разам з прэзідэнтам Сальвадора Наібам Букеле.

На пытанне журналіста, ці абмяркоўваў ён з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім магчымасць закупкі дадатковых зенітных ракетных комплексаў «Patriot», Доналд Трамп адказаў:

,,

«О, я не ведаю. Ён заўжды імкнецца атрымаць ракеты, вы ж ведаеце. Ён супраць… Слухайце, калі вы пачынаеце вайну, вы павінны ведаць, што зможаце яе выйграць, так? Нельга пачынаць вайну супраць таго, хто пераўзыходзіць цябе ў 20 разоў, а потым спадзявацца, што табе дадуць ракеты», – сказаў амерыканскі прэзідэнт.


Такім чынам, са словаў Трампа вынікае, што менавіта Украіна нібыта распачала вайну супраць Расеі.

Пры гэтым Трамп згадаў, што ў часы свайго прэзідэнцтва перадаваў Украіне ўзбраенне – у прыватнасці, у канцы 2017 года Кіеў атрымаў 37 пускавых установак Javelin і больш за 200 ракет да іх. Паводле слоў кіраўніка Белага дому, менавіта гэтае ўзбраенне і дазволіла Украіне «выйграць першую вялікую бітву з танкамі».

Таксама Трамп размясціў заяву на сваёй сацыяльнай платформе Truth Social, дзе паўтарыў абвінавачанні ў адрас украінскага прэзідэнта і свайго апанента Джо Байдэна:

,,

«Вайна паміж Расеяй і Украінай – гэта вайна Байдэна, а не мая… Я не маю ніякага дачынення да гэтай вайны, але старанна працую над тым, каб смерць і разбурэнні спыніліся. Калі б прэзідэнцкія выбары 2020 года не былі сфальсіфікаваныя, а яны былі сфальсіфікаваныя шмат у чым, гэтай жудаснай вайны ніколі б не адбылося. Прэзідэнт Зяленскі і ашуканец Джо Байдэн зрабілі абсалютна жудасную працу, дазволіўшы гэтай трагедыі пачацца. Было так шмат спосабаў яе прадухіліць. Але гэта ўжо мінулае. Цяпер мы павінны спыніць гэта, і хутка. Вельмі шкада!»


Гэта не першы раз, калі Трамп выказваецца крытычна на адрас Зяленскага. Раней ён ужо называў украінскага прэзідэнта «дыктатарам» і заяўляў, што той «хацеў працягнення вайны».

Намаганні Трампа па спыненні вайны ва Украіне не прыносяць хуткіх вынікаў, хаця яшчэ да пачатку свайго прэзідэнцтва ён заяўляў, што здолее спыніць яе цягам 24 гадзін. Украіна пагадзілася з умовамі спынення агню, прапанаванымі Трампам, у той жа час Расея ўвесь час выстаўляе дадатковыя патрабаванні, сярод якіх – зняцце санкцыяў.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10