На фоне чутак пра вялікую ўгоду аб вызваленні палітвязняў паміж ЗША і ўладамі Беларусі 20 лютага распачаўся суд над палітвязнем Эдуардам Бабарыкам паводле чарговай крымінальнай справы. «Белсат» спытаў у прадстаўніка каманды Віктара Бабарыкі, бацькі Эдуарда, чаму суд адбываецца менавіта цяпер.
Іван Краўцоў, прадстаўнік каманды Віктара Бабарыкі, кажа, што любыя перамовы – гэта доўгі працэс.
«Мне здаецца, што не варта спрошчана сабе ўяўляць любы перамоўны працэс. Я не думаю, што адзін візіт Крыса Сміта [намеснік памочніка дзяржаўнага сакратара ў справах Усходняй Еўропы. – Заўвага belsat.eu] – і намечаны планы выхаду кожнага з палітвязняў. Гэта не працуе так, што, калі хтосьці з Адміністрацыі прэзідэнта ці Міністэрства замежных справаў правёў сустрэчу, то аўтаматычна ўва ўсіх палітвязняў будуць добрыя ўмовы.
І я не думаю, што варта звязваць тое, што цяпер адбываецца з Эдуардам, з нейкімі намёкамі на перамовы паміж ЗША і Рэспублікай Беларусь. На Эдуарда ціснуць ужо працяглы час. І гэты ціск аказвае адміністрацыя калоніі, і, напэўна, сілавікі, якія канкрэтна ім займаюцца. Гэта зусім не звязаныя працэсы, яны не сінхранізаваныя», – кажа Краўцоў.
Што датычыць вызвалення палітычных вязняў агулам, то людзі могуць выйсці, калі сітуацыю ўдасца дээскалаваць, мяркуе суразмоўца:
«У тым ліку амерыканцы могуць дамовіцца пра нешта з уладамі Беларусі».
Чаму Эдуарду хочуць зрабіць больш жорсткім пакаранне менавіта цяпер, сказаць складана, адзначае Краўцоў:
«У кожным выпадку гэта індывідуальнае пытанне. На ўсіх палітвязняў у Беларусі ціснуць, але па-рознаму. Я, шчыра кажучы, не ведаю, з чым гэта звязана. Гэта можа залежаць ад асабістай непрыязнасці працаўнікоў Дэпартаменту выканання пакаранняў, ад паводзінаў вязня. Вядома, можна паводзіць сябе добра, але ўсё роўна атрымліваць заўвагі. Шмат фактараў».
Сына прэтэндэнта на пост прэзідэнта Віктара Бабарыкі вінавацяць у зацятым непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі (арт. 411).
Эдуард Бабарыка ўзначальваў ініцыятыўнаю групаю бацькі. Абодвух затрымалі 18 чэрвеня 2020 года.
Эдуарда пакаралі 8 гадамі пазбаўлення волі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»), арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»), арт. 130 КК («Распальванне варожасці»), а таксама паводле арт. 411.
У ліпені 2024-га Эдуарда пакаралі двума гадамі пазбаўлення волі за тое, што ён нібыта не падпарадкоўваўся адміністрацыі калоніі. Цяпер ужо трэці суд супраць яго паводле арт. 411.
Арсен Рудэнка belsat.eu