Аналітыка

Да чаго прывялі перамовы ЗША, Расеі і Украіны ў Эр-Рыядзе і калі «раз'юшыцца» Трамп?

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Сустрэча дэлегацый ЗША і Украіны ў Джыдзе, Саудаўская Аравія. 11 сакавіка 2025 г. Фота: Salah Malkawi / Getty Images
Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Сустрэча дэлегацый ЗША і Украіны ў Джыдзе, Саудаўская Аравія. 11 сакавіка 2025 г. Фота: Salah Malkawi / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Трэці дзень у сталіцы Саудаўскай Аравіі Эр-Рыядзе праходзяць перамовы адносна вайны Расеі ва Украіне. Акрамя саміх гэтых краін, у абмеркаванні ў стылі чаўночнай дыпламатыі актыўна ўдзельнічаюць ЗША. Але пакуль ні пра якія дамоўленасці казаць не даводзіцца, і нават анансаваная сумесная амерыкана-расейская заява не адбылася.

23 сакавіка дэлегацыя ЗША сустрэлася ў Эр-Рыядзе з украінскімі афіцыйнымі асобамі. Міністр абароны Украіны Рустэм Умераў па выніках перамоваў паведаміў, што размова з амерыканскай дэлегацыяй была «канструктыўнай і змястоўнай», не ўдаючыся ў дэталі. 24 сакавіка стартавала сустрэча дэлегацый ЗША і Расеі, якая доўжылася 12 гадзін.


Ход перамоў увечары пракаментаваў прэзідэнт ЗША Доналд Трамп. Ён сказаў, што чакае хуткага падпісання пагаднення з Украінай аб здабычы рэдказямельных матэрыялаў. Палітык таксама паведаміў, што Штаты абмяркоўваюць з Украінай магчымае валоданне амерыканскімі кампаніямі ўкраінскай электрастанцыяй, мяркуючы з усяго Запарожскай АЭС, якая знаходзіцца пад кантролем расейскіх войскаў, «бо ў нас ёсць досвед».

,,

«Цяпер мы гаворым пра тэрыторыю. Мы гаворым пра дэмаркацыйныя лініі, пра ўладу, пра ўласнасць на электрастанцыі», – сказаў ён, дадаўшы, што ўзнікаюць і іншыя пытанні.


У сваю чаргу прэс-сакратарка Дзярждэпартаменту ЗША Тэмі Брус заявіла на брыфінгу, што Расея і Украіна «ніколі не былі бліжэйшымі, чым цяпер» да поўнага спынення агню. Яна сказала, што Вашынгтон працуе з Масквой і Кіевам над спыненнем агню ў Чорным моры, пасля чаго можна будзе пачаць абмяркоўваць далейшыя пытанні. Брус адзначыла, што ЗША хочуць «поўнага аднаўлення мірнай камерцыйнай дзейнасці» у Чорным моры. З нагоды патэнцыйнага мірнага пагаднення яна заявіла, што «абодвум бакам давядзецца ісці на кампрамісы».


Паводле інфармацыі CBS News, ЗША і Расея павінны былі зрабіць 25 сакавіка сумесную заяву наконт пагаднення аб спыненні агню ў Чорным моры. Дакумент меў быў быць апублікаваны а 11:00 паводле менскага часу. Пры гэтым крыніцы называлі аптымістычнымі справаздачы, якія былі прадстаўленыя адміністрацыі Трампа тэхнічнай групай ЗША ў Эр-Рыядзе. Аднак ніякіх заяваў апублікавана не было.


Між тым 25 сакавіка афіцыйныя асобы Украіны і ЗША правялі ў Эр-Рыядзе чарговы раўнд перамоваў. Напярэдадні іх анансаваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які адзначыў, што Расея «зацягвае гэтую вайну і здзекуецца з нашых людзей і з усяго свету». З ягоных слоў, «каб даціснуць Расею да міру, патрэбныя моцныя рэчы, моцныя крокі».

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Украінцы трымаюць плакаты на мітынгу з заклікам да ўрада ЗША дапамагчы вызваліць украінскіх ваеннапалонных, якія ўтрымліваюцца ў Расеі, перад амбасадай ЗША ў Кіеве, Украіна. 6 сакавіка 2025 года. Фота: Maxym Marusenko / NurPhoto / East News
Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Украінцы трымаюць плакаты на мітынгу з заклікам да ўрада ЗША дапамагчы вызваліць украінскіх ваеннапалонных, якія ўтрымліваюцца ў Расеі, перад амбасадай ЗША ў Кіеве, Украіна. 6 сакавіка 2025 года. Фота: Maxym Marusenko / NurPhoto / East News

Не чакаючы заканчэння гэтай сустрэчы, прадстаўнікі расейскай дэлегацыі вылецелі ў Маскву. Рыгор Карасін, кіраўнік камітэту Савету Федэрацыі РФ па міжнародных справах, сказаў, што перамовы РФ і ЗША працягнуцца з удзелам міжнароднай супольнасці, уключаючы ААН і асобныя краіны.


«Абмяркоўвалася ўсё, быў насычаны, няпросты дыялог, але вельмі карысны для нас і для амерыканцаў. Многія праблемы абмеркавалі. Вядома, далёка не ўсе вырашылі, не ва ўсім пагадзіліся, але тое, што такая размова адбылася, мне здаецца, гэта вельмі своечасова», – заявіў ён.


У сваю чаргу прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што бакі правялі толькі «тэхнічныя кансультацыі», і іх змест абнародвацца не будзе. Пасля таго, як даклады дэлегацый прааналізуюць у Маскве і Вашынгтоне, «можна будзе казаць пра нейкае разуменне», дадаў Пяскоў.


З ягоных словаў, кантакты РФ і ЗША «будуць прадаўжацца, але канкрэтыкі пакуль няма», яна «будзе ўзгодненая». Пяскоў таксама паведаміў, што Пуцін і Трамп пакуль не плануюць размову на вышэйшым узроўні, як не плануецца і трохбаковая сустрэча прадстаўнікоў Масквы, Вашынгтона і Кіева. Акрамя таго, ён не стаў удакладняць, якія краіны могуць быць прыцягнутыя да перамоваў РФ і ЗША.

,,

«Перамовы завяршыліся тым, што пра вынікі папярэднія, якія там былі дасягнутыя, зараз дакладваюць прэзідэнту Расеі, прэзідэнту Злучаных Штатаў. Абмяркоўвалі там, як і ўмовіліся Пуцін і Трамп, перш за ўсё пытанні бяспечнага суднаходства на Чорным моры», – заявіў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў.


Ён сказаў, што ў пытанні Чарнаморскай угоды Масква не пацерпіць «ніякіх двухсэнсоўнасцяў», а сама яна павінна быць у «больш прымальнай для ўсіх» форме. Пры гэтым, па словах Лаўрова, Масква не можа верыць на слова «гэтаму чалавеку» – Зяленскаму – і патрабуе «загаду з Вашынгтона» Украіне.


ЗША – гандляры мірам


Палітолаг Іван Праабражэнскі, каментуючы ў эфіры «Вот Так» адсутнасць запланаванай сумеснай заявы ЗША і Расеі, выказаў здагадку, што перамовы не ўдаліся і ніякіх вынікаў дасягнуць не ўдалося.


«Відавочна, што расейскі бок будуе сваю схему так, каб ён мог працягваць з акваторыі Чорнага мора наносіць ракетныя ўдары па сухапутнай тэрыторыі Украіны, а Украіна, відавочна, павінна была запатрабаваць, каб гэтага не адбывалася», – выказаў ён здагадку, нагадаўшы, што ЗСУ змаглі загнаць Чарнаморскі флот РФ «у самыя далёкія гавані, адкуль ён баіцца высоўвацца».

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Пешаходы праходзяць міма плаката з літарай Z, тактычным знакам расейскіх войскаў ва Украіне, каля амбасады ЗША ў Маскве, Расея. 19 сакавіка 2025 года. Фота: Nikita Borissov / AFP / East News
Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Пешаходы праходзяць міма плаката з літарай Z, тактычным знакам расейскіх войскаў ва Украіне, каля амбасады ЗША ў Маскве, Расея. 19 сакавіка 2025 года. Фота: Nikita Borissov / AFP / East News

У сваю чаргу ўкраінскі журналіст і аналітык Сяргей Гармаш адзначыў, што ў Кіева толькі пытаюцца, чаго ён хоча ці на якія кампрамісы можа пагадзіцца. Затым гэта перадаюць Расеі, пасля чаго ўкраінскай дэлегацыі даводзяць тыя дамоўленасці, якія былі дасягнутыя паміж ЗША і РФ, змушаючы пагадзіцца з імі.


«Альбо наадварот, яны будуць даводзіць да Расеі пазіцыю Украіны, разумеючы, што Украіна не можа пайсці на саступкі ў нейкіх пытаннях. Шукаць нешта сярэдняе, але пры гэтым выгандлёўваць і ад таго, і ад іншага боку нешта для сябе. У дадзеным выпадку Злучаныя Штаты не з'яўляюцца пасярэднікам, яны зʼяўляюцца гандляром мірам», – сказаў Гармаш.


Ён не выключыў, што вынікам перамоваў можа стаць дамоўленасць аб спыненні агню ў Чорным моры, паколькі гэта выгадна ў тым ліку і Расеі, і на гэта ёсць згода Украіны. Гэта, па ягоных словах, дазволіць Трампу «казаць пра перамогу і пра прасоўванне ў перамовах».


Аднак у цэлым Гармаш бачыць толькі «зацягванне дыпламатычнага працэсу ўсімі яго бакамі і інсцэніраванне Злучанымі Штатамі нейкіх феерычных поспехаў, якія нібыта дасягае Доналд Трамп». На яго думку, прэзідэнт ЗША праз свае псіхалагічныя асаблівасці «будзе называць поспехам любы зрух, часта чыста сімвалічны».


Неадэкватныя чаканні ЗША


Праабражэнскі падкрэсліў, што «завышаныя цалкам відавочна і не цалкам адэкватныя чаканні амерыканскіх перамоўшчыкаў натыкаюцца на нежаданне Расеі ў рэальнасці падпісваць якія-небудзь пагадненні і на імкненне максімальна тармазіць перамоўны працэс».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Расея панесла ва Украіне найбуйнейшыя страты з 1945 года – выведка Брытаніі

Вайна

«У іх [ЗША. – Рэд. belsat.eu] ёсць адчуванне, што ў іх ёсць нейкая суб'ектнасць для таго, каб ціснуць і на Расею, і на Украіну. Але ў рэальнасці субʼектнасць Украіны прыкметна вышэй, чым ад яе чакалі, і яна не згаджаецца на загадзя пройгрышныя рашэнні, пакуль па меншай меры ні на адно з іх так і не пагадзілася. Трамп ужо які тыдзень распавядае пра тое, што гатовае да падпісання пагадненне аб карысных выкапнях Украіны, якія перадаваліся б, фактычна, у канцэсію амерыканцам, яно дагэтуль не падпісанае. Ніводная пастанова, узгодненая нібыта з Расеяй, не выконваецца самой жа Расеяй, у тым ліку пагадненне нібыта аб ненанясенні ўдараў па энергетычных абʼектах», – сказаў Праабражэнскі.


Ён выказаў здагадку, што расейская дэлегацыя на гэтыя перамовы ехала з вялікім пакетам дадатковых умоваў, на падставе якіх яна пагадзілася б спыніць удары па энергетычных абʼектах і ў Чорным моры.


Пуцін не хоча міру, але яму выгадныя перамовы


Эксперты згаджаюцца з тым, што Пуцін не зацікаўлены ў спыненні агню, тым больш, што расейскае войска прадаўжае наступаць на розных кірунках ва Украіне і выцясняць ЗСУ з Курскай вобласці РФ. Пры гэтым Пуцін «будзе цягнуць час і не адмаўляць Трампу, таму што гэтыя перамовы з Трампам – гэта кручок, на які Расея злавіла Трампа», сказаў Гармаш.

,,

«Расея пачне рэальныя перамовы аб перамір'і тады, калі яе армія спыніцца», – заявіў Праабражэнскі.


Гармаш адзначыў, што Пуцін будзе даваць прэзідэнту ЗША «нешта, па ледзь-ледзь, але не даваць у цэлым тое, што хоча Трамп». Ён падкрэсліў, што здача Украінай сваіх тэрыторый або прызнанняў тых, што ўжо анэксаваныя Расеяй, чаго дамагаецца Крэмль, абсалютна нерэальныя. Пры гэтым ён не выключыў таго, што Пуцін можа пагадзіцца не захопліваць тыя часткі Херсонскай і Запарожскай абласцей Украіны, на якіх не праводзіўся «рэферэндум» аб іх далучэнні да РФ.


«Але калі Пуцін будзе бачыць, што сапраўды расейскія войскі паспяхова прасоўваюцца, што Трамп яму працягвае эфектыўна дапамагаць у гэтым пытанні, то, вядома, ён можа пашырыць свае апетыты і да захопу Запарожжа, Херсона і цалкам гэтых абласцей. Але на сённяшні дзень гэта вялікі лаг для дыпламатычнай працы», – заявіў Гармаш.


Гэта не бізнес-перамовы


Неразуменне жаданняў Крамлю Вашынгтонам Праабражэнскі патлумачыў як асабістымі асаблівасцямі Трампа, які адсейвае інфармацыю, калі тая «не ўнушае яму даверу», так і нізкай кваліфікацыяй новай амерыканскай адміністрацыі. Са словаў Гармаша, сваёй палітыкай «фактычна Трамп заахвочвае агрэсара» і «пацыфікуе Украіну для таго, каб угаварыць Пуціна спыніцца».

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Жанчына выказвае сваю пашану, гледзячы на партрэты загінулых амерыканскіх добраахвотнікаў на плошчы Незалежнасці падчас цырымоніі ўшанавання памяці шасці амерыканцаў, якія загінулі ў баях за Украіну. Кіеў, Украіна. 14 сакавіка 2025 года. Фота: Danylo Antoniuk / Anadolu via Getty Images
Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Жанчына выказвае сваю пашану, гледзячы на партрэты загінулых амерыканскіх добраахвотнікаў на плошчы Незалежнасці падчас цырымоніі ўшанавання памяці шасці амерыканцаў, якія загінулі ў баях за Украіну. Кіеў, Украіна. 14 сакавіка 2025 года. Фота: Danylo Antoniuk / Anadolu via Getty Images

«Амерыканскія перагаворшчыкі думаюць, што яны на бізнес-перамовах, дзе спачатку паднялі стаўкі, а потым абодва бакі зацікаўлены ў тым, каб заключыць пагадненне і пачынаюць гэтыя стаўкі паступова ўзаемна паніжаць. Дык вось, гэта не той выпадак, у якім яны цяпер апынуліся, і гэта не тая схема, па якой дзейнічае Уладзімір Пуцін. Уладзімір Пуцін разумее мову сілы, гэта даўно вядома, і на любыя саступкі рэагуе павышэннем сваіх патрабаванняў», – сказаў Праабражэнскі.


Гармаш не выключыў, што Пуцін «можа падарыць Трампу падарунак да Вялікадня» – 30-дзённае перамір'е, пра жаданне якога пісаў Bloomberg. Аднак, сказаў ён, «нават 30 дзён яно дакладна не пратрымаецца», а «потым Расея яго парушыць, перагрупаваўшы свае сілы, выкарыстоўваючы яго ў сваіх інтарэсах».


Праабражэнскі мяркуе, што ў выпадку настойлівасці Трамп «паступова здолее дамагчыся нейкіх перамірʼяў», але Расея ў адказ выбудуе дадатковыя патрабаванні па іншых пытаннях. Таму, заявіў ён, у лепшым выпадку перамірʼе будзе заключана да лета, але ніяк не да Вялікадня, як таго хочуць ЗША, і не да 9 траўня, як жадаюць у Крамлі.


Украіна як прэцэдэнт для Грэнландыі


Праабражэнскі не выключыў таго, што Трамп «канчаткова разʼюшыцца» праз немагчымасць дамагчыся заканчэння вайны. У такім выпадку, на думку палітолага, ёсць два варыянты. У першым ЗША могуць самаўхіліцца, абвінаваціўшы ў зрыве перамоваў Расею, Украіну і Еўразвяз, у другім – Вашынгтон пяройдзе да жорсткага ціску на Маскву пры дапамозе санкцый і стварэння для яе праблем у іншых рэгіёнах, напрыклад, на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы. Праабражэнскі мяркуе, што такім чынам наўрад ці ўдасца прымусіць Расею да спынення вайны, аднак «гэта лішнія праблемы, якіх Крэмль хацеў бы пазбегнуць».

Прэзідэнты Украіны і ЗША Уладзімір Зяленскі і Доналд Трамп на сустрэчы ў Белым доме. Вашынгтон, ЗША. 28 лютага 2025 года. Фота: The White House / Flickr

Чаго ЗША хочуць ад Украіны: тэрытарыяльных саступак Расеі, капітуляцыі, спынення вайны любой цаной?

Вайна

Праабражэнскі падкрэсліў, што Пуцін увайшоў у гэтыя перамовы для таго, каб «па максімуму атрымаць», нічога не даючы наўзамен. Таму Крэмль у рэшце рэшт можа часткова задаволіць патрабаванні Трампа, «не даючы яму перайсці да палітыкі жорсткага ціску на Маскву, і падсілкоўваючы яго надзеі на тое, што рана ці позна пры дапамозе вось такога пагладжвання і аблізвання Пуціна, яму ўдасца паступова прывесці Пуціна да падпісання паўнавартаснага мірнага пагаднення».


Таго, што Трамп проста «умые рукі», не выключыў і Гармаш. Па ягоных словах, у ЗША дастаткова механізмаў для ціску на Крэмль, аднак Трампу выгадна сёння наладжваць стасункі з Расеяй «і ў бізнес-плане, і ў палітычным». У тым ліку ў пытанні магчымага далучэння Грэнландыі.


«Трамп мадэлюе для сябе такую ж сітуацыю, якую цяпер рэалізоўвае Пуцін. Фактычна анексія тэрыторыі суседняй краіны. Адпаведна, яму патрэбны гэты прэцэдэнт. Яму трэба, каб тая ж Расея ў Радзе Бяспекі потым падтрымала Злучаныя Штаты», – заявіў Гармаш.

P.S. Ужо пасля публікацыі гэтага артыкула Белы дом апублікаваў два паведамленні па выніках перамоваў 23–25 сакавіка ў Эр-Рыядзе з Расеяй і Украінай. Згодна з імі, ЗША дамовіліся з абодвума бакамі забяспечыць бяспечнае суднаходства, выключыць прымяненне сілы і перадухіліць выкарыстанне камерцыйных судоў у ваенных мэтах у Чорным моры. Яны таксама дамовіліся распрацаваць меры па рэалізацыі пагаднення аб забароне ўдараў па энергетычных аб'ектах Расеі і Украіны.


Таксама ЗША дапамогуць Расеі аднавіць доступ на сусветны рынак для экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і ўгнаенняў, знізіць выдаткі на марское страхаванне і пашырыць доступ да партоў і плацежных сістэм для такіх трансакцыяў. Украіне ЗША паабяцалі садзейнічаць абмену ваеннапалоннымі, вызваленню грамадзянскіх затрыманых і вяртанню прымусова перамешчаных украінскіх дзяцей.


Макар Мыш, Маша Макарава / ІР belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10