Раследвальніцкі праект «Сістэмы» атрымаў дакумент, у якім дакладна апісаныя мэты Расеі ў вайне супраць Украіны на пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Згодна з імі, Украіна фактычна мусіла стаць дзяржавай-марыянеткай.
На пачатку поўнамаштабнага ўварвання Уладзімір Пуцін казаў пра «дэмілітарызацыю» і «дэнацыфікацыю» Украіны. За гэтымі словамі стаялі абразлівыя ўмовы, якія выстаўляліся Украіне на перамовах.
«Сістэмы» атрымалі дакумент з патрабаваннямі ад украінскай крыніцы, знаёмай з хадой перамоваў. Дакладнасць дакументу пацвердзіла крыніца з Расеі. Абое папрасілі захаваць іхную ананімнасць. Умовы, якія змяшчаюцца там, абмяркоўваліся 7 сакавіка 2022 года на перамовах у Беларусі.
Расея прапанавала Украіне «рэжым спынення агню» і «мерапрыемствы для спынення баявых дзеянняў». А наўзамен патрабавала ад Украіны:
- скараціць украінскае войска да 50 тысяч асобаў, разам з 1,5 тысячы афіцэрскага складу (гэта ў пяць разоў менш, чым Украіна мела да 2022 года). Таксама ЗСУ Украіны маглі мець толькі 4 караблі, 55 верталётаў і 300 танкаў. Колькасць вайскоўцаў, якія маглі застацца ва ўкраінскім войску, супастаўная з войскам Беларусі, дзе блізу 45 тысяч вайскоўцаў;
- «не распрацоўваць, не вырабляць, не набываць і не размяшчаць на сваёй тэрыторыі ракетныя ўзбраенні любых відаў базавання з далёкасцю страляння, большай за 250 км». На такой адлегласці размешчаны, напрыклад, Крымскі мост ад Украінскага Гуляйполя непадалёк ад лініі фронту;
- пакінуць за Расеяй права ў будучыні забараняць Украіне «любыя іншыя віды ўзбраення, якія могуць быць распрацаваныя ў выніку навуковых пошукаў»;
- прызнаць незалежнасць так званых Данецкай і Луганскай рэспублік у межах адміністрацыйных вобласцяў Украіны. Да 24 лютага 2022 года Расея не кантралявала ніводную з вобласцяў цалкам і так і не дамаглася гэтага на момант публікацыі;
- узяць на сябе выдаткі аднаўлення інфраструктуры Данбасу, разбуранай з 2014 года;
- скасаваць усе санкцыі, як украінскія, так і міжнародныя, і адклікаць усе міжнародныя пазовы, пададзеныя з 2014 года;
- надаць расейскай мове статус дзяржаўнай і аднавіць усе маёмасныя правы Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату;
- адмяніць і больш не ўводзіць любыя забароны сімволікі, асацыяванай у дзяржавах з «перамогай над нацызмам», то бок легалізаваць савецкія і камуністычныя сімвалы і адмовіцца ад дэкамунізацыі.
Арсен Рудэнка belsat.eu