«Белсат» працягвае адсочваць факт рэпрэсіяў у Беларусі ў дачыненні тых, хто выступае супраць уладаў, якія душаць грамадзянскія свабоды, жывуць паводле прынцыпу «не да законаў» і дапамагаюць вайне супраць Украіны.
Вярхоўны Суд апублікаваў статыстыку крымінальных справаў, разгледжаных судамі ў 2024 годзе, але схаваў звесткі пра «палітычныя» прысуды. Згодна з апублікаванаю статыстыкаю, за мінулы год суды агульнай юрысдыкцыі вынеслі прысуды ў 29 162 крымінальных справах. Паводле іх былі асуджаныя 31 410 чалавек. Звесткі пра палітычна матываваныя справы трапілі толькі ў асобную статыстыку асуджаных няпоўнагадовых.

Краўцоў пра суд над Эдуардам Бабарыкам: Намёкі на перамовы з ЗША не азначаюць вызвалення палітвязняў
20 лютага суд Ваўкавыскага раёну разгледзеў новую крымінальную справу супраць палітычнага вязня Эдуарда Бабарыкі, сына былога патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнта Віктара Бабарыкі. Яго зноў вінавацяць у «зацятым непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі» паводле крымінальнага арт. 411 КК. Палітвязня, які кіраваў ініцыятыўнаю групаю свайго бацькі, затрымалі 18 чэрвеня 2020-га. Ён адбывае 8 гадоў пазбаўлення волі, будучы прызнаны вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»), арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»), арт. 130 КК («Распальванне варожасці»), а таксама паводле ўжо згаданага арт. 411 КК.
У судзе Смалявіцкага раёну разгледзелі ўжо дзявятую крымінальную справу супраць 72-гадовага Васіля Дземідовіча. Справу вядзе Аляксандр Казлоўскі. Агулам пенсіянера асудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым вынік апошніх трох судоў пакуль невядомы. У зняволенні Дземідовіча ўтрымліваюць амаль тры гады.
У Гомельскім абласным судзе на 20 лютага быў запланаваны пачатак разгляду крымінальнай справы ў дачыненні студэнта Данілы Чыбісава. Яму інкрымінаваныя заклікі да санкцыяў і садзейнічанне «экстрэмісцкай» дзейнасці. Працэс прызначаны весці суддзя Анатоль Сотнікаў. 18 кастрычніка 2024 года студэнта разам з маці асудзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
24 лютага ў судзе Партызанскага раёну Менску пачынаецца працэс над айцішнікам Дзмітрыем Хамельянскім. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу). Суддзёй у справе прызначаны Аляксандр Супічэнка.
3 сакавіка ў Гарадзенскім абласным судзе пачнецца судовы працэс супраць Ягора Сацішура. Яму інкрымінаваная ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»). Працэс прызначылі весці суддзі Зінаідзе Барцэвіч. У чым вінавацяць Сацішура, невядома. Ягоныя ініцыялы супадаюць з 22-гадовым мужчынам, які раней вучыўся на юрыдычным факультэце ў Берасці, а пасля жыў у Польшчы.
18 лютага ў судзе Навабеліцкага раёну Гомля адбываўся судовы працэс у адміністрацыйнай справе ў дачыненні Канстанціна Карпава, кіраўніка супольнага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Белпалімергаз». Ягоную справу за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» разглядаў суддзя Аляксандр Зінчук. Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.
Да былога сакратара гаркаму БРСМ Берасця Пятра Піцко, які вядомы як паплечнік прарасейскай даносчыцы з Горадні Вольгі Бондаравай, 19 лютага прыйшлі сілавікі. Мяркуючы з допісаў Піцко, удома ў яго адбыўся ператрус. Бо ўжо праз некалькі гадзінаў ён апублікаваў відэа і допіс, у якім паведаміў, што ён на волі і ў яго ўсё ў парадку. Пётр Піцко заявіў, што сілавікі не знайшлі нічога забароненага ні ў ягоным доме, ні ў тэлефоне, ні ўдома ў бацькоў. З ягоных словаў вынікае, што гэта не першы такі візіт. Піцко напісаў, што «стаміўся ад гэткай увагі» міліцыянтаў. Таксама ён дадаў, што гэтым разам з ім абышліся даволі мякка.
Сталася вядома, што палітзняволенаму ксяндзу Генрыху Акалатовічу, асуджанаму на 11 гадоў зняволення за «здраду дзяржаве», у СІЗА КДБ забаранялі мець крыжык. Там яго трымалі больш за год. У СІЗА № 1 у Менскім раёне, куды ксяндза перавялі на час абскарджання прысуду, такой забароны няма.
КДБ дадаў у «пералік асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», фігурантаў справы аб падрыве расейскага самалёта А-50 у Мачулішчах – грамадзянін Расеі і Украіны Мікалай Швец, а таксама грамадзяне Беларусі Міхаіл Дзёмін, Сяргей Лапароў, Алег Сычоў, Яўгенія Тачыцкая і Віталь Якуцік. Акрамя Сычова, які адбывае 9-гадовы тэрмін у калоніі, усе іншыя асобы, залучаныя ў спіс, цяпер не ў Беларусі, іх засудзілі завочна.
Таксама ў спіс дадзеныя Яўген Дземянёў, Аляксей Клюшнічэнка, Ігар Кузаўка, Андрэй Прыходзька, Генадзь Саўрыцкі, Ірына Саўрыцкая, Віялета Вярбіцкая, Віталь Скібінскі, Ігар/Ілля Ільюкевіч (у спісе КДБ – блытаніна ў ягоным імені). Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1248 асобаў, з іх больш як 550 – беларусы.
Якуб Хруст belsat.eu