навіны

Якое месца Лукашэнкі ў амерыканска-расейскіх стасунках за Трампам? Разважае Шрайбман

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман у студыі «Белсату»
Палітычны аналітык Арцём Шрайбман у студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 29 снежня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Трамп можа зняць санкцыі з Расеі, а можа і закінуць ідэю пацяплення стасункаў. Калі не закіне, для Лукашэнкі можа адкрыцца акно магчымасцяў, але могуць і зменшыцца бонусы, якія атрымлівае лукашэнкаўская Беларусь ад Расеі. Якое месца Беларусі ў «новым сусветным беспарадку», расказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Актывісты на плошчы Албэртынаплейн (Albertinaplein) у Бруселі патрабуюць больш рашучых міжнародных дзеянняў супраць вайны, якую Расея працягвае весці ва Украіне. Брусель, Бельгія. 23 лютага 2025 года. Фота: Wiktor Dabkowski / eyevine / East News

Ці здолее Еўропа стрымаць Расею? Эксперты тлумачаць, што ёй трэба і чаго можа не хапіць

Аналітыка

У палітыцы Злучаных Штатаў адносна Расеі і Украіны адбыўся разварот: прэзідэнт Доналд Трамп прыпыніў вайсковую дапамогу Украіне і адмяніў перадачу выведчых звестак, сварыцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і хваліць Уладзіміра Пуціна, адкрыта кажа, што «мы не будзем працягваць змагацца» за Украіну. Еўропа бачыць «пераломны момант»: Штаты перастаюць быць лідарам свабоднага свету, таму дапамагаць Украіне Еўропе давядзецца самастойна. Ці ўдасца – яшчэ пытанне. Аляксандр Лукашэнка тым часам запрашае Пуціна і Трампа на перамовы ў Менск, а Крэмль падтрымлівае гэтую ідэю. 


Палітычны аналітык, эксперт Берлінскага цэнтру Карнэгі Арцём Шрайбман у «Студыі» на «Белсаце» паразважаў пра месца лукашэнкаўскай Беларусі ў новым фармаце амерыканска-расейскіх стасункаў.

Новы курс адміністрацыі ЗША наўрад ці ўлічвае Беларусь, але можа быць выгадны Лукашэнку

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паціскаюць адзін аднаму рукі падчас сустрэчы на ​​саміце G20 у горадзе Осака, Японія. 28 чэрвеня 2019 года. Фота: Mikhail Svetlov / Getty Images

За сталом ці на стале? Ці будуць Лукашэнка або Ціханоўская на перамовах аб вайне ва Украіне

Аналітыка

Шрайбман падкрэслівае, што не ведае, якім будзе курс адміністрацыі Трампа ў дачыненні Расеі, Беларусі і ўсяго рэгіёну нават праз месяц. Маўляў, не ўпэўнены, што сам Трамп гэта ведае, а тым больш гэтага не ведае Лукашэнка.


Расейска-амерыканскія стасункі могуць паляпшацца, прычым асобна ад расейска-еўрапейскіх, дапускае Шрайбман. Тады для Лукашэнкі адчыніцца акно магчымасцяў: і ён зможа палепшыць стасункі са Штатамі асобна ад стасункаў з Еўропай. ЗША могуць зняць санкцыі ў якасці «перамоўнага кроку». Амерыканска-беларускае пацяпленне для Расеі не будзе праблемай. Наадварот, зараз улады Беларусі будуць намагацца сінхранізаваць свае стасункі са Штатамі з расейска-амерыканскімі стасункамі, каб не застацца забытымі, «на ўзбочыне». А то і даганяць Расею.

,,

«Трамп наўрад ці ведае пра тое, што ёсць такая Беларусь, што супраць яе ёсць санкцыі, якія таксама трэба зняць, калі будзеш здымаць санкцыі супраць Расеі», – лічыць Шрайбман.


Але Трамп не абавязкова будзе займацца дээскалацыяй адносінаў з Расеяй, даводзіць Шрайбман. Трамп можа згубіць цікавасць да рэгіёну або можа ўпэўніцца, што Пуцін не хоча міру і не здольны дамаўляцца. У выніку менавіта ад фактару Трампа для Лукашэнкі нічога можа і не змяніцца.


Для яго, тым не менш, ёсць відавочны плюс ад дзеянняў Трампа, мяркуе Шрайбман: руйнуецца трансатлантычны кансэнсус, ужо няма «адзінага Захаду». У заходняй палітыцы пачынаецца дысананс. У Еўропе могуць актывізавацца ўмоўныя «трампісты», якія могуць зрабіцца смялейшымі і больш актыўна сабатаваць агульнаеўрапейскую палітыку.


Усялякая фрагментацыя Захаду дае Пуціну, Лукашэнку і іншым такім рэжымам магчымасць дамаўляцца з асобнымі краінамі: напрыклад, з Вугоршчынай Віктара Орбана ці Славаччынай Робэрта Фіца, нагадвае Шрайбман. Тыя могуць адчуць, што мінуў час супольнай заходняй пазіцыі, што цяпер можна рабіць сваю асобную замежную палітыку.

,,

«Я не здзіўлюся, калі з-за фактару Трампа, з-за гэтай новай моды на такі меркантылізм у Менску з’явіцца больш заходніх амбасадараў, не толькі амерыканскі», – адзначае Шрайбман.


Пагрозы незалежнасці Беларусі за Трампам большыя ці меншыя?


Лукашэнка ўвесь час шукае, як зменшыць залежнасць ад Расеі, спрабуе знайсці «новага старэйшага брата» ў Кітаі. Можа, Вашынгтон зробіцца гэтакім «новым старэйшым братам»? Шрайбман згадвае такі сцэнар пацяплення ў амерыканска-расейскіх стасунках, пра які непакоіўся сам Лукашэнка: у Расею вяртаюцца заходнія кампаніі, але з Беларусі не здымаюць галоўных для яе санкцыяў – санкцыяў Еўразвязу. Тады магчымасці для Беларусі на расейскім рынку скончацца.


Нейкае пацяпленне ў адносінах з трэцімі краінамі дае Лукашэнку большае поле для манеўравання, пагаджаецца Шрайбман. Калі Захад застаецца ў адназначнай канфрантацыі з Расеяй, у «вайне, у якой няма паўтонаў», то ў Лукашэнкі няма магчымасці сказаць Пуціну, што ён не проста паляпшае эканамічны стан, а самастойна выбудоўвае адносіны і шукае, дзе можна зруйнаваць еднасць заходняга свету.

,,

«Для лукашэнкаўскай дыпламатыі гэта час магчымасцяў, – кажа Шрайбман. – Прынамсі, пакуль. Пакуль у Трампа ёсць цікавасць да пэўнай такой перазагрузкі – тое, што спрабавалі розныя амерыканскія адміністрацыі з Расеяй рабіць».


Шрайбман паўтарае: у такой няўстойлівай, зменлівай абстаноўцы цяжка прагназаваць, ці працягнецца гэтае пацяпленне хаця б да канца года.

Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік ягонай адміністрацыі Дзмітрый Крутой у кароўніку ў час паездкі ў Менскую вобласць, Беларусь. 21 лютага 2025 года. Скрыншот: БелТА / Youtube

Лукашэнка выказаўся пра перамовы аб Украіне: Мы не ведаем, чаго хочуць ЗША

навіны

Вайна ва Украіне ў пэўнай ступені аказалася выгаднай Лукашэнку: Беларусь працуе на абаронную прамысловасць Расеі, ад гэтага расце эканоміка. Шмат якія бонусы ад вайны, якія Лукашэнка мог капіталізаваць, ужо з’едзеныя, тлумачыць Шрайбман: расейскі рынак стагнуе, беларускі экспарт у Расею таксама змяншаецца. З другога боку, патэнцыйнае замірэнне ва Украіне наўрад ці прывядзе да імгненнага спынення расейскай ваеннай машыны: Расеі трэба будзе аднаўляць вайсковы патэнцыял, расейскую армію трэба будзе пераўзбройваць, захоўваць у якасці пагрозы Украіне і Захаду, расейскі вайскова-прамысловы комплекс будзе надалей мець запыт на беларускую прадукцыю.


Аднак вайна – гэта таксама рызыка эскалацыі. Шрайбман заўважае, што рызыка глыбейшага ўцягнення Беларусі ў вайну ва Украіне захоўваецца, а Лукашэнка гэтага не хоча. Працяг вайны – не найлепшы сцэнар для Лукашэнкі, а сцэнар, які ўтрымлівае бонусы і рызыкі, «міннае поле». Лукашэнка можа быць шчырым, калі кажа, што было б добра зрабіць нейкае замірэнне, асабліва калі Беларусь як дзяржава можа знайсці ў ім сябе.


Сярод палітыкаў і палітычных каментатараў распаўсюджаная  ідэя, што ў выпадку спынення вайны ва Украіне Беларусь можа зрабіцца або «вішанькай на торце» для Расеі, або «суцяшальным прызам» для Пуціна. Калі не ўдалося захапіць Украіны, мо захапіць хаця б Беларусь? Шрайбман не згодны з гэтай ідэяй у частцы «Захад пакладзе Беларусь на стол Пуціну», у частцы «нас размяняюць» і «дадуць як кампенсацыю за Украіну».

,,

«Мне здаецца, што ва ўяўленні Пуціна, ва ўяўленні Захаду і расейскага народу Беларусь ужо знаходзіцца пад расейскім кантролем, таму гэта не важкі перамоўны козыр», – разважае Шрайбман.


Пасля спынення вайны ва Украіне Пуцін можа звярнуць увагу на іншыя месцы, «кропкі прыцягнення» для пашырэння імперыі, аднак Шрайбман не лічыць Беларусь самай відавочнай кропкай. Беларусь, кажа ён, ёсць для Пуціна «вітрынным» фарматам адносінаў: усёй постсавецкай прасторы паказваюць, «як можна» і «як трэба», калі сябраваць з Расеяй. Пры гэтым Шрайбман не выключае, што Пуцін «у ментальнай дэградацыі» дойдзе да ідэі «ўз’яднаць як мага больш земляў». Гэта магчымы паварот падзеяў, але беспадстаўны нават у канцэпцыі імперскага пашырэння Расеі, бо Беларусь за Лукашэнкам – надзейны саюзнік. Шрайбман не можа згадаць прэцэдэнтаў за апошнюю сотню гадоў, калі Расея пазбаўляла б такога саюзніка суверэнітэту, калі ўсё «і так працуе».


Калі ў Беларусі здарацца новыя палітычныя хваляванні, калі паўстане рызыка, што Беларусь пры жывым Пуціну зможа выйсці з-пад расейскага кантролю, тады Шрайбман дапускае «рэзкія рухі». Пакуль жа далучэнне Беларусі да Расеі цяжка «прадаць» расейскаму народу як нейкую значную перамогу. Адносіны з Крамлём могуць пагаршацца ці паляпшацца, але Лукашэнка ўжо не ў той форме, каб мець рэалістычныя шанцы «перайсці ў заходні лагер» – ён ужо не можа быць прымальным для Захаду, як мог 10, 15 ці 20 гадоў таму. 


Пры жывым Лукашэнку Шрайбман не бачыць такога сцэнара, каб Беларусь рэзка аддалялася ад Расеі. Калі б у 2020 годзе беларуская рэвалюцыя перамагла з нейкім гвалтам, гэта было б для Расеі спакусай увесці армію ці прынамсі Расгвардыю і далучыць Беларусь. Але ж за Лукашэнкам і Пуціным далучэнне Беларусі да Расеі не патрэбнае ні першаму, ні другому, таму фатальнай пагрозы фармальнаму суверэнітэту Беларусі Шрайбман не бачыць. Іншая рэч – нефармальны бок суверэнітэту: нашая краіна за Лукашэнкам пазбаўляецца кавалкаў рэальнага суверэнітэту, гэты працэс можа працягнуцца.


Віталь Цыганкоў, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10