Аналітыка

Ці здолее Еўропа стрымаць Расею? Эксперты тлумачаць, што ёй трэба і чаго можа не хапіць

Актывісты на плошчы Албэртынаплейн (Albertinaplein) у Бруселі патрабуюць больш рашучых міжнародных дзеянняў супраць вайны, якую Расея працягвае весці ва Украіне. Брусель, Бельгія. 23 лютага 2025 года. Фота: Wiktor Dabkowski / eyevine / East News
Актывісты на плошчы Албэртынаплейн (Albertinaplein) у Бруселі патрабуюць больш рашучых міжнародных дзеянняў супраць вайны, якую Расея працягвае весці ва Украіне. Брусель, Бельгія. 23 лютага 2025 года. Фота: Wiktor Dabkowski / eyevine / East News
podpis źródła zdjęcia

Злучаныя Штаты, імаверна, могуць адмовіцца ад падтрымання сваіх еўрапейскіх партнёраў, у тым ліку чальцоў NATO. Усё гэта павышае рызыку наўпроставага сутыкнення еўрапейскіх краінаў з Расеяй, якая можа не задаволіцца Украінай і выпрабаваць на моц Еўразвяз. Ці здолее Еўропа супрацьстаяць гэтаму? Што ёй для гэтага трэба зрабіць і чаму ўсё адно гэтага можа не хапіць? Пра гэта ў аглядзе «Белсату».

У той час як заявы пра магчымы напад Расеі на краіны Еўропы ў найбліжэйшыя гады гучаць усё часцей і ад усё больш уплывовых асобаў, Злучаныя Штаты Амерыкі ўсё больш выразна адмаўляюцца падтрымліваць сваіх хаўруснікаў у NATO. «NBC News» са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў адзначае, што Вашынгтон можа адмовіцца абараняць чальцоў Альянсу, на якіх напалі, калі адпаведная краіна не дасягне пэўнага парога выдаткаў на абарону. Калі Доналд Трамп сапраўды пойдзе на такі крок, гэта будзе азначаць значны зрух ад асноўнага прынцыпу Альянсу, вядомага як артыкул 5, які абвяшчае напад на любую краіну NATO нападам на ўсіх.

,,

«NATO можа спыніць сваё існаванне. Серыя перамоваў паміж ЗША і Расеяй, лідар якой атрымаў ордар на арышт, пацвярджае той факт, што Белы дом робіць усё новыя і новыя крокі насустрач крамлёўскаму рэжыму, выдатна разумеючы, што ў такім выпадку менавіта Еўропа можа зрабіцца новай мішэнню для Расеі», – заявіў 6 сакавіка былы галоўнакамандуючы Збройных сілаў Украіны, а цяпер амбасадар у Лондане Валерый Залужны.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выява Уладзіміра Пуціна ў крыві на кракаўскай маніфестацыі адзінства «Украіна — бяспека Еўропы» ў трэцюю гадавіну расейскага ўварвання ва Украіну. Кракаў, Украіна. 24 лютага 2025 года. Фота: Beata Zawrzel / Reporter / East News

Тры-пяць гадоў да вайны ў Еўропе: ці рэальны сцэнар і што на гэта паказвае?

навіны

Расея ж, падобна, наадварот, плануе нарошчваць сваю вайсковую моц. Гэтак, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначаў у лютым, што Уладзімір Пуцін прыцягнуў да войска 140 тыс. асобаў у 2024 годзе і рыхтуе яшчэ 150 тыс. у 2025-м. Паводле Зяленскага, Крэмль плануе сфармаваць 12–15 дывізіяў і «адправіць іх на навучанне, рыхтаванне, вайсковыя вучэнні ў Беларусь». На думку прэзідэнта Украіны, пад выглядам вучэнняў будзе рыхтавацца плацдарм для наступальных дзеянняў. Але неабавязкова для нападу на Украіну, магчыма – на Літву ці Польшчу.

Пра тое, што Расея «працягвае пераўзбройвацца» і плануе ў перыяд да 2030 года «яшчэ больш павялічыць сваё войска, каб мець на 300 тысяч салдатаў больш, на 3000 танкаў больш, на 300 знішчальнікаў больш», казаў і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Еўропа спрабуе, але выходзіць так сабе

4 сакавіка прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен прэзентавала пяцікрокавы план пераўзбраення Еўрапейскага Звязу і падтрымання Украіны «ReArm Europe». Ён прадугледжвае мабілізацыю да 800 млрд еўраў на еўрапейскую бяспеку. Хоць гэты план і быў ухвалены, ён сутыкнуўся з супрацьстаяннем з боку аднаго з чальцоў ЕЗ – Вугоршчыны.

Сцягі чальцоў NATO ля штаб-кватэры Арганізацыі Паўночнаатлантычнай дамовы ў Бруселі, Бельгія. 6 сакавіка 2025 года. Фота: John Rhys / AFP / East News
Сцягі чальцоў NATO ля штаб-кватэры Арганізацыі Паўночнаатлантычнай дамовы ў Бруселі, Бельгія. 6 сакавіка 2025 года. Фота: John Rhys / AFP / East News

Пакуль жа Еўропа выдаткоўвае на абарону менш за Расею. Паводле Міжнароднага інстытуту стратэгічных даследаванняў (IISS), у 2024 годзе вайсковы бюджэт РФ, які склаў у эквіваленце 462 млрд долараў, перавысіў агульныя абаронныя выдаткі ўсіх краінаў ЕЗ разам з Вялікай Брытаніяй, якія склалі 457 млрд долараў.

У 2025 годзе выдаткі Расеі на абарону вырастуць на 13,7 % і дасягнуць 7,5 % ВУП. Пры гэтым у Еўропе адсотак вайсковых выдаткаў далёкі да гэтага. Паводле ацэнак NATO, зробленых у чэрвені 2024 года, лідарам у выдатках ёсць Польшча, якая вылучае на абарону 4,1 % ВУП. Больш як 3 % выдаткоўваюць Эстонія (3,4 %), Латвія (3,2 %) і Грэцыя (3,1 %). У астатніх еўрапейскіх краінаў выдаткі яшчэ меншыя, а Іспанія, Бельгія і Люксембург вылучаюць на абарону толькі 1,3 % ВУП або нават менш. Сярэднія выдаткі еўрапейскіх краінаў NATO і Канады на абарону складаюць толькі 2 % ад ВУП.

Ёсць пытанне і гатовасці еўрапейцаў са зброяй абараняць свае краіны. Паводле апытання, праведзенага Інстытутам Гэлапа ў 2024 годзе, найбольш згодныя ваяваць за сваю краіну сярод дзяржаваў NATO жыхары Албаніі – 60 %. Такой жа думкі прытрымліваюцца 45 % палякаў, 47 % шведаў, 42 % румынаў, але толькі 33 % брытанцаў. Сярод жа італьянцаў на пытанне станоўча адказалі 14 % апытаных, сярод немцаў – 23 %. Праўда, у Расеі гэты паказнік таксама невысокі – 32 % супраць 62 % ва Украіне.

Украінская 28-ая брыгада ЗСУ падчас вучэнняў у Данецкай вобласці, Украіна. 28 студзеня 2025 года. Фота: Madeleine Kelly / ZUMA Press Wire / Shutterstock / East News
Украінская 28-ая брыгада ЗСУ падчас вучэнняў у Данецкай вобласці, Украіна. 28 студзеня 2025 года. Фота: Madeleine Kelly / ZUMA Press Wire / Shutterstock / East News

У NATO падкрэслілі, што Пуцін, вядома, зазнае паразу, калі збярэцца напасці на NATO, «бо рэакцыя будзе разбуральнай». Але ў той жа час папярэдзілі, што калі не нарасціць фінансавання і вытворчасці ў сферы абароны цягам пяці гадоў, «Альянс будзе няздольны абараніць свае тэрыторыі».

Плюс 300 тыс. вайскоўцаў і штогод 250 млрд еўраў

Экспертка «Atlantic Council» Агня Грыгас мяркуе, што «Еўропа можа ўпэўнена супрацьстаяць імперскім амбіцыям Пуціна і даць Украіне неабходнае падтрыманне для супраціву ўварванню Расеі». Гэтак, яна адзначае, што ў 2024 годзе сукупны ВУП краінаў-чальцоў ЕЗ дасягнуў 19 трлн долараў супраць каля 2 трлн долараў у Расеі. Таксама Еўразвяз у тры разы абганяе Расею паводле колькасці насельніцтва: 449 млн у ЕЗ супраць 145 млн у РФ. І гэта без уліку масавых стратаў Расеі на фронце і эміграцыі з яе. На дадатак, на расейскую эканоміку істотна ўплываюць санкцыі.

,,

«Цяпер на еўрапейскіх лідарах ляжыць адказнасць ператварыць гэтыя стратэгічныя перавагі ў эфектыўную палітыку і дзеянні. Пры дастатковай палітычнай волі Еўропа можа абараніць сябе і падтрымаць Украіну супраць Расеі», – мяркуе Грыгас.


Ацэнка таго, што неабходна Еўропе, каб самастойна бараніцца без удзелу ЗША, прыводзіцца ў супольным дакладзе аналітычнага цэнтру «Bruegel» і Кільскага інстытуту сусветнай эканомікі. Яго аўтары адзначаюць, што, нягледзячы на вялікія страты ва Украіне, у выніку мабілізацыі грамадства і прамысловасці расейскія войскі цяпер значна больш дасведчаныя і абсталяваныя, чым перад уварваннем ва Украіну ў 2022 годзе. Такі досвед, як у іх, у свеце ёсць толькі ў ЗСУ, мяркуюць аўтары дакладу. Яны адзначаюць, што расейская групоўка ва Украіне напрыканцы 2024 года складала каля 700 тыс. вайскоўцаў, што нашмат больш, чым у 2022 годзе. Нарасціла сваю працу і расейская абаронная прамысловасць. Гэтак, у параўнанні з 2022 годам вытворчасць танкаў павялічылася на 220 %, бронемашынаў і артылерыі – на 150 %, баражавальных боепрыпасаў вялікай далёкасці – на 435 %.

Вайсковы патруль праходзіць каля прысвечанай расейскай арміі вулічнай выставы ваенных плакатаў пад назвай «Разам да Перамогі» ў Санкт-Пецярбурзе, Расея. 24 лютага 2025 года. Фота: Dmitri Lovetsky / AP Photo / East News
Вайсковы патруль праходзіць каля прысвечанай расейскай арміі вулічнай выставы ваенных плакатаў пад назвай «Разам да Перамогі» ў Санкт-Пецярбурзе, Расея. 24 лютага 2025 года. Фота: Dmitri Lovetsky / AP Photo / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен размаўляе з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім перад прыбыццём на саміт ЕЗ у будынак Еўрапейскага савета ў Брусэлі, Бельгія. 6 сакавіка 2025 года. Фота: Omar Havana / AP Photo / East News

Еўропа без ЗША: хто ўзначаліць барацьбу супраць Расеі?

Аналітыка

Эксперты называюць першачарговай задачай Еўропы працяг падтрымання Украіны, бо вайскоўцы ЗСУ «цяпер ёсць найбольш эфектыўным стрымальным фактарам супраць нападу Расеі на ЕЗ». На іхную думку, фінансава Еўропа магла б замяніць амерыканскую дапамогу, хоць могуць узнікнуць праблемы з забеспячэннем звестак выведкі і спадарожнікавай сувяззю, якія цяжка замяніць у кароткатэрміновай перспектыве. Апрача таго, Еўропе будзе цяжка даваць Украіне зброю без доступу да вайскова-прамысловай базы ЗША.

«Значна больш складаным сцэнаром для Еўропы будзе малаімавернае мірнае пагадненне, прынятае Украінай. У такім сцэнары Расея, хутчэй за ўсё, працягне нарошчваць вайсковую моц, стварыўшы грозны ваенны выклік для ўсяго ЕЗ за вельмі кароткі перыяд, улічваючы цяперашнюю расейскую вытворчасць. ЕЗ і хаўруснікам, уключаючы Вялікую Брытанію і Нарвегію, неабходна будзе неадкладна і маштабна паскорыць нарошчванне сваёй васковай моцы», – гаворыцца ў дакладзе.

Цяпер у Еўропе, уключаючы Вялікую Брытанію, налічваецца 1,47 млн дзейных вайскоўцаў. Эксперты адзначаюць, што актуальны план NATO прадугледжвае, што для адбіцця агрэсіі РФ на Еўропу спатрэбіцца да 300 тыс. амерыканскіх вайскоўцаў. Пры іх адсутнасці амерыканцаў давядзецца замяняць еўрапейцамі. Разам з тым «баявая моц 300 тыс. амерыканскіх жаўнераў істотна большая за эквівалентную колькасць еўрапейскіх войскаў», у тым ліку таму, што тыя дзеялі б пад адзіным камандаваннем і кіраваннем, а не былі б падзеленыя на 29 нацыянальных войскаў. Акрамя таго, войскі ЗША падтрымліваюцца ўсёй моцай амерыканскіх стратэгічных сродкаў забеспячэння, уключаючы стратэгічную авіяцыю і касмічныя сродкі, якіх у Еўропы няма. Праблемай ёсць і тое, што цяпер Аб’яднанымі збройнымі сіламі NATO ў Еўропе камандуе амерыканскі генерал, які можа не выканаць сваіх функцыяў у святле апошніх падзеяў.

,,

«Таму перад Еўропай паўстае выбар: або значна павялічыць колькасць войскаў, больш як на 300 тыс. асобаў, каб кампенсаваць раздробленасць нацыянальных арміяў, або знайсці спосабы хуткага ўзмацнення вайсковай каардынацыі. Няздольнасць каардынаваць дзеянні азначае значна больш высокія выдаткі, а індывідуальных намаганняў для стрымлівання расейскіх вайскоўцаў, хутчэй за ўсё, будзе недастаткова», – гаворыцца ў дакладзе.


Паводле яго, для надзейнага стрымлівання хуткага прарыву Расеі ў Балтыі спатрэбіцца мінімум 1400 танкаў, 2000 баявых машынаў пяхоты і 700 артылерыйскіх гарматаў. Гэта больш, чым цяпер маюць французскія, нямецкія, італьянскія і брытанскія войскі разам узятыя. Няма ў Еўропе і дастатковай колькасці боепрыпасаў. Апроч таго, Еўропе трэба палепшыць авіяцыйныя і транспартныя магутнасці, ракетныя і беспілотныя баявыя магчымасці, а таксама магчымасці сувязі і выведкі.

Агулам эксперты мяркуюць, што Еўропе было б варта павялічыць свае абаронныя выдаткі з цяперашніх 2 % ВУП да 3,5 %, або прыкладна на 250 млрд еўраў штогод.

Важна не колькі, а дзе?

Праўда, не ўсе згодныя з тым, што Еўропа мусіць павялічваць колькасць сваіх войскаў. «З 1,5 млн жаўнераў на службе вам не трэба яшчэ 300 тыс., іх трэба выкарыстоўваць у правільных месцах», – заявіў «Euronews» журналіст у пытаннях абароны і вонкавай палітыкі Нікаля Гро-Вэрэд.

Асколак ракеты ляжыць на траве перад пашкоджаным рэабілітацыйным цэнтрам для людзей з абмежаванымі магчымасцямі пасля расейскай атакі на Дняпро, Украіна. 22 лістапада 2024 года. Фота: Florent Vergnes / AFP / East News
Асколак ракеты ляжыць на траве перад пашкоджаным рэабілітацыйным цэнтрам для людзей з абмежаванымі магчымасцямі пасля расейскай атакі на Дняпро, Украіна. 22 лістапада 2024 года. Фота: Florent Vergnes / AFP / East News

На ягоную думку, Еўропе варта пераўтварыць ратацыйную прысутнасць сілаў NATO ў сталыя вайсковыя базы ў краінах, найбольш блізкіх да Расеі. Напрыклад, стварыць марскую базу ў горадзе Канстанца (Румынія) і сухапутную паміж Польшчай і Літвой, непадалёк сувальскага калідору, а таксама ў Малдове супраць расейскіх войскаў у Прыднястроўі.

Яшчэ адным спосабам узмацнення еўрапейскага стрымлівання было б пашырэнне французскага ядравага шчыта, мяркуе эксперт.

,,

«У кароткатэрміновай перспектыве задача Еўропы заключаецца не ў замене арміі ЗША на падобную. Задача Еўропы – утрымаць Расею ад думак аб наступальных дзеяннях супраць тэрыторыі ЕЗ. На шчасце, расейскія вайскоўцы былі патрапаныя Украінай. Паколькі Злучаныя Штаты, верагодна, спыняць сваё вайсковае падтрыманне Украіны, Еўропа павінна пераканацца, што Украіна можа працягваць ваенныя дзеянні і максімальна аслабіць і знясіліць Расею. Як бы цынічна гэта ні гучала, гэта дае Еўропе час», – піша Макс Бэргмэн з Цэнтру стратэгічных і міжнародных даследаванняў у Вашынгтоне.


Адносна колькасных паказнікаў ён падкрэслівае, што «лічбы на паперы не адпавядаюць рэчаіснасці» і «ўзброеныя сілы Еўропы нашмат меншыя за суму іх частак». Тым больш, што шмат з іх «знаходзяцца ў войсках, якія не гатовыя змагацца».

На ягоную думку, Еўропе неабходна павялічыць скаардынаванасць дзеянняў разрозненых еўрапейскіх арміяў, «якія маглі б змагацца і дзеяць як адзінае цэлае для абароны Еўропы». Асновай абароны Еўропы могуць быць нацыянальныя ўзброеныя сілы Францыі, Польшчы, Нямеччыны і Вялікай Брытаніі, а таксама памежных з РФ краінаў Балтыі і Фінляндыі. Апроч таго, заяўляе эксперт, варта стварыць супольныя пастаянныя сілы спецыяльных аперацыяў, якія б падпарадкоўваліся кіраўніцтву Еўразвязу. На думку Бэргмэна, фармаваць іх можна з людзей з усёй Еўропы, прапаноўваючы канкурэнтныя заробкі і грамадзянства для асобаў з краінаў па-за ЕЗ.

На думку эксперта, аддаленыя ад Расеі краіны Еўропы (як Італія і Іспанія) і краіны, што не ўваходзяць у NATO (Ірландыя, Аўстрыя і Мальта), маглі б фінансаваць не ўласныя войскі, а супольныя ўзброеныя сілы Еўразвязу, павялічваючы тым самым і агульныя вайсковыя выдаткі рэгіёну. Апроч таго, на ягоную думку, варта стварыць агульнаеўрапейскае камандаванне ўзброенымі сіламі, а сам Еўразвяз мог бы далучыцца да NATO ў якасці асобнага чальца (як у выпадку з «Вялікай сямёркай»).

Расейскія навабранцы атрымліваюць форму перад адпраўленнем у гарнізоны ў Маскве, Расея. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: Kirill Zykov / Sputnik Moscow Russia / East News
Расейскія навабранцы атрымліваюць форму перад адпраўленнем у гарнізоны ў Маскве, Расея. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: Kirill Zykov / Sputnik Moscow Russia / East News

Адной вайсковай моцы недастаткова?

Пакуль жа, адзначае Фаб’ян Гофман, навуковы працаўнік Ядравага праекту Осла (ONP), нарошчванне вайсковай моцы Еўропы ідзе «занадта павольна, улічваючы маштаб праблемы бяспекі», а вытворчыя магутнасці ў сферы абароны «застаюцца недастатковымі, што аслабляе як Украіну, так і здольнасць Еўропы да пераўзбраення». Але галоўнае, чаго не стае Еўропе, на ягоную думку, дык гэта рашучасці.

,,

«Магчымасці не маюць значэння, калі праціўнік сумняваецца ў нашай гатовасці іх выкарыстоўваць – і менавіта ў гэтым заключаецца галоўная слабасць Еўропы. Расея паслядоўна дэманстравала сваю гатовасць ісці на экстрэмальныя рызыкі для дасягнення вайсковых і палітычных мэтаў, прымаючы велізарныя пакуты грамадства ў пагоні за перамогай. Еўрапейскія ж лідары, асабліва ў заходніх частках кантыненту, у ключавыя моманты, наадварот, вагаліся, сігналізуючы пра сур'ёзнае непрыманне рызыкі і нецярпімасць да болю», – заяўляе Гофман.


Гэта, на ягоную думку, павялічвае рызыку наўпроставай канфрантацыі з Расеяй. Паводле Гофмана, нават калі краіны Заходняй Еўропы не захочуць ахвяраваць хаўруснікамі з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, буйнамаштабная вайна на кантыненце ўсё адно можа адбыцца, бо ў Крамлі могуць няслушна ацаніць магчымыя наступствы.

Таму, заключае эксперт, еўрапейскія лідары «павінны прызнаць, што пасланне, якое яны пасылаюць Крамлю, прынамсі гэтак жа важнае для стрымлівання, як і абаронныя магчымасці, якія яны зараз плануюць стварыць».

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10