Новая арыгінальная куртка «Balenciaga» за 4долары. Ці камізэлька «Dolce & Gabbana» за 6,5. Менавіта столькі каштуюць гэтыя рэчы паводле мытных дакументаў беларускай кампаніі «Белкарга», якая дастаўляе брэндавае адзенне з Еўропы ў Расею «без абмежаванняў у цане». Журналісты-расследавальнікі з Беларускага расследавальніцкага цэнтру правялі эксперымент: замовілі дарагія брэндавыя курткі.
«Указалі там ніжэйшую цану, гэта прайшло кантроль, і мы ўбачылі, што, калі б мы ўказалі рэальную цану, то заплацілі б 2000 еўраў за мыты і зборы, а праз гэтую схему мы заплацілі б толькі 300 долараў», – апавядае кіраўнік аддзелу расследаванняў БРЦ Максім Саўчук.
Разлікі «Белкарга» вядзе паводле вагі, а не рэальнага кошту тавараў. Менавіта гэта дазваляе абыходзіць санкцыйныя ліміты, устаноўленыя супраць Расеі ў 2022 годзе: 300 еўраў за адзінку паводле правілаў Еўразвязу і тысяча долараў за адзінку паводле санкцыяў Злучаных Штатаў. Толькі летась кампанія «Гандлёвы дом «Экспартгандаль» паставіла ў Расею 8000 мужчынскіх куртак. Амаль усе яны афармляліся паводле цаны да сарака долараў.
«Беларускі бюджэт толькі на гэтых пастаўках мог недаатрымаць каля мільёна еўраў. І гэта толькі на мужчынскіх куртках. А «Гандлёвы дом «Экспартгандаль» увозіць у Расею не толькі курткі, але і іншае адзенне з Італіі, Францыі ды іншых краінаў Еўропы», – гаворыць у расследаванні журналістка Беларускага расследавальніцкага цэнтру Алена Чарняўская.
За гэтымі схемамі і за кампаніяй «Гандлёвы дом «Экспартгандаль» нейкі час стаяў набліжаны да Віктара Лукашэнкі бізнесовец Аляксандр Зайцаў.
«То бок Зайцаву дазваляецца недаплочваць у бюджэт Беларусі, і такім чынам гэта ўплывае на сацыяльныя выплаты, пенсіі і гэтак далей. Фактычна гэта крадзеж бюджэту Рэспублікі Беларусь», – кажа Максім Саўчук.
Расследавальнікі выявілі ўжо некалькі схемаў абыходу санкцыяў Еўразвязу і Злучаных Штатаў, у якіх пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну браў удзел «Гандлёвы дом «Экспартгандаль».
«Паводле нашых падлікаў, за гэты час кампанія паставіла ў Расею не менш за 825 мікрасхемаў амерыканскай і еўрапейскай вытворчасці. «Гандлёвы дом «Экспартгандаль» таксама фігураваў у пастаўках падсанкцыйных апонаў з Італіі – яшчэ аднаго тавару, які падпадае пад санкцыі. І супрацоўнічаў з расейскімі кампаніямі звязанымі з вайсковаю вытворчасцю», – гаворыцца ў расследаванні.
Пры гэтым «Гандлёвы дом «Экспартгандаль» дасюль не залучаны ў санкцыйныя спісы ні Еўразвязу, ні Злучаных Штатаў. Што і дазваляе кампаніі карыстацца міжнароднаю лагістыкай і банкаўскімі паслугамі. Цалкам расследаванне можна пачытаць на старонцы або паглядзець на YouTube-канале Беларускага расследавальніцкага цэнтру.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»