Аляксандр Лукашэнка знайшоў вінаватых у знікненні бульбы ў Беларусі. Паводле яго, гэта не чыноўнікі і прадстаўнікі ўлады, якія безальтэрнатыўна кіруюць краінаю, а іхныя апаненты. Адкуль у апанентаў такія магчымасці, праўда, не растлумачыў.
Аляксандр Лукашэнка, наведваючы кінастудыю «Беларусьфільм» 10 чэрвеня, сказаў, што ў Беларусі няма недахопу бульбы. Паводле яго, дэфіцыт быў створаны штучна, каб паказаць негатыўныя наступствы ўмяшання ў цэнаўтварэнне:
,,«Усяго хапае ў нас. Калі праверыў Камітэт дзяржкантролю некаторых дзеячаў, аказваецца, у палітыцы была справа. Бульбы хапала, але дзесьці прытрымалі, каб паказаць, што вось прэзідэнт у цэнаўтварэнне ўмяшаўся, таму вось вынік. А калі ён з кайданкамі прыйшоў, на стол паклаў – бульба з'явілася. Таму мы гэта ўсё ведаем і разумеем, але я не прымаю вось такіх рэчаў».
З пачатку вясны ў Беларусі назіраецца бульбяны крызіс. Былі дні, калі бульба знікала з продажу. Затым вярнулася, але за цану ў разы вышэйшую, як год таму. У Варшаве і Вільні бульба была таннейшаю, чым у Менску. І калі бульба з’явілася, знікла добрая цыбуля. Потым беларусы пачалі звяртаць увагу на праблемы з капустай, яблыкамі ды іншаю садавіной і гароднінаю, на шалёныя цэны на чарэшні і беларускія трускаўкі… Быў і гурковы, і памідорны калапс.
Прапаганда ў Беларусі абуралася: «Ім абы жэрці». Прадстаўнікі ўладаў скардзіліся спачатку на дастаўцаў агародніны са сховішчаў, потым на клімат. З кліматам сапраўды бяда, аднак незалежныя эканамісты бачылі глыбінную прычыну ў рэгуляванні цэнаў, што адбівала жаданне вырошчваць нерэнтабельныя культуры. Сярод прычынаў называліся таксама санкцыі, у выніку якіх беларусы не могуць закупляць еўрапейскай насеннай бульбы, а беларуская не можа доўга ляжаць у сховішчах і проста гніе. Пры гэтым Беларусь актыўна прадавала бульбу ў суседнюю Расею.
Якуб Хруст belsat.eu