навіны

Што бачна і чаго не бачна на відэа з Бабарыкам? Спыталі Аляксандра Кабанава, які быў у той самай калоніі

Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка. Фота: Telegram-канал Рамана Пратасевіча
podpis źródła zdjęcia

Блогер Раман Пратасевіч апублікаваў кадры з палітвязнем Віктарам Бабарыкам – адным з галоўных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2020 года. Што за памяшканне, чаму Пратасевіч атрымаў доступ і як выглядае Бабарыка? «Белсат» спытаў Аляксандра Кабанава.

Віктар Бабарыка. Фота: Скрыншот тэлеграм-каналу Рамана Пратасевіча

«Паказны, імітацыйны гуманізм». Чаму ўлады нарэшце паказалі Віктара Бабарыку

навіны

Палітвязень Віктар Бабарыка застаецца ў няволі з 18 чэрвеня 2020 года: патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнта затрымалі разам з сынам Эдуардам, калі ён збіраўся аддаваць у Цэнтральную выбарчую камісію подпісы за сваё вылучэнне кандыдатам. Затрыманне праводзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў, Бабарыку пазней засудзілі нібыта за адмыванне грошай і атрыманне хабару на 14 гадоў пазбаўлення волі. Цяпер ён у папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку. Хоць артыкулы эканамічныя, на Бабарыку на відэа Рамана Пратасевіча – першай за амаль два гады вестцы ад Бабарыкі – відаць жоўты цэтлік «схільнага да экстрэмізму» і «схільнага да агрэсіі», пазнаку палітычнага зняволенага.


Прэс-сакратар арганізацыі «BELPOL» Аляксандр Кабанаў таксама быў зняволены з палітычных матываў у той жа наваполацкай ПК № 1. Яго затрымалі за тры дні да Бабарыкі, засудзілі ў красавіку 2021 года нібыта за грубае парушэнне парадку і знявагу прадстаўніка ўлады, у снежні 2021 года перавялі ў магілёўскую турму, вызвалілі ў снежні 2022-га. 


Што бачна на відэа: памяшканне і адзенне


На апублікаваным Пратасевічам відэа бачна хіба тое, што Бабарыка жывы, схуднелы, у чорнай робе з жоўтым цэтлікам «экстрэміста», у нейкім памяшканні з канапай – відавочна не ў звычайным памяшканні для зняволеных.

Аляксандр Кабанаў на панэльнай дыскусіі «Палітзняволеныя ў Беларусі для беларусаў і беларусак, свету, праваабаронцаў і СМІ». Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2023 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат
Аляксандр Кабанаў на панэльнай дыскусіі «Палітзняволеныя ў Беларусі для беларусаў і беларусак, свету, праваабаронцаў і СМІ». Варшава, Польшча. 11 чэрвеня 2023 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат
Belsat

«Камбінат перапрацоўвання чалавечыны». Расказваем пра калонію № 1 у Наваполацку, дзе сядзіць Бабарыка

навіны

Аляксандр Кабанаў кажа «Белсату», што не пазнае памяшкання, у якім запісвалі відэа Бабарыкі. Ён мае здагадку, што гэта можа быць кабінет псіхолага ці нейкі пакой «штабу» – памяшкання адміністрацыі калоніі. Напрыклад, пакой адпачынку ў «штабе». Дакладна можна сказаць, што гэта не кабінет начальніка калоніі: Кабанаў бываў у тым кабінеце шмат разоў, там іншая абстаноўка.


Адзенне на Бабарыку новае і бліскучае. Кабанаў кажа, што гэта называюць словам «стекляшка»: бачна, што роба надзетая першы раз. Імаверна, Бабарыку перад размовай пераапранулі ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ), дзе вязня трымаюць практычна пастаянна.


Чаго не бачна на відэа: у якім стане Бабарыка і што ён пісаў


На відэа бачна, што Бабарыка піша нейкі ліст, тэксту на якім не разабраць. Са словаў Пратасевіча, гэта ліст сваякам. Паказваюць таксама ўрывак відэа для сваякоў. 


Кабанаў адзначае, што ў ПКТ павінны быць дазволеныя папера, асадка, канверты, аднак Бабарыку гэтага ўсяго пазбавілі, як казалі паўгода таму «інсайдарскія крыніцы» Кабанава. Тады палітыка пазбавілі не толькі права пісаць сваякам, але і права пісаць заявы адміністрацыі калоніі.

,,

«Магчыма, цяпер вырашылі паказаць на камеру: вось, ён можа напісаць, – разважае Кабанаў. – Ягоныя родзічы пацвярджаюць, што з ім не было сувязі практычна два гады. Ніякай абсалютна, не атрымлівалі ад яго нічога. Ні адвакатаў не пускалі».


На думку Кабанава, з Бабарыкам маглі весці перамовы аб тым, каб ён напісаў прашэнне аб памілаванні і прызнаў віну. На фота відаць, што Бабарыка штосьці піша, на відэа перадае прывітанне. Калі б Бабарыка пагадзіўся пісаць прашэнне аб памілаванні, гэта паказалі б у першую чаргу, перакананы Кабанаў.

На фота і відэа бачна, што Бабарыка моцна схуднеў. Але ў відэазвароце да сваякоў ён размаўляе з добрай усмешкай, ласкавым голасам. З выгляду цяжка зразумець, у якім стане Бабарыка: Кабанаў думае, што гэта могуць сказаць толькі лекары па абследаванні, а Бабарыка можа выглядаць бадзёрым проста праз свой характар.

,,

«Я лічу яго асобай дастаткова моцнай, – кажа Кабанаў пра Бабарыку. – А моцная асоба ніколі не будзе на камеру паказваць сябе з такога боку, як хворы, здаўся і гэтак далей. Ён будзе ўсміхацца, ён будзе паказваць пазітыў. Бо такія людзі ў першую чаргу думаюць пра сваіх родных, каб яны не перажывалі, каб яны не хваляваліся».


Кабанаў дадае: ён мае інфармацыю, што Бабарыку перыядычна водзяць з ПКТ на медычныя абследаванні. А «ў бальнічку проста так не водзяць». 


Чаму Пратасевіча пусцілі ў калонію – і ці праўда пусцілі?


Кабанаў моцна сумняваецца, што Пратасевіча пусцілі ў калонію. Наш суразмоўца выказвае здагадку, што Бабарыку ў калоніі здымалі іншыя людзі: мо Пратасевіч проста пастаяў пад брамай калоніі, а на фота з Бабарыкам быў «прыфаташоплены», то бок дададзены праз фотамантаж.

,,

«На тэрыторыю калоніі трапіць скрайне цяжка, – тлумачыць Кабанаў. – На гэта трэба спецдазвол, спецпропускі. І ў саму калонію праносіць гука- і відэазапісную апаратуру, той жа смартфон, могуць толькі два чалавекі: гэта начальнік калоніі і намеснік па рэжымнай і аператыўнай працы».


У калонію могуць завітаць нейкія высокапастаўленыя супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі або пракуратуры, але не звычайны блогер. Каб прапусцілі блогера, кажа Кабанаў, трэба ўзгадненне «на самым-самым высокім узроўні». Ён згадвае: калі ён быў у калоніі, адзін з палітвязняў хацеў «пакаяцца» на дзяржаўным Беларускім тэлебачанні. У калонію спрабавалі трапіць работнікі БТ, дык нават для іх гэта ўзгаднялі тыдзень ці больш. Усё ж пусцілі. 

Раман Пратасевіч (злева) і Юрый Васкрасенскі. Калаж: Ont.by / Sb.by / Белсат

Размаўляць з Пратасевічам на ўмовах Васкрасенскага? Эксперты – пра «перамоўшчыкаў» ад улады

навіны

Можа, і Пратасевіча пусцілі пасля доўгіх узгадненняў, але асноўная версія Кабанава – Пратасевіч «прыфаташоплены». А калі не «прыфаташоплены», а прысланы з прапагандысцкаю мэтаю, то Кабанаў мае пытанне: чаму тады да Бабарыкі не трапілі прапагандысты ўзроўню Грыгорыя Азаронка ці Ігара Тура?


Магчыма, ідзе нейкая «пракачка» Пратасевіча, каб стварыць яму імідж «вызвольніка» або «мосціку між палітвязнямі і вонкавым светам»? Пратасевіч «спрабуе ўседзець на двух крэслах», лічыць Кабанаў: калі ўлада зменіцца, Пратасевіч будзе мець адгаворку, што «дапамагаў людзям». Аднак Кабанаў падкрэслівае, што Пратасевіч фатаграфуецца з палітвязнем, пазбаўленым волі і правоў, як з жывёлінай у заапарку. 

,,

«Гэта яшчэ вельмі сур’ёзны паказнік таго, што ў Беларусі цалкам адсутнічае закон, – дадае Кабанаў. – Да Віктара Дзмітрыевіча не можа трапіць адвакат. Ён пазбаўлены таго, чаго яго не маюць права пазбаўляць: звычайнай перапіскі, тэлефанаванняў, сустрэчаў з адвакатам».


«Ён усяго гэтага пазбаўлены, але тут зверху хтосьці вырашыў… А гэта ўжо незаконна, між іншым! Тое, што адбываецца, – гэта парушэнне заканадаўства, бо Пратасевіч не з’яўляецца ні адвакатам, ні родзічам, нікім! І тут яго туды прапускаюць, бо камусьці зверху так захацелася. То бок закону ў нас не існуе, а ёсць пажаданне нейкіх вярхоў у сваіх мэтах».


Дакладнага адказу на пытанні пра Пратасевіча ў калоніі цяпер не атрымаць, канстатуе Кабанаў. Расказаць пра гэта зможа хіба сам Бабарыка, які раней ці пазней выйдзе на волю і распавядзе, як было напраўду. 


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10