Беларускія праваабаронцы працягваюць штодня сачыць за парушэннямі правоў чалавека і рэпрэсіямі ў нашай краіне. У пятніцу, 13 чэрвеня, стала вядома пра чарговыя суды за салідарнасць з палітвязнямі, катаванні ў СІЗА і калоніях, а таксама пра папаўненне «экстрэмісцкіх» спісаў. Падрабязней – у нашым аглядзе.
У Менскім гарадскім судзе 12 чэрвеня агучылі прысуд тром палітзняволеным – Любові Драгель, Аляксандру Якушкову і Яўгену Бойку. Ім прызначылі ад двух да пяці гадоў калоніі паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні») і арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). За кратамі палітзняволеныя ўтрымліваюцца з верасня 2024 года.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» распавядае, як здзекуецца з палітвязняў адміністрацыя папраўчай калоніі №2 у Бабруйску.
,,«Нас пастаянна палохалі «крытай турмой», новай крымінальнай справай паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу і ШІЗА. Некаторых палохалі «петушатняй». Гэта ўсё рабілі аператыўнікі – па сутнасці, толькі яны вырашаюць, што з табой будзе ў калоніі», – дзеліцца былы палітвязень.
У 2023 годзе аператыўнікі выклікалі асуджаных паводле палітычных артыкулаў, і пыталіся, ці лічаць тыя сябе палітвязнямі і ці ведаюць, што такое «Вясна».
«Пад канец тэрміну ў 2024 годзе мне прапаноўвалі зняцца ў прапагандысцкім інтэрв'ю – казалі, што прыедзе нейкая Гладкая, але я не ведаю, хто гэта такая. Я сказаў, што мне гэта нецікава і адмовіўся. Мне нічога за гэта не было», – распавядае былы зняволены, які прайшоў праз бабруйскую калонію.
13 чэрвеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
У спіс дадалі 20 прозвішчаў. Сярод іншых туды трапіў супрацоўнік лабараторыі інфарматыкі і сувязі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Ігар Шуканаў. Агулам у «спісе экстрэмістаў» цяпер 5407 чалавек.
Таксама 13 чэрвеня адбылося чарговае папаўненне «Спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго трапілі:
• Telegram-каналы і чаты «Беларусы Латвіі», «Навіны Суполкі»;
• Instagram старонка «belhumanrightshouse»;
• Старонкі ў Facebook «Ołówek Druk», «SUPOLKA Беларусаý у Латвіі», «Беларусы Вільні»;
• Відэаролік «Ужасы пресс-отряда в женской колонии Лукашенко. Антонина Коновалова»;
• TikTok-старонка «vitebskexpert».

«Гарадзенская праваабарона» даведалася, што палітвязня Мікіту Самарына ўжо месяц утрымліваюць у рэжыме інкамунікада ў гарадзенскім СІЗА – ад мужчыны няма звестак з 13 траўня. Вядома, што тры тыдні таму яго адправілі ў ШІЗА. Ліставанні і перадачы яму забароненыя. Таксама няма ніякай інфармацыі пра справу Мікіты і дату суда.
Пра затрыманне палітвязня стала вядома 27 сакавіка. Як паведамляў МУС, мужчыну спынілі ў Горадні – дакументаў пры ім не было, таму яму прапанавалі прайсці ў пастарунак. Беларус нібыта аказаў супраціў міліцыянтам і, як сцвярджаецца, зламаў аднаму з іх руку.
Паведамляецца, што мужчына быў у вышуку за тое, што ў жніўні 2020 года нібыта «распыліў у твар праваахоўнікам газавы балончык». За гэта супраць яго распачалі крымінальную справу. Ён зʼехаў з краіны, але потым нелегальна вярнуўся ў Беларусь.
Марыя Міхалевіч belsat.eu