Еўракамісія рыхтуе маштабныя змены для аўтаўладальнікаў: замест асобнай рэгістрацыі ў кожнай краіне з’явіцца адзіны лічбавы дакумент – «аўтамабільны пашпарт».
Мяркуецца, што «аўтамабільны пашпарт» будзе дзеяць ва ўсім Еўразвязе, піша «The Warsaw». У ім будзе змяшчацца гісторыя прабегу ды іншыя важныя звесткі. Гэта, на думку еўрапейскіх чыноўнікаў, мусіць знізіць узровень махлярства, асабліва з паказаннямі адометра.
Рэформа закране і тэхагляд: яго можна будзе праходзіць у любой краіне ЕЗ, ён будзе дзейны мінімум 6 месяцаў. Таксама абавязковымі стануць правяранні праграмнага забеспячэння, сістэмаў бяспекі і выкідаў – у тым ліку для электрамабіляў. Для аўтаў, старэйшых за 10 гадоў, тэхагляд стане штогадовым.
У Польшчы таксама рыхтуюцца змены: тэхагляд падаражэе на 20–30 %, але тых, хто пройдзе яго датэрмінова, заахвоцяць – вынік будзе дзеяць 13 месяцаў.
Паводле новых правілаў, аўтамабіль трэба будзе фатаграфаваць падчас тэхагляду – як доказ таго, што ён сапраўды прысутнічаў на станцыі. Кантроль будзе стражэйшы, а гісторыя прабегу будзе захоўвацца ў спецыяльнай базе кожнай краіны, нават калі аўтамабіль будзе перададзены за мяжу.
Усе гэтыя змены могуць увайсці ў сілу ўжо ў канцы 2025 года, хаця дакладнай даты пакуль не называюць.
Нагадаем, у Беларусі тым часам з сакавіка 2025 года ўсе камеры фотафіксацыі на дарогах пачалі выяўляць аўтамабілі, на якіх не пройдзены тэхагляд. Гэта ў пэўны момант прывяло да павелічэння чэргаў на дыягнастычных станцыях.
Раман Шавель belsat.eu