Апошнімі тыднямі заявы пра магчымую вайну ў Еўропе робяцца ўсё больш і больш уплывовымі асобамі. І калі верыць гэтым заявам, вайна заходняга свету з Расеяй можа стаць рэальнасцю ўжо праз тры – пяць гадоў. Ці сапраўды магчымы такі сцэнар развіцця падзеяў і што на гэта ўказвае? Сабралі галоўнае, што вядома пра гэта цяпер, і паразмаўлялі з экспертам.
Ясныя сігналы
Два месяцы 2025 года сталі багатымі на заявы пра магчымы пачатак вайны ў Еўропе, і сур’ёзнасць твараў, з якімі яны рабіліся, выклікае трывогу…
Так, у студзені кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас заявіла, што Еўразвязу трэба не толькі перадухіляць вайну, але і рыхтавацца да яе. Яна адзначыла, што, паводле звестак спецслужбаў, Расея можа распачаць ваенную агрэсію супраць адной з краінаў ЕЗ ужо ў 2028 годзе.
,,«Многія з нашых нацыянальных выведных службаў даюць нам звесткі пра тое, што Расея можа праверыць нашую гатовасць да абароны праз 3–5 гадоў», – заявіла Калас падчас выступу на штогадовай канферэнцыі Еўрапейскага абароннага агенцтва (ЕDА) у Бруселі.
Калас падкрэсліла важнасць далейшай вайсковай дапамогі Украіне, адзначыўшы, што з падтрыманнем ЕЗ Украіна можа перамагчы. Пры гэтым яна адзначыла, што Еўропа выйграе час, пакуль Украіна абараняецца ад расейскага ўварвання.
Неўзабаве пасля гэтага з розгаласнай заявай выступіла дацкая выведка. 12 лютага ў сваім дакладзе «Прагноз-2024» яна папярэджвала, што хоць непасрэднай пагрозы нападу Расеі на Данію цяпер няма, яна можа павялічыцца ў наступныя гады.
Паводле ацэнак, выкладзеных у дакладзе, з 2022 года Расея праводзіць маштабную рэформу сваіх узброеных сілаў і з 2024 года актыўна нарошчвае вайсковы патэнцыял, каб супрацьстаяць NATO.
Расея, гаворыцца ў дакладзе, мае фінансавае і вайсковае падтрыманне ад Кітаю, Паўночнай Карэі і Ірану, што дазваляе ёй вызваляць уласныя рэсурсы. Нягледзячы на адсутнасць пастановы наконт вайны з NATO, Масква нарошчвае сілы, каб мець такую магчымасць.
Спецыялісты дацкай выведкі лічаць, што Расея будзе здольная ўступіць у рэгіянальную вайну супраць адной або некалькіх краінаў – сябраў NATO ў тым выпадку, калі будзе разумець вайсковую аслабленасць і палітычную расколатасць Альянсу. Ключавым таксама будзе тое, змогуць ці захочуць Злучаныя Штаты падтрымаць еўрапейскія краіны ў вайне з Расеяй.
Больш за тое, дацкія вайсковыя аналітыкі прыводзяць канкрэтныя тэрміны, калі можна будзе чакаць расейскай агрэсіі па заканчэнні вайны ва Украіне. Так, лакальная вайна на мяжы можа пачацца ўжо праз 6 месяцаў, рэгіянальная вайна супраць некалькіх краінаў Балтыйскага рэгіёну – праз 2 гады, а маштабная вайна на еўрапейскім кантыненце без удзелу ЗША – праз 5 гадоў. І пагроза такога выніку будзе расці, калі Расея здолее ўмацаваць свае сілы, а Захад – не.

Роля Злучаных Штатаў
Як ужо адзначалася вышэй, важным момантам застаецца гатовасць ЗША выступіць адзіным фронтам з Еўропай у выпадку агрэсіі. І вось у гэтым пытанні назіраюцца асабліва істотныя змены.
Яшчэ падчас першай прэзідэнцкай кадэнцыі, выступаючы на саміце NATO ў траўні 2017 года, Доналд Трамп не зрабіў выразнай заявы пра падтрыманне 5-га артыкулу Паўночнаатлантычнай дамовы аб калектыўнай бяспецы. Але пры гэтым настойліва паўтарыў уласны заклік да краінаў NATO павялічыць выдаткі на абарону.
Ён тады адзначыў, што 23 краіны – сябры Альянсу вінныя значныя сумы амерыканскім падаткаплатнікам і падкрэсліў, што мінімумам для кожнай дзяржавы ёсць выдаткаванне не менш за 2 % ад ВУП на абарону. Пры гэтым Трамп заўважыў, што многія партнёры не выконваюць нават гэтага мінімуму.
У ліпені 2018 года, таксама падчас саміту, Трамп увогуле прыгразіў, што ЗША могуць пакінуць Альянс, калі еўрапейскія хаўруснікі неадкладна не павялічаць абаронных выдаткаў да 2 % ВУП. Агучваліся такія заявы і пазней (напрыклад, у снежні 2024-га) – і, відавочна, іх добра чулі і ў Маскве.
Апошнія крокі, зробленыя адміністрацыяй Трампа на шляху «ўрэгулявання канфлікту ва Украіне» (незапрашэнне Украіны на перамовы ў Саудаўскай Аравіі, адмова называць Расею агрэсарам, заявы пра тое, што Украіна сама справакавала Расею на пачатак вайны), увогуле падказваюць, што Вашынгтон паступова прымае наратывы Крамля і пачынае з ім уласную гульню.
Усё гэта дало падставы для разумення ў Еўропе таго факту, што паплечніцтва з ЗША ўжо не працуе. Найбольш яскрава гэта выказаў кіраўнік нямецкага Хрысціянска-дэмакратычнага звязу Фрыдрых Мэрц.
«Пасля заяваў Доналда Трампа, зробленых апошнім тыднем, зразумела, што амерыканцам, гэтай частцы амерыканцаў, гэтаму ўраду, лёс Еўропы, па вялікім рахунку, абыякавы». Таксама Мэрц дадаў, што для яго будзе абсалютным прыярытэтам як мага хутчэй «настолькі ўзмацніць Еўропу, каб яна паступова сапраўды дасягнула незалежнасці ад ЗША».

Павелічэнне выдаткаў
У той жа час цалкам імаверна, што заявы амерыканскай адміністрацыі ўсё ж могуць зрабіць эфект халоднага душу для кіраўнікоў Еўропы.
Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас, кажучы пра імавернасць вайны з Расеяй, падкрэслівала неабходнасць павелічэння расходаў на абарону, пры гэтым пагаджаючыся са словамі Трампа, што расходы еўрапейцаў на абарону недастатковыя. Яна зазначае, што бюджэт, які накіроўвае Масква на вайсковыя мэты, у пяць разоў большы за суму, якую вылучае на гэта Брусель. Так, калі ў Еўропе гэтыя выдаткі ў сярэднім дасягаюць 1,9 % ВУП, то ў Расеі гэтыя лічбы роўныя 9 %.
Паводле Міжнароднага інстытуту стратэгічных даследаванняў (IISS), у 2024 годзе вайсковы бюджэт Расеі, які склаў 13,1 трыльёна рублёў (эквівалентна 462 мільярдам долараў), перавысіў агульныя абаронныя выдаткі ўсіх краінаў ЕЗ разам з Вялікай Брытаніяй, якія склалі 457 мільярдаў долараў.
У 2025 годзе выдаткі Расеі на абарону вырастуць на 13,7 % і дасягнуць 15,6 трыльёна рублёў, што складае 7,5 % ВУП, або амаль 40 % федэральнага бюджэту РФ. У той час як вайсковыя выдаткі ЕЗ і Вялікай Брытаніі маглі б перасягнуць бюджэт Расеі пры павелічэнні да 3 % ВУП і пераўзысці яго, калі б гэтая сума павялічылася да 5 %.
Аднак рэальнасць на сённяшні дзень такая, што найбольшы адсотак вайсковых выдаткаў маюць толькі Эстонія і Польшча (4 % і 3,25 % адпаведна), у той час як, напрыклад, найбольш магутная эканамічна Нямеччына яшчэ не выйшла на ўзровень 2 %, не кажучы пра меншыя краіны.
У самім Альянсе, каментуючы звесткі, прыведзеныя ў дакладзе дацкай выведкі, падкрэслілі, што Пуцін, канечне, прайграе, калі збярэцца напасці на NATO, «бо рэакцыя будзе разбуральнай». Але ў той жа час папярэдзілі, што калі не нарасціць фінансавання і вытворчасці ў сферы абароны цягам пяці гадоў, «Альянс будзе няздольны абараніць свае тэрыторыі».

Беларусь як плацдарм для новых атак
Але ці сапраўды Расея рыхтуецца да нападу? Менавіта пра гэта і гаворыцца ў дакладзе дацкай выведкі: Расея ў 2024 годзе пачала інтэнсіўнае перааснашчэнне войскаў, і яе мэта – магчымасць на роўных супрацьстаяць NATO.
Акрамя таго, яшчэ на пачатку 2024 года адзначалася, што вайна змяніла структуру расейскай прамысловасці, абаронная прамысловасць пачала дамінаваць над цывільнай: вытворчыя магутнасці загружаныя на 80 %, заводы працуюць у тры змены. То бок фактычна пастаўленая на ваенныя рэйкі, расейская эканоміка будзе працаваць на рыхтаванне краіны да той самай вайны.
Украінскае кіраўніцтва таксама папярэджвае Еўропу пра магчымыя атакі. Так, Уладзімір Зяленскі адзначыў, што Уладзімір Пуцін «не жадае ніякага міру» і прыцягнуў да войска 140 тысячаў асобаў у 2024 годзе, а ў 2025-м рыхтуе яшчэ 150 тысячаў, якіх збіраюцца адправіць на вучэнні ў Беларусь.
,,«12–15 дывізіяў будуць сфармаваныя Пуціным. Гэта факт. У нас ёсць усе дакументы, што ён гэта фармуе. Больш за тое, ягоная мэта – адправіць іх усіх на навучанне, вайсковае рыхтаванне, вайсковыя вучэнні ў Беларусь. І гэта факт. Сёння гэта факт. Так, факт будзе, калі ён іх адправіць. Але што да ўсіх дакументаў, то ўсё сведчыць пра тое, што ён іх адправіць. Гэта нічым не адрозніваецца ад таго, што было ва Украіне напярэдадні гэтага [агрэсіі 2022 года. – Рэд. «Белсат»]», – сказаў прэзідэнт Украіны.
Уладзімір Зяленскі гаворыць, што пад выглядам вучэнняў можа рыхтавацца плацдарм для наступу, і не абавязкова на Украіну, але, цалкам імаверна, на Польшчу ці Літву.
Пры гэтым, як адзначае палітычны аналітык Арцём Шрайбман, расейскім войскам не трэба будзе нават нічога захопліваць: для гэтага ім дастаткова проста перайсці мяжу Еўразвязу на ўмоўныя пяць кіламетраў, спыніцца і чакаць рэакцыі са словамі: «А што вы мне зробіце?»
Рэакцыяй Еўропы на гэта можа быць жаданне сабраць пільны саміт, паразмаўляць, «дээскалаваць», рэакцыяй Амерыкі – пажаданне, каб Еўропа сама разбіралася з гэтай сітуацыяй.
,,«І вось у гэты момант, – адзначае палітычны аналітык, – NATO скончылася, бо гарантыяў больш няма». То бок Пуцін зможа адным невялікім крокам, падсумоўвае Арцём Шрайбман, ліквідаваць NATO, гэта і ёсць ягонаю мэтаю.
План Расеі – дэзынтэграваць Захад
На думку вайсковага аналітыка «Белсату» Змітра Міцкевіча, імавернасць вайны ў Еўропе залежыць ад некалькіх чыннікаў. І ў першую чаргу ад таго, чым скончацца перамовы наконт спынення вайны ва Украіне. Хаця, на думку суразмоўцы «Белсату», фактычна любое замірэнне будзе цяпер на руку Расеі, бо дазволіць ёй назапашваць сілы і мадэрнізаваць войска.
У той жа час, зазначае Зміцер Міцкевіч, замірэнне можа быць успрынятае Расеяй як здача Украіны. Гэта можа падштурхнуць яе да думкі, што метады запужвання і ваеннай агрэсіі дасягаюць сваіх мэтаў. Адпаведна, гэта можа заахвоціць Пуціна да працягу гэткіх дзеянняў і выстаўлення Захаду новых умоваў.
Пры гэтым суразмоўца адзначыў, што пры супрацьстаянні з Захадам Расея не разлічвае перамагчы ў нейкім канвенцыйным канфлікце. Яе план палягае на тым, каб цалкам дэзынтэграваць Захад ды яго палітычныя сістэмы і ў выпадку ваеннай актыўнасці ў заходнім напрамку не даць ім магчымасці дасягнуць кансэнсусу. І, адпаведна, дамагчыся таго, каб на Захадзе не было палітычнай волі для сіметрычных адказаў на дзеянні Расеі і краіны NATO не выкарысталі 5-га артыкулу.
,,«А план максімум – калі яны выйдуць на нейкія пазіцыі, разгарнуць ядравую зброю, а то і жахнуць ёй па нейкім аб’екце – напрыклад, па Кіеве. І яны думаюць, што пасля таго, як звычайныя заходнія грамадзяне пабачаць ядравы грыб і ўсе гэтыя карцінкі, то яны проста на каленях пачнуць прасіць сваіх палітыкаў ісці на замірэнне з Расеяй і выконваць любыя іхныя ўмовы, толькі каб, барані Божа, не было вайны ў Еўропе. Гэта канцэпцыя, запісаная ў іхнай ваеннай дактрыне, якая называецца "Эскалацыя для дээскалацыі"», – адзначае суразмоўца.
У той жа час Зміцер Міцкевіч лічыць, што ў выпадку расейскага наступу NATO ўсё ж зможа аб’яднацца і выкарыстаць для адказу 5-ы артыкул. Бо іначай гэта можа матываваць іншыя краіны (арабскі свет, краіны Афрыкі) да падобнай эскалацыі. Акрамя таго, суразмоўца мяркуе, што сваю ролю таксама можа адыграць адказнасць заходніх палітыкаў перад сваімі выбарцамі, бо тыя будуць патрабаваць зрабіць нешта з пагрозаю, што навісла над імі.
На наўпроставае пытанне: «Паводле вашых суб’ектыўных адчуванняў, будзе вайна ў Еўропе ці не?» – суразмоўца адказаў досыць адназначна: «Я думаю, што будзе. Думаю, што расейцы акрыяюць настолькі, што пачнуць эскалаваць далей, яны могуць перайсці мяжу, але за гэта могуць атрымаць зусім не той вынік, які планавалі… І закончыцца гэта цалкам дэканструкцыяй іхнага дзяржаўнага ўтварэння».
...І вось 25 лютага супольнасць чыгуначнікаў Беларусі паведаміла, што ў краіне пачалі фармавацца эшалоны, якія збіраюцца перавозіць войска ў вялікіх маштабах… Пакуль, магчыма, гэта адбываецца ў рамках правярання боегатовасці арміі, абвешчанага Міністэрствам абароны Беларусі 3 лютага. Але і 24 лютага 2022 года пачыналася з супольных расейска-беларускіх вучэнняў.
Раман Шавель belsat.eu