Аналітыка

Еўропа без ЗША: хто ўзначаліць барацьбу супраць Расеі?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен размаўляе з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім перад прыбыццём на саміт ЕЗ у будынак Еўрапейскага савета ў Брусэлі, Бельгія. 6 сакавіка 2025 года. Фота: Omar Havana / AP Photo / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен размаўляе з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім перад прыбыццём на саміт ЕЗ у будынак Еўрапейскага савета ў Брусэлі, Бельгія. 6 сакавіка 2025 года. Фота: Omar Havana / AP Photo / East News
podpis źródła zdjęcia

6 сакавіка ў Брусэлі прайшоў саміт, на парадку дня якога – падтрымка Украіны ў вайне. Гэта другая сустрэча на працягу пяці дзён, на якой еўрапейскія лідары спрабавалі вырашыць найгалоўнейшае пытанне: як мае Еўропа супрацьстаяць расейскай агрэсіі без падтрымкі ЗША. І тут важна, якая краіна здольная будзе адыграць ролю лідара. Разбіраліся ў гэтым пытанні разам з гісторыкам і палітычным аналітыкам Аляксандрам Фрыдманам. 

Макрон: мы ўступаем у новую эру


«Будучыня Еўропы не павінна вырашацца ў Вашынгтоне або Маскве», – з такой заявай выступіў Эманюэль Макрон ў сваім звароце да нацыі 5 сакавіка, напярэдадні брусельскай сустрэчы.

Заявы, зробленыя французскім прэзідэнтам сапраўды ўзварушылі ўвесь свет прадэманастравалі, што Францыя гатовая адыгрываць ролю лідара свабоднай Еўропы.

Эманюэль Макрон заявіў, што Расея, якая вядзе поўнамаштабную вайну супраць Украіны, стала пагрозай для Францыі і ўсёй Еўропы. Ён адзначыў, што Масква ператварыла вайну ва Украіне ў «глабальны канфлікт», выкарыстоўваючы паўночнакарэйскіх салдат і іранскую ваенную тэхніку, а таксама актыўна нарошчвае свой вайсковы патэнцыял.

«Хто паверыць, што Расея спыніцца на Украіне?» – падкрэсліў Макрон, дадаўшы, што Еўропа павінна быць гатовая да таго, што ЗША «могуць не застацца на нашым баку». Ён назваў збліжэнне Масквы і Вашынгтона з прыходам Доналда Трампа «новай эпохай» і выказаўся за неабходнасць умацавання еўрапейскай абароны.

Макрон адзначыў, што Расея «працягвае пераўзбройвацца» і плануе ў перыяд да 2030 года «яшчэ больш павялічыць сваё войска, каб мець на 300 тысяч салдат больш, на 3000 танкаў больш, на 300 знішчальнікаў больш».

,,

«Свет больш не можа быць гарантаваны на нашым уласным кантыненце. Расейская пагроза існуе, і яна закранае краіны Еўропы, закранае нас», – сказаў Эманюэль Макрон. 


У гэтым святле Францыя разгледзіць магчымасць абароны сваіх еўрапейскіх хаўруснікаў з выкарыстаннем ядравай зброі. Адной з прапановаў Макрона было пачаць «стратэгічныя дэбаты» наконт ядравага стрымлівання ў Еўропе.

Макрон адзначыў, што ў інтарэсах Францыі – працаваць з еўрапейскімі хаўруснікамі над стварэннем «трывалага міру». На наступным тыдні ён плануе склікаць сустрэчу лідараў еўрапейскіх дзяржаў, якія жадаюць далучыцца да гэтай ініцыятывы, распрацаванай сумесна з Украінай і іншымі партнёрамі. Паводле Макрона, незалежна ад таго, калі будзе дасягнуты мір ва Украіне, еўрапейскія краіны павінны быць здольныя лепш абараняць сябе, захаваўшы вернасць NATO, але адначасова ўзмацняючы сваю стратэгічную незалежнасць.

Заявы французскага лідара не засталіся незаўважаннымі ў Крамлі. Так, кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў параўнаў Макрона з Напалеонам і Гітлерам, адзначыўшы што словы прэзідэнта Францыі з’яўляюцца пагрозай для Расеі.

На думку гісторыка і палітычнага аналітыка Аляксандра Фрыдмана, Макрон бачыць сябе на чале Еўразвязу, французскі лідар упэўнены, што хтосьці сёння павінны ўзяць на сябе гэтыя абавязкі.

«Амбіцыі ў яго былі заўсёды: і падчас першага прэзідэнцкага тэрміну, і зараз. Ён лічыць, што гэта такі вырашальны момант у гісторыі Еўропы, і яна павінна ўзяць на сябе асаблівую адказнасць. Ну а хто павінны ўзяць на сябе адказнасць у Еўропе? Краіна з моцным войскам – як Макрон лічыць, з самым моцным войскам у Еўропе – і адзіная ядравая краіна ў Еўразвязе», – адзначае суразмоўца «Белсата».  

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон вітае прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага перад пачаткам саміту ЕЗ. Брусэль, Бельгія. 6 сакавіка 2025 года. Фота: Thierry Monasse / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон вітае прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага перад пачаткам саміту ЕЗ. Брусэль, Бельгія. 6 сакавіка 2025 года. Фота: Thierry Monasse / Getty Images

«Мост» паміж ЗША і Еўропай


Што датычыць ролі Вялікай Брытаніі (яшчэ адной ядравай краіны ў Еўропе), то Аляксандр Фрыдман лічыць, што гэтая краіна будзе адыгрываць сваю, асобную ролю.

Сапраўды, усе мы сталі сведкамі таго, як менавіта Вялікая Брытанія прыняла 2 сакавіка першы надзвычайны саміт еўрпейскіх лідараў пасля скандальнай сустрэчы Уладзіміра Зяленскага і Доналда Трампа ў Белым доме.

Як адзначалі журналісты ВВС, брытанскі прэм’ер Кір Стармер узяў на сябе ролю «моста» паміж ЗША і еўрапейскімі хаўруснікамі, карыстаючыся сувязямі Вялікай Брытаніі з тымі і другімі. Менавіта ён пасля перапалкі ў Авальным кабінеце патэлефанаваў спачатку Зяленскаму, а пасля Трампу, спрабуючы ўгаварыць абаіх вярнуцца да дыялогу.

Калі ж стала зразумела, што замірэння паміж Зяленскім і Трампам бліжэйшым часам не прадбачыцца, на палях лонданскага саміту прагучалі заявы пра больш рашучыя крокі Еўропы на шляху ўзмацнення сваіх пазіцый. І адну з галоўных скрыпак тут пачала адыгрываць Вялікая Брытанія. Нездарма прынятыя на саміце рашэнні агучыў менавіта брытанскі прэм’ер.

Нагадаем, што сярод галоўных крокаў, зацверджаных еўрапейскімі лідарамі 2 сакавіка, быў працяг ваеннай дапамогі Украіне да таго часу, пакуль ідзе вайна, а таксама ўзмацненне эканамічнага ціску на Расею. Стармер падкрэсліў, што лідары Еўропы пагадзіліся, што любая трывалая мірная дамова павінна забяспечваць суверэнітэт і бяспеку Украіны і што Кіеў павінен прысутнічаць на перамовах. Было вырашана, што ў выпадку заключэння мірнай дамовы еўрапейскія лідары будуць імкнуцца перадухіліць любое будучае ўварванне Расеі ва Украіну. І нарэшце Стармер паведаміў пра «кааліцыю ахвотных» для абароны Украіны і забеспячэння міру ў краіне.

Важна, што праз некаторы час, выступаючы ў палаце абшчын, брытанскі прэм’ер заявіў, што Вялікая Брытанія гатовая гуляць «вядучую ролю» у забеспячэнні міру ва Украіне.

«Брытанія будзе адыгрываць вядучую ролю, пры неабходнасці разам з іншымі, ў адпраўцы наземных войскаў», – сказаў прэм'ер.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнікі ДСНС тушаць пажар на складзе, дзе захоўваліся прадуктовыя наборы, які пацярпеў ад расейскага абстрэлу ў Краматорску, Украіна. 6 сакавіка 2025 года. Фота: Viktor Fridshon / Global Images Ukraine via Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнікі ДСНС тушаць пажар на складзе, дзе захоўваліся прадуктовыя наборы, які пацярпеў ад расейскага абстрэлу ў Краматорску, Украіна. 6 сакавіка 2025 года. Фота: Viktor Fridshon / Global Images Ukraine via Getty Images

Будучы альянс Макрона і Мерца


На пазачарговых выбарах у нямецкі парламент перамог блок ХДС/ХСС на чале з паслядоўным прыхільнікам падтрымкі Украіны Фрыдрыхам Мерцам. Ён неаднаразова рабіў заявы пра павелічэнне ваеннай дапамогі і нават настойваў на перадачы ёй ракет Taurus, на што так і не адважыўся ўрад Оляфа Шольца.

Мерц выказваў недаўменне заявамі Трампа пра тое, што нібыта Украіна «пачала вайну», і падкрэсліваў, што яны падобныя на «расейскі наратыў», а ў сувязі з гэтым быў «шакаваны тым, што Доналд Трамп зараз, відавочна, сам прыняў яго».

На гэтым фоне, адзначае выданне Politico, верагодная кааліцыя, якую можа сфармаваць Мерц, мае болей шанцаў на тое, каб прыняць больш жорсткую палітыку падтрымкі Украіны і ўмацавання бяспекі Еўропы, чым гэта было пры папярэднім урадзе Нямеччыны. 

,,

«Маім абсалютным прыярытэтам будзе больш хуткае ўмацаванне Еўропы, каб крок за крокам мы маглі сапраўды дасягнуць незалежнасці ад ЗША», – заяўляў пасля сваёй перамогі Фрыдрых Мерц.


На думку Аляксандра Фрыдмана, пакуль застаецца адкрытым пытанне пра тое, якую ролю ў канструкцыі «Лондан – Парыж» будзе адыгрываць Берлін.

Бо пакуль што, лічыць палітычны аналітык, у Нямеччыны, паводле аб’ектыўных прычын, досыць слабая роля – яна знаходзіцца ў моманце, калі ўрад Оляфа Шольца прайграў выбары, але яшчэ застаецца пры ўладзе.

«Калі ж у Нямеччыне будзе сфармаваны новы ўрад, я ўпэўнены, што і Нямеччына будзе дзейнічаць больш упэўнена. Тым больш што Францыя ў гэтым зацікаўлена. Я думаю, што нас у будучыні чакае ў Еўропе альянс Эманюэля Макрона і Фрыдрыха Мерца», – кажа Аляксандр Фрыдман. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Старшыня Рады ЕЗ Антоніа Коста (справа) сустракаецца з Фрыдрыхам Мерцам (злева), прэзідэнтам Хрысціянска-дэмакратычнага саюза Нямеччыны (ХДС) у Брусэлі, Бельгія. 6 сакавіка 2025 года. Фота: Dursun Aydemir / Anadolu via Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Старшыня Рады ЕЗ Антоніа Коста (справа) сустракаецца з Фрыдрыхам Мерцам (злева), прэзідэнтам Хрысціянска-дэмакратычнага саюза Нямеччыны (ХДС) у Брусэлі, Бельгія. 6 сакавіка 2025 года. Фота: Dursun Aydemir / Anadolu via Getty Images

Польшча як частка архітэктуры бяспекі


Яшчэ адна краіна, якая небеспадстаўна прэтэндуе на званне лідара на еўрапейскай арэне, – гэта Польшча. Ад самага пачатку поўнамаштабнай вайны яна стаіць на пазіцыях трывалай падтрымкі Украіны.

Менавіта польскі прэм’ер Дональд Туск запусціў хвалю падтрымкі ад еўрапейскіх лідараў у адрас прэзідэнта Зяленскага і народа Украіны пасля зрыву падпісання ўгоды паміж Кіевам і Вашынгтонам.

«Еўропа прачнулася і зараз у адзін голас кажа аб падтрымцы Украіны, неабходнасці цеснага трансатлантычнага супрацоўніцтва і ўмацавання ўсходняй мяжы ЕЗ», – такія словы напісаў польскі прэм’ер-міністр пасля лонданскага саміту ў сваім акаўнце «Х».

Менавіта Польшча сярод краін NATO траціць найбольш на абарону ў суадносінах да свайго ВУП. У 2025 годзе яна запланавала на абаронны бюджэт 4,7% ад валавога ўнутранага прадукту.

Пры гэтым стасункі паміж Польшчай і ЗША застаюцца даволі добрымі, што пацвердзіў і сам Доналд Трамп: падчас сустрэчы з Анджэем Дудам ён адзначыў, што прысутнасць ЗША ў Польшчы і Цэнтральнай Еўропе павінна быць узмоцнена. Цалкам верагодна, што заручэнне такой падтрымкай дае Польшчы пэўныя «козыры».

На думку Аляксандра Фрыдмана, у Польшчы ёсць усе падставы стаць галоўнай краінай Еўразвязу, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Бо, па-першае, краіна мяжуе з Саюзнай дзяржавай, з тэрыторыі якой чакаюць пагрозы, па-другое, у яе ёсць кампетэнцыі і разуменне таго, што адбываецца на ўсходзе. І нарэшце, гэтае разуменне прызнаецца іншымі краінамі ЕЗ. Бо да 2022 года да перасцярогаў Польшчы, датычных расейскіх пагрозаў, на захадзе Еўропы ставіліся вельмі скептычна. Аднак пасля стала зразумела, што яны маюць пад сабой падставы.

«Тое, што Польшча будзе адыгрываць у будучай архітэктуры бяспекі вельмі важную ролю, мне падаецца, відавочна. Польшча – гэта краіна з вельмі моцнай арміяй, якая разумее сённяшняе становішча. Так што я думаю, што і Польшча, канечне, далучыцца да гэтага альянсу [Францыі і Нямеччыны. – Заўв. рэд «Белсата»]», – кажа Аляксандр Фрыдман. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск размаўляе са СМІ па прыбыцці на саміт ЕЗ у будынак Еўрапейскай рады ў Бруселі, Бельгія. 6 сакавіка 2025 года. Фота: Harry Nakos / AP Photo / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск размаўляе са СМІ па прыбыцці на саміт ЕЗ у будынак Еўрапейскай рады ў Бруселі, Бельгія. 6 сакавіка 2025 года. Фота: Harry Nakos / AP Photo / East News

Фактар Вугоршчыны


На пытанне аб тым, ці ўдасца ў выніку Еўропе пераадолець перашкоды, якія сустракаюцца ў выглядзе незгаворлівасці Вугоршчыны ці Славакіі, Аляксандр Фрыдман адказаў, што пэўныя магчымасці для гэтага існуюць, хоць будзе і нялёгка гэта зрабіць.

На думку суразмоўцы, гэтыя краіны шмат у чым залежныя ад іншых краін Еўропы. Таму на Вугоршчыну ці Славакію можа аказвацца ціск або будуць выпрацоўвацца механізмы, якія дазволяць паступова адыходзыіць ад прынцыпа адзінагалоснасці, які тармазіць развіццё Еўразвязу.

Пры гэтым, на думку Фрыдмана, дамовіцца са Славаччынай будзе прасцей, чым з Вугоршчынай. Хаця і Віктар Орбан, лічыць суразмоўца, – гнуткі палітык, які добра разумее рэчаіснасць: і калі ён будзе бачыць, што яму эканамічна і палітычна нявыгадна супрацьстаяць астатнім краінам ЕЗ, то ён пойдзе на пэўныя кампрамісы.


Французскі ядравы парасон


Заявы Эманюэля Макрона пра гатовасць Францыі ўзяць хаўруснікаў пад свой ядравы парасон Аляксандр Фрыдман патлумачыў тым, што лідар гэтай краіны выдатна разумее, наколькі нервова на гэтую тэму рэагуюць у Расеі, а таму лічыць, што з Расеяй трэба размаўляць той жа мовай, якую яна разумее. 

,,

«Расея пазіцыянуе сябе як моцная ядравая дзяржава. Адказ Макрона: глядзіце, мы таксама ядравая дзяржава. Расея кажа, што ў яе моцная армія – Макрон кажа, што ў нас таксама моцная армія. І ў Еўропе можа быць моцная армія. Мы можам гэтаму [расейскай агрэсіі. – Заўв. рэд. «Белсата»] супрацьстаяць. Мы не прайгралі. Калі мы спынімся, калі мы нічога не будзем рабіць, мы відавочна прайграем. Пакуль у нас усё яшчэ ёсць шанцы і ёсць магчымасці. Гэты аптымізм у Макрона прысутнічае», – адзначыў Аляксандр Фрыдман.


Ядравы парасон мае рознае значэнне для краін Еўропы, кажа суразмоўца. Так, патрэба ў ім для Італіі, Іспаніі і Грэцыі не вельмі вялікая, у той час як для краін Балтыі і Польшчы гэта пытанне бяспекі. Ключавым яно можа быць і для Нямеччыны, на тэрыторыі якой прысутнічае амерыканская ядравая зброя. І ў выпадку сыходу амерыканцаў з ЕЗ, прапанова Францыі ўзяць на сябе частку адказнасці можа быць спробай пашырыць свой уплыў, але для Нямеччыны такая прапанова можа быць прывабнай – таму заявы Макрона там успрымаюцца спакойна і нават станоўча.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10