Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп прыпыніў ваенную дапамогу Украіне. Але гаворка не пра поўнае спыненне падтрымання.
«Прэзідэнт ясна даў зразумець, што ён засяроджаны на міры. Нам трэба, каб нашыя партнёры таксама былі адданыя гэтай мэце. Мы прыпыняем і пераглядаем нашую дапамогу, каб пераканацца, што яна спрыяе залагоджванню», – цытуе CNN словы ананімнага прадстаўніка Белага дому.
Яшчэ адзін ананім, але ўжо з Пэнтагону, паведаміў агенцтву «Bloomberg», што вайсковая дапамога Украіне ад Злучаных Штатаў будзе прыпыненая да таго часу, пакуль Доналд Трамп не пабачыць памкненняў украінскага прэзідэнта да міру.
Прыпыняюцца пастаўкі ўсіх відаў узбраення, боепрыпасаў і абсталявання, што яшчэ не трапілі на тэрыторыю Украіны. У тым ліку прыпыняюцца пастаўкі ўзбраення для Украіны, што ўжо перабывае ў Польшчы. Аб'ём прыпыненай дапамогі невядомы. Аднак «Bloomberg» сцвярджае, што на момант уступлення Трампа на пасаду прэзідэнта ва Украіну яшчэ не дайшлі пастаўкі на 3,85 млрд долараў, санкцыянаваныя папярэднім прэзідэнтам.
Нагадаем, непасрэдна пасля сваркі Трампа з Зяленскім негатыўных наступстваў для Украіны не было. Пайшлі размовы, што Злучаныя Штаты могуць цалкам спыніць падтрыманне Украіны. Чуткі падагрэла прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Лэвіт: яна сказала, што ЗША «больш не збіраюцца проста выпісваць чыстыя чэкі на вайну ў вельмі далёкай краіне без сапраўднага, трывалага міру».
Старэйшая навуковая працаўніца Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў Маргарыта Завадская ў эфіры «Вот Так» заявіла, што можна толькі спекуляваць, ці быў такі «падарунак Крамлю» запланаваны, але яна думае, што дэманстратыўная непавага да Зяленскага перад вачыма ўсяго свету наводзіць на «рознага кшталту падазрэнні». На ейны погляд, усё выглядала як victim blaming, перанос віны на ахвяру.
Пасля скандалу ў Белым доме прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармэр, паводле выдання «Bild», узяў на сябе ролю пасярэдніка паміж Украінаю і ЗША. Ён правёў тэлефонныя размовы з Уладзімірам Зяленскім і Доналдам Трампам, а таксама запрасіў еўрапейскіх лідараў на саміт, прысвечаны Украіне.
Надзея Вольная belsat.eu