навіны

«Расея надоўга стала пагрозаю для Францыі і Еўропы». Макрон выступіў з праграмнай прамоваю

img
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. Фота: Antoine Gyori - Corbis/Corbis via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Прэзідэнт Францыі ў звароце да нацыі заявіў пра «ўступленне ў новую эру», пра неабходнасць вайсковага ўзмацнення, пра трывалы мір ва Украіне і абарону ўсяго Еўразвязу французскай ядравай зброяй.

Прэзідэнт Францыі выступіў з прамоваю напярэдадні надзвычайнага еўрапейскага саміту наконт Украіны. Эманюэль Макрон заявіў, што замірэнне не можа быць дасягнутае любым коштам і пад расейскім дыктатам, і яно не можа быць капітуляцыяй Украіны.


«Незалежна ад таго, як хутка настане мір, нам неабходна прызнаваць расейскую пагрозу і мацней узброіцца. Будучыня Еўропы не можа вызначацца ў Маскве ці Вашынгтоне», – сказаў кіраўнік Францыі.


Ён падкрэсліў, што Расея працягвае пераўзбройвацца і плануе павялічыць лік жаўнераў у войску, колькасць танкаў і знішчальнікаў:

,,

«На гэтым фоне хто можа паверыць, што сённяшняя Расея спыніцца на Украіне? Расея надоўга стала пагрозаю для Францыі і Еўропы. Мір больш не можа быць гарантаваны на нашым уласным кантыненце. Расейская пагроза існуе, і яна закранае краіны Еўропы, закранае нас».


Паводле Макрона, Расеі больш нельга верыць на слова, а Украіна мае права на мір і бяспеку, і гэта ў інтарэсах Францыі. Ён пацвердзіў, што Парыж выправіць ва Украіну міратворцаў, аднак толькі пасля замірэння.

«Мы ўступаем у новую эру», – сказаў палітык, адзначыўшы, што Еўропа мае быць гатовая да таго, што ЗША «не будуць на нашым баку».


Эманюэль Макрон таксама паведаміў пра пачатак дыскусіі аб выкарыстанні французскай ядравай зброі для абароны ўсяго Еўразвязу:


«Нашыя сілы ядравага стрымлівання абараняюць нас. У адказ на заклік будучага канцлера Нямеччыны я пастанавіў пачаць стратэгічную дыскусію аб абароне нашых саюзнікаў на еўрапейскім кантыненце з дапамогаю нашых сілаў стрымлівання».


Пры гэтым, як падкрэсліў Макрон, распараджацца ядравай зброяй будзе толькі прэзідэнт Францыі і галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі.


Французскую армію ён назваў самай эфектыўнай у Еўропе, аднак усё адно патрабуецца ўзмацненне. За апошнія дзесяць гадоў выдаткі на абарону павялічыліся ўдвая, і, маючы на ўвазе пагрозы, ваенны бюджэт мусіць расці і далей, сказаў Макрон, паабяцаўшы, што дзеля гэтага падаткі падымаць не будуць.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10