навіны

За дэкларацыю для падтрымання Украіны прагаласавалі 26 з 27 краінаў Еўразвязу

Сцягі Украіны і Еўразвязу
Сцягі Украіны і Еўразвязу. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Photoshot / picture alliancе
podpis źródła zdjęcia

6 сакавіка ў Бруселі праходзіў спецыяльны саміт Еўразвязу, падчас якога пастанавілі паскорыць умацаванне бяспекі ЕЗ. Таксама галасавалі за дэкларацыю для падтрымання Украіны, аднак аднагалоснага ўхвалення яе не адбылося – супраць выступіла Вугоршчына.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен размаўляе з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім перад прыбыццём на саміт ЕЗ у будынак Еўрапейскага савета ў Брусэлі, Бельгія. 6 сакавіка 2025 года. Фота: Omar Havana / AP Photo / East News

Еўропа без ЗША: хто ўзначаліць барацьбу супраць Расеі?

Аналітыка

Праз пратэст Вугоршчыны дэкларацыя для падтрымання Украіны не ўвайшла ў высновы Саміту, а была апублікаваная як дадатак.


У высновах жа ўхваляецца прапанова Еўракамісіі ўмацаваць абароназдольнасць краінаў ЕЗ – ReArm Europe. Лідары краінаў ЕЗ шукаюць інструменты, што дазволяць краінам нарошчваць абаронныя выдаткі без празмернага бюджэтнага дэфіцыту, а таксама дадатковыя інструменты фінансавання. У якасці аднаго з іх разглядаюцца крэдыты краінам ЕЗ да 150 мільярдаў еўраў, забяспечаныя бюджэтам ЕЗ.


Таксама былі вызначаныя прыярытэтныя кірункі на ўзроўні Еўразвязу: супрацьпаветраная і супрацьракетная абарона, артылерыйскія сістэмы, ракеты і боепрыпасы, беспілотнікі і сістэмы супрацьдзеяння ім, стратэгічная сродкі абароны космасу і крытычнай інфраструктуры, вайсковая мабільнасць, кіберпрастора, штучны інтэлект і радыёэлектронная барацьба, абарона ўсіх сухапутных і марскіх межаў ЕЗ.


У дэкларацыі наконт Украіны, якую не падтрымала Вугоршчына, падкрэсліваецца, што без Украіны не можа быць ніякіх перамоваў наконт яе лёсу, а таксама не можа быць перамоваў наконт еўрапейскай бяспекі без удзелу Еўропы. Пры гэтым украінская бяспека, еўрапейская, трансатлантычная і глабальная цесна пераплеценыя.


У дакуменце гаворыцца пра падтрыманне патэнцыйнага размяшчэння міратворцаў ва Украіне ў межах механізму Супольнай палітыкі бяспекі і абароны.


Зазначаецца, што любое замірэнне ці спыненне агню можа быць толькі часткаю працэсу, які вядзе да поўнага міру. Пры гэтым мірнае пагадненне мусіць суправаджацца надзейнымі і трывалымі гарантыямі бяспекі для Украіны, якія дапамогуць у будучыні стрымаць расейскую агрэсію.


Асобна падкрэсліваецца, што свет мусіць паважаць незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.


Еўразвяз дэклараваў сваю гатовасць і далей аказваць Украіне палітычную, фінансавую, эканамічную, гуманітарную, вайсковую і дыпламатычную дапамогу і адначасова ўзмацняць санкцыйны ціск на Расею.


У дэкларацыі было зацверджана вылучэнне Украіне 30,6 мільярда еўраў фінансавага падтрымання ў 2025 годзе.

,,

«Мы з Украінаю з самага першага дня. Мы ўжо далі больш за 135 мільярдаў еўраў дапамогі з 2022 года. Нашае падтрыманне непахіснае. Калі вайна працягнецца, у любых будучых мірных перамовах. У аднаўленні і ў далучэнні да Еўразвязу», – заявіў старшыня Еўрапейскай рады Антонью Кошта.


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас паседжання Еўрапейскай рады 6 сакавіка падзякаваў краінам Еўразвязу за гатовасць дапамагаць Украіне і зазначыў, што цяпер трэба зрабіць так, каб Расея, як адзіная крыніца вайны, прызнала неабходнасць яе спынення. Гатовасць Расеі да спынення вайны можа быць пацверджаная двума відамі цішыні, паводле Зяленскага: адсутнасцю нападаў на энергетычную і іншую цывільную інфраструктуру і спыненнем агню на вадзе, у Чорным моры.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10