Аляксандр Лукашэнка прасіў перадаць Доналду Трампу: «Я яго чакаю тут разам з Пуціным і Зяленскім». Прэс-сакратар Пуціна пагадзіўся.
У інтэрв’ю блогеру Мар’ё Нофалу 27 лютага Аляксандр Лукашэнка запрасіў кіраўнікоў Злучаных Штатаў, Расеі і Украіны на перамовы ў Менск. Пра гэта стала вядома 4 сакавіка, калі была апублікаваная поўная размова. Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, 5 сакавіка падтрымаў прапанову, перадае ТАСС.
Магчымасць правесці саміт у Менску не абмяркоўвалі, паведаміў Пяскоў, але ідэя яму спадабалася:
,,«Канешне, для нас Менск – гэта найлепшае месца. Гэта наш галоўны саюзнік. Таму для нас гэта найлепшае месца для перамоваў».
Ні амерыканскі, ні ўкраінскі бок на момант публікацыі не каментавалі прапанову Лукашэнкі.
Ды якраз тое, што Лукашэнка ёсць саюзнікам Крамлю, можа быць перашкодай для Украіны. Так, на пачатку года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі расказваў, што «на другі ці трэці дзень» поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну меў тэлефонную размову з Лукашэнкам. Са словаў Зяленскага, Лукашэнка прасіў прабачэння за напад і абстрэлы з тэрыторыі Беларусі. Зяленскі сцвярджаў, што тады адказваў: Лукашэнка – «такі самы забойца», як Пуцін.
Украіна таксама можа мець кепскія асацыяцыі з перамовамі ў Менску: менскія пагадненні 2014 і 2015 гадоў між Расеяй і Украінай не раз парушаліся расейскім бокам і скончыліся поўнамаштабным нападам Расеі.
З заўвагі Зяленскага пра тое, што Расея не выконвае пагадненняў, а Украіна патрабуе рэальных гарантыяў бяспекі, пачалася публічная сварка з кіраўніцтвам ЗША: спачатку віцэ-прэзідэнтам Джэй Ды Вэнсам, затым прэзідэнтам Доналдам Трампам. У выніку ЗША прыпынілі ваенную дапамогу Украіне, а Еўропа сур’ёзна задумалася пра ўласную бяспеку.
Цяпер для Украіны на парадку дня аднаўленне перамоваў са Злучанымі Штатамі – яшчэ не перамовы з Расеяй. 4 сакавіка Зяленскі падзякаваў Трампу за дапамогу і пашкадаваў пра тое, як прайшла сустрэча ў Белым доме, а Трамп расказаў, што атрымаў ліст ад Зяленскага, у якім той заяўляе пра гатовасць да мірных перамоваў.
Як піша «Le Figaro», разам з Зяленскім на новую сустрэчу ў ЗША могуць паехаць прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон і прэм’ер-міністр Злучанага Каралеўства Кір Стармэр. Абодва нядаўна сустракаліся з Трампам, пярэчылі яму, але да сварак не даходзіла. Макрон нядаўна адзначаў, што Украіне патрэбныя моцныя і надзейныя гарантыі бяспекі, «інакш ёсць рызыка, што гэтае спыненне агню скончыцца, як менскія пагадненні».
Абноўлена. У палацы дэ ль’Элізэ заявілі, што «на дадзеным этапе» новая паездка Макрона ў Штаты не плануецца.
Лукашэнка тым часам атрымаў чарговыя «гарантыі бяспекі» ад Пуціна: адпісаў Закон аб ратыфікацыі дамовы паміж Рэспублікаю Беларусь і Расейскаю Федэрацыяй аб «гарантыях бяспекі» ў межах «саюзнай дзяржавы». Гэтая дамова дапускае размяшчэнне ў Беларусі расейскіх вайсковых базаў і фармаванняў.
Алесь Наваборскі belsat.eu