«Белсат» працягвае сачыць за рэпрэсіямі, якія адбываюцца ў Беларусі штодня. Улады ўсімі сіламі стараюцца схаваць працэс пераследу людзей паводле палітычных матываў, але зусім не зніжаюць тэмпаў рэпрэсіяў.
Стала вядома, што сілавікі пачалі прыходзіць да былых сябраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), якую нядаўна ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Гэтак, 13 траўня сілавікі ў цывільным прыйшлі да бацькоў аднаго з былых сябраў. Як паведамляюць у партыі, актывіст цяпер за мяжой, але праваахоўнікі запатрабавалі паказаць ягоныя асабістыя рэчы і вынеслі партыйны сцяг, білет, перадвыбарчыя матэрыялы, Статут і іншую літаратуру. Партыйная сімволіка з ружаю таксама ўнесеная ў пералік «экстрэмісцкіх».
Міністэрства інфармацыі зноў папоўніла Спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. У яго ўвайшлі тэлеграм-каналы «Зеркало – Новости | TUT.ВY», «Dark Baron», Instagram-старонкі «zmitr_ok», «kalinouskipolk», старонка ў Facebook «Pavel Latushka», а таксама старонка «УКантакце» «Зробiм Беларусь лепей».
У Горадні 26 траўня адбудзецца завочны працэс над Віктарам Дамарацкім – яго будуць судзіць за дзяржаўную здраду паводле артыкулу 356 КК у Гарадзенскім абласным судзе ў межах спецыяльнай вытворчасці. Падрабязнасці абвінавачання пакуль не агучваюцца.
Раман Шавель belsat.eu