Аналітыка

Ці дамовяцца хоць пра штосьці ЗША, Расея і Украіна? Яны па-рознаму разумеюць, на што ўжо дамовіліся

Перамовы ЗША і Украіны ў Джыдзе
Перамовы ЗША і Украіны ў Джыдзе, Саудаўская Аравія. 11 сакавіка 2025 года. Фота: Ru.usembassy.gov
podpis źródła zdjęcia

25 сакавіка завяршыліся перамовы ў Саудаўскай Аравіі. Яны ішлі асобна – між ЗША і Расеяй ды ЗША і Украінай. Усе тры бакі падалі розныя версіі таго, на што дамовіліся. Ці нармальная гэта практыка і ці можа быць плён?

Ліквідацыя наступстваў расейскай атакі дронамі па горадзе Ахтырка ў Сумскай вобласці, Украіна. 26 сакавіка 2025 года. Скрыншот: Рятувальники Сумщини / Telegram

ЗША, Расея і Украіна не дамовіліся расказаць адну версію таго, на што дамовіліся. Агонь не спыніўся

Вайна

Вынікі перамоваў наступныя. Паводле версіі Белага дому, Расея і Украіна паасобку дамовіліся з ЗША запэўніць бяспечную навігацыю ў Чорным моры і распрацаваць захады для выканання пагадненняў аб спыненні ўдараў па энергетычнай інфраструктуры, вітаць паслугі трэціх краінаў дзеля падтрымкі пагадненняў і разам працаваць дзеля трывалага міру. Паводле Крамлю, бяспечная навігацыя ў Чорным моры будзе гарантаваная толькі пасля зняцця шэрагу санкцыяў, звязаных з расейскай харчовай прамысловасцю і галіной марскога транспарту, а спыненне ўдараў па інфраструктуры нібыта ўжо пачалося. Версія Украіны паўтарае версію ЗША, але з дадаткам: перасоўванне Расеяй сваіх ваенных караблёў за межы ўсходняй часткі Чорнага мора будзе расцэньвацца як парушэнне духу гэтага пагаднення.


Гэткі фармат перамоваў безнадзейны?


Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі кажа «Белсату», што такі фармат перамоваў досыць распаўсюджаны ў выпадках, калі бакі канфлікту не могуць размаўляць наўпрост адно з адным. Тады патрэбная нейкая трэцяя сіла, якая можа выконваць медыяцыйныя функцыі. Але рызыкі такога фармату ў тым, што могуць быць рознагалоссі, супярэчанні ў тым, хто як каго чуе. 


«Кожны з гэтых трох бакоў з рознай матывацыяй падыходзіць да саміх перамоваў, і ёсць розная культура, – адзначае Кавалеўскі. – Мы разумеем, што расейскі бок будзе заўжды спрабаваць маніпуляваць, манеўраваць, падманваць». 

Украінскія вайскоўцы. Фота: @GeneralStaffUA / Х

Сталі вядомыя «мэты СВА», якіх патрабавалі ад Украіны на перамовах у Беларусі

навіны

Гэта, мяркуе Кавалеўскі, было відаць з самога пачатку. Трамп стаў у загадзя нявыгадную сітуацыю: казаў, што абавязкова тэрмінова трэба спыніць вайну, паказаў падвышаны інтарэс ва ўзаемадзеянні з Расеяй у іншых праблемах, як на тэму Ірану. І паралельна Трамп аслабляе пазіцыю ЗША праз стасункі з саюзнікамі з NATO: сварыцца з Канадаю, пагражае Грэнландыі… Усё гэта абмяжоўвае прастору для Трампа і дае магчымасці Расеі больш уплываць і маніпуляваць працэсамі. 


Дактрына Трампа «мір праз сілу» аднабакова ўжываецца ў гэтых перамовах, мяркуе Кавалеўскі: ціск чыніцца на Украіну, а Расея толькі атрымлівае бенефіты ад гэтай размовы. І фармат перамоваў, і «кавалерыйскі наскок» Трампа да тэмы сканчэння вайны стварае для Расеі магчымасці, якімі яна намагаецца карыстацца ў сваіх інтарэсах. У інтарэсах Крамля – заблытаць працэс і амерыканскі бок, выстаўляць новыя ўмовы і дамагацца новых саступак.

,,

«Расея і Пуцін даволі ўдала карыстаюцца гэтымі абставінамі, каб мяняць умовы дамоўленасцяў фактычна на хаду», – кажа Кавалеўскі.


Адно з галоўных супярэчанняў новага раўнду перамоваў было ў рознай інтэрпрэтацыі паслядоўнасці дзеянняў. Паводле ЗША, яны гатовыя ў будучыні здымаць санкцыі і спрыяць таму, каб Расея аднавіла пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі на сусветны рынак. А Расея кажа, што спачатку мусяць быць знятыя санкцыі, а пасля можна будзе казаць аб прыпыненні агню.


У перамовах аптымальны фармат – каб бакі пагадзіліся на нейкі выніковы тэкст і падпісалі яго, канстатуе Кавалеўскі. Але ў выніку апошніх на сёння перамоваў бакі не змаглі прыйсці да супольнага тэксту. З тых публічных камунікацыяў, што бачыў суразмоўца, ён робіць выснову: бакі першапачаткова дамовіліся, што ніякіх публічных камунікацыяў не будзе, але праз пэўны час Вашынгтон выйшаў са сваёй інтэрпрэтацыяй, а Расея палічыла неабходным выказаць сваю.


Наколькі гэта спрыяе перамоўнаму працэсу, дасягненню дамоўленасцяў? Кавалеўскі бачыць супярэчлівыя сігналы. З аднаго боку, добра, што размовы распачаліся і нават перайшлі на тэхнічны ўзровень: украінскі бок перадаў спіс аб’ектаў, якія павінны быць часткаю дамоўленасцяў. З другога – блытаніна можа зацягнуцца, як вузел, і прывесці да таго, што дамовы проста заблытаюцца ў інтэрпрэтацыях:


«Якія ўмовы, да чаго мы хочам прыйсці, хто што павінен зрабіць, які баланс у гэтых саступках з абодвух бакоў? – пералічвае Кавалеўскі. – Такія сітуацыі могуць прыводзіць да зрыву перамоваў увогуле».


Чаўночная дыпламатыя – не найлепшая ідэя для міждзяржаўных перамоваў


Гэты спосаб перамоваў незвычайны, расказвае «Белсату» кансультант у галіне міжнародных палітычных рызык Мікола Пачкаеў. І ўвогуле сітуацыя, калі бакі не кантактуюць, акрамя як праз пасярэдніка, даволі рэдкая ў дыпламатыі. 


Аднак гэты спосаб перамоваў, працягвае Пачкаеў, добра вядомы ў прыватнай камерцыйнай і юрыдычнай сферы: праз юрыстаў, рыэлтараў, праз спецыялізаваныя пасярэдніцкія кампаніі медыятараў. І гэты спосаб мае выглядаць як нармальны варыянт для канкрэтна Доналда Трампа ды ягонага атачэння. Да таго, як Трамп стаў прэзідэнтам, ён быў бізнесоўцам (найперш у сферы нерухомасці, а таксама ў забаўляльным бізнесе). 


У дыпламатыі гэта называецца «shuttle diplomacy» (з англ. 'чаўночная дыпламатыя'). Прамоўтарам гэткай дыпламатыі, расказвае Пачкаеў, быў амерыканскі дыпламат Гэнры Кісінджэр – дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы ў 1969–1975 гадах і Дзяржаўны сакратар ЗША ў 1973–1977 гадах. 

На пярэднім плане злева направа: прэм’ер-міністарка Ізраілю Голда Мэйр, прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан, дзяржаўны сакратар ЗША Гэнры Кісінджэр. Вашынгтон, ЗША. 1 лістапада 1973 года. Фота: Marion S. Trikosko / Loc.gov
На пярэднім плане злева направа: прэм’ер-міністарка Ізраілю Голда Мэйр, прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан, дзяржаўны сакратар ЗША Гэнры Кісінджэр. Вашынгтон, ЗША. 1 лістапада 1973 года. Фота: Marion S. Trikosko / Loc.gov

Пра тое, што гэта за дыпламатыя, хадзіла показка. Кісінджэр сказаў, што можа пажаніць звычайнага мужыка з расейскай вёскі і дачку мільярдэра Джона Ракфэлера. Прапанаваў звычайнаму мужыку з расейскай вёсцы ажаніцца на амерыканскай габрэйцы – той адмовіў. Кісінджэр удакладніў, што яна дачка мільярдэра, і мужык пагадзіўся. Прыехаў у праўленне швейцарскага банку і прапанаваў зрабіць звычайнага расейскага мужыка прэзідэнтам банку – там адмовілі. Кісінджэр удакладніў, што гэта зяць Ракфэлера, і банк пагадзіўся. Прапанаваў Ракфэлеру выдаць дачку за расейскага мужыка – той адмовіў. Кісінджэр удакладніў, што гэта прэзідэнт праўлення швейцарскага банку, і Ракфэлер пагадзіўся. Нарэшце, Кісінджэр прапанаваў дачцэ Ракфэлера выйсці замуж за старшыню праўлення швейцарскага банку – яна адмовіла. Тады ён удакладніў, што гэта здаравенны сібірскі мужык, і яна пагадзілася.


У асабіста Кісінджэра былі пэўныя поспехі, адзначае Пачкаеў. З удзелам Кісінджэра была спыненая «вайна Суднага дня» між арабскімі дзяржавамі і Ізраілем, а затым вайна ў В’етнаме, адбылася пацяпленне ў стасунках ЗША з Кітаем і з СССР. Але апроч Кісінджэра, чаўночнай дыпламатыяй практычна ніхто не карыстаецца. 

,,

«Я скептычна стаўлюся да пераносу практык перамоваў камерцыйных арганізацыяў на міжнародныя дачыненні», – кажа Пачкаеў.


Дзяржавы, тлумачыць ён, – гэта суверэнныя палітычныя адзінкі, а не камерцыйныя адзінкі, што дзеюць у межах права нейкай юрысдыкцыі. Дзяржавы паводзяць сябе паводле іншай унутранай логікі, маюць іншую агентнасць (ступень самастойнасці), іншую адказнасць і іншыя працэдуры легітымнасці рашэнняў, іншыя матывацыі інтарэсаў. Таму, рэзюмуе Пачкаеў, агулам у дзяржаваў «modus operandi» (з лат. 'спосаб дзеяння') зусім не такі, як у камерцыйных структураў, а для неўжывання «камерцыйнага стылю» перамоваў у дыпламатыі ёсць цэлы шэраг важных практычных прычынаў.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Сустрэча дэлегацый ЗША і Украіны ў Джыдзе, Саудаўская Аравія. 11 сакавіка 2025 г. Фота: Salah Malkawi / Getty Images

Да чаго прывялі перамовы ЗША, Расеі і Украіны ў Эр-Рыядзе і калі «раз'юшыцца» Трамп?

Аналітыка

Яшчэ адна адметная дэталь перамоваў ЗША, Расеі і Украіны ў тым, што Расея 25 сакавіка заявіла пра 30-дзённае спыненне агню з 18 сакавіка. Калі гэта не апіска, дык выходзіць, што Расея спыніла агонь за тыдзень да таго, як дамовілася гэта зрабіць у трохбаковых перамовах. 18 сакавіка Пуцін праводзіў тэлефонную размову з Трампам і, паводле расейскіх медыяў, пагадзіўся на прапанову Трампа спыніць на 30 дзён удары па ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры. Ды пасля гэтага – як у той жа вечар, так і ў наступныя дні – Расея працягнула наносіць удары па ўкраінскіх энергетычных аб’ектах.


Ці здаралася ў гісторыі так, што ў адзін дзень дамовіліся спыніць агонь тыдзень таму, хоць цягам мінулага тыдня агонь не спыняўся? Спынення агню прамінулым днём, як у цяперашнім выпадку, Пачкаеў можа прыгадаць. Пагадненні спыніць агонь найчасцей прызначаюцца на будучую дату, каб бакі маглі выдаць баявыя загады і давесці іх да ўсіх сваіх войскаў на лініі баявога кантакту.  


Тэарэтычна магло б быць пагадненне прамінулым днём, калі б агонь ужо быў спынены на нейкім участку тэатру ваенных дзеянняў, разважае Пачкаеў. Напрыклад, калі б на марскім участку агонь быў ужо раней спынены, а пагадненне толькі б фармалізавала гэта. У выпадку вайны ва Украіне такога не назіралася.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10