навіны

Палітвязня Эдуарда Бабарыку ўжо трэці раз судзяць за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»

Эдуард Бабарыка ў судзе 22 траўня 2023 года.
Эдуард Бабарыка ў судзе 22 траўня 2023 года. Фота: belta.by
podpis źródła zdjęcia

20 лютага суд Ваўкавыскага раёну разгледзіць новую крымінальную справу супраць палітычнага вязня Эдуарда Бабарыкі.

Сына былога патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнта Віктара Бабарыкі зноў вінавацяць у «зацятым непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі» паводле крымінальнага арт. 411.


Эдуард Бабарыка кіраваў ініцыятыўнаю групаю прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі. 18 чэрвеня 2020 года яго затрымалі разам з бацькам, калі ён скіроўваўся ў ЦВК здаць сабраныя подпісы. Затрымліваў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю.


Эдуард адбывае пакаранне – 8 гадоў пазбаўлення волі – у Папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску. Яго абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»), арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»), арт. 130 КК («Распальванне варожасці»), а таксама паводле ўжо згаданага арт. 411.


Нагадаем, у ліпені 2024-га Эдуарду прысудзілі 2 гады пазбаўлення волі, чарговы раз абвінаваціўшы ў непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі. І вось цяпер – трэці суд паводле таго ж арт. 411.


Праваабаронцы неаднаразова заяўлялі, што арт. 411 КК выкарыстоўваецца для працягу палітычнага пераследу. Ён парушае вядомы прынцып «non bis in idem», які азначае, што ніхто не павінен быць пакараны двойчы за адное і тое ж дзеянне. І гэты прынцып замацаваны ў Крымінальным кодэксе Беларусі.


Паводле гэтага артыкулу працягнулі тэрмін пазбаўлення волі Мікалаю Дзядку і Змітру Дашкевічу, двойчы – Паліне Шарэндзе-Панасюк.


1 снежня 2023 года МУС дадаў Эдуарда Бабарыку ў «спіс экстрэмістаў». 5 снежня 2023-га КДБ дадаў вязня ў «спіс тэрарыстаў». Сёлета з 1 красавіка Эдуарда ўтрымліваюць у ПКТ.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10