Былы палітвязень Юрась Зянковіч, асуджаны на 11 гадоў пазбаўлення волі за спробу «дзяржаўнага перавароту» і вызвалены паводле патрабавання ЗША, заявіў на прэс-канферэнцыі, што падчас зняволення даведаўся пра вайскоўцаў, асуджаных за сапраўдную спробу перавароту, паведамляе «Zerkalo».
«Паводле маёй інфармацыі, у Рэспубліцы Беларусь сапраўды была спроба вайсковага перавароту. У гэтай справе (пра спробу вайсковага перавароту, а канкрэтна – пра замах на Аляксандра Лукашэнку) арыштаваная група афіцэраў пятай брыгады [спецназу] з Мар’інай Горкі. Цяпер яны асуджаныя на розныя тэрміны зняволення. Наколькі я ведаю, ад 15 да 20 гадоў. Імёны іх невядомыя, але інфармацыя дастаткова правераная. І ў гэтым выпадку я гатовы адказваць за свае словы, такая спроба была прыблізна ў 2022–2023 гадах», – заявіў Юрась Зянковіч.
Былы палітвязень сказаў, што даведаўся пра гэтую справу ад сукамернікаў у СІЗА КДБ, якія перад тым утрымліваліся з гэтымі змоўцамі. Паводле яго, гаворка як мінімум пра трох афіцэраў спецназу, але іхных імёнаў ён не памятае. Зянковіч дадаў: сукамернікі бачылі, што спецназаўцы былі «сурʼёзна збітыя».
Прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар у каментары «Белсату» адзначыў, што нічога не ведае пра змову, згаданую экс-палітвязнем. Ён сказаў, што раней журналісты з дапамогай «BELPOL» правяралі людзей, сярод якіх былі вайскоўцы, «але адназначна казаць, што яны маюць дачыненне да гэтай справы, мы не можам».
,,«Складана адназначна сказаць, чаму Зянковіч кажа пра гэта і наколькі дакладнай ёсць ягоная інфармацыя», – адзначыў Жыгар.
У праваабарончым цэнтры «Вясна» нашаму карэспандэнту адказалі, што ім «нічога невядома пра гэтых людзей ці ўвогуле пра такі выпадак».
Амерыканскі юрыст і беларускі актывіст Юрась Зянковіч быў арыштаваны ў Маскве ў 2021 годзе паводле абвінавачвання ў замаху на Лукашэнку і дастаўлены ў Менск. Яго пакаралі ў межах «справы змоўцаў» паводле шэрагу крымінальных артыкулаў 11 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У гэтай справе праходзілі таксама літаратуразнаўца і палітолаг Аляксандр Фядута, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў – кожнаму з іх прысудзілі 10 гадоў. У судзе Фядуту, Кастусёва і Зянковіча назвалі вінаватымі ў змове з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі зняволенымі.
КДБ заявіў, што нібыта перадухіліў замах на Лукашэнку і ягоных сыноў, а таксама «раскрыў дзяржаўны пераварот».
Зянковіч быў вызвалены 30 красавіка 2025 года. Дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб’ёў паведаміў, што «Беларусь вызваліла яшчэ аднаго несправядліва затрыманага грамадзяніна ЗША».
Макар Мыш belsat.eu