навіны

Святлана Курс просіць пра дапамогу, каб перамагчы цяжкую хваробу

Святлана Курс. Крыніца: bysol.org
Святлана Курс. Крыніца: bysol.org
podpis źródła zdjęcia

У пісьменніцы Святланы Курс, аўтаркі вядомай аповесці «Па што ідзеш, воўча?», знайшлі сур’ёзную хваробу. Але яна хоча перамагчы яе і просіць беларусаў дапамагчы ў гэтым. Адмысловы збор зарганізавалі на платформе «BYSOL».

«Ужо некалькі тыдняў я адчувала, што з маім целам нешта не так: цяжар у жываце, сцісканне мачавога пухіра, стомленасць», – піша Святлана.

У выніку ў яе дыягнаставалі рак яечніка з метастазамі ў брушыну і лімфатычныя вузлы. 

,,

«Гэта той самы «ціхі забойца», які доўга хаваецца і праяўляе сябе ўжо на позняй стадыі. Усе астатнія органы ў мяне здаровыя – ныркі, печань, сэрца, лёгкія, – і менавіта таму ў дактароў ёсць надзея: шанец на лекаванне, на працяг жыцця. А я так не хачу яго адпускаць…» – прызнаецца пісьменніца.


Святлане адной не справіцца, але яна вельмі спадзяецца на беларусаў, якія з ёй «у прыгодзе і ў карагодзе», і дзякуе ўсім за тое, што застаюцца побач.

Спасылка на збор для дапамогі Святлане Курс: https://bysol.org/be/private/svetlana_kurs/

«Калі ласка, калі маеце магчымасць, падтрымайце мяне. Грашамі, талакою, словам. Перада мной – цяжкі шлях лячэння, аналізаў, працэдур. Гэта патрабуе сродкаў, якіх у мяне няма».

Сума збору – 10 тысяч еўраў. Далей Святлана падрабязна тлумачыць, на што пойдуць сабраныя грошы.

«Асноўнае лячэнне – бясплатнае.

Дзякуючы польскай медыцынскай сістэме я праходжу хіміятэрапію, падрыхтоўку да аперацыі, саму аперацыю і наступнае лячэнне бясплатна, у Нацыянальным анкалагічным цэнтры. Але навокал гэтага – жыццё, у якім таксама трэба выжываць. Таму я звяртаюся з просьбай дапамагчы мне сабраць сродкі на:

€ 4200 – бытавыя выдаткі (жыццё падчас лячэння) на 6 месяцаў (€ 700 на месяц);

€ 3000 – інфраструктура вакол лячэння:
 – аплата дарогі да медыцынскіх цэнтраў (у тым ліку – у іншыя гарады),
 – арэнда транспарту або таксі, калі фізічна цяжка ехаць грамадскім,
 – чаканні і начлег пасля працэдур (калі трэба быць побач з клінікай),
 – купля базавых медыцынскіх сродкаў, якія не выдаюцца па страхоўцы (уколы, апрацоўкі, апараты для падтрымкі арганізма);

€ 600 – падтрымка медыкаментамі і спецыяльнае харчаванне;

€ 2200 – непрадбачаныя выдаткі:
 – дадатковыя аналізы, якія не пакрываюцца,
 – змены ў лячэбных схемах або рэакцыі арганізму,
 – магчымасць аплаты часовай дапамогі (сацыяльны работнік, часовая апякунка і г. д.)».

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10