навіны

Асуджанаму на 23 гады палітвязню трэці раз дадалі тэрмін за «непадпарадкаванне»

img
Сяргей Раманаў (на пярэднім плане) на пасяджэнні Менскага абласнога суда. На заднім плане Ігар Аліневіч. 22 снежня 2021 года. Фота: sputnik.by
podpis źródła zdjęcia

Анархісту Сяргею Раманаву далі 1,5 года за «непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы». Гэта ўжо трэці прысуд палітвязню паводле такога абвінавачання. Агульны тэрмін, прызначаны мужчыну, дасягнуў 24 гадоў 5 месяцаў.

Сяргея Раманава затрымалі ў кастрычніку 2020 года разам з трыма паплечнікамі-анархістамі Ігарам Аліневічам, Дзмітрыем Дубоўскім і Дзмітрыем Рэзановічам. Іх абвінавацілі ў тэрарызме і незаконным абарачэнні зброі і прызначылі велічэзныя тэрміны. Раманаву – 22 гады 11 месяцаў.


Усе фігуранты той справы прызнаныя палітвязнямі.


Цяпер Раманаву дадалі да гэтага тэрміну 1,5 года паводле абвінавачвання ў «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы», паведаміў Telegram-канал «АЧК-Беларусь». Адзначаецца, што гэта ўжо трэці прысуд нібыта за непадпарадкаванне. Агульны тэрмін палітвязня дасягнуў 24 гадоў 5 месяцаў.


Акрамя таго, паведамляецца, што надоечы Раманава перавялі ў памяшканне камернага тыпу і забаранілі яму маляваць. Малюнкі, што ён высылаў у лістах, турэмная цэнзура не прапускае.

Марына Луц. Крыніца: nashaniva.com
Марына Луц. Крыніца: nashaniva.com

Тым часам «Наша ніва» паведаміла пра справу супраць 33-гадовай Марыны Луц, яе асудзілі за «распальванне варожасці». Выданне адзначае, што звычайна гэты артыкул ужываюць, каб пакараць за каментары ў сацсетках.


У «пераліку экстрэмістаў» пазначана, што жанчына «адбывае пакаранне». З гэтага вынікае, што яна атрымала альбо «хімію» з накіраваннем, альбо калонію.


У свае акаўнты апошні раз Луц заходзіла летась у сярэдзіне кастрычніка, а ў Тэлеграме пазначана, што была онлайн «вельмі даўно». Гэта можа сведчыць, што яна ўсё ж у калоніі.


Да канца 2022 года Марына Луц мела бізнес, займалася арганізацыяў вяселляў і іншых імпрэзаў. У 2023 годзе перакваліфікавалася ў UX/UI-дызайнера. Працавала збольшага на фрылансе.


На волі яе чакае малы сын.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10