Прапаганда апублікавала кадры са зняволеным Віктарам Бабарыкам – адным з галоўных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2020 года. Адною з мэтаў ёсць нармалізацыя стасункаў з Захадам, кажуць эксперты. Але адных такіх кадраў для гэтага недастаткова.
Валер Карбалевіч, палітычны аглядальнік радыё «Свабода», у каментары «Белсату» назваў добрай навіной з’яўленне інфармацыі пра Віктара Бабарыку – упершыню за амаль два гады.
,,«Розныя чуткі хадзілі, што ён і ў шпіталі быў, што і са здароўем былі вялікія праблемы. Вось цяпер мы бачым, што ён жывы. Наколькі здаровы, не вельмі вядома», – адзначыў аглядальнік.
Улады пасылаюць сігналы, якіх недастаткова
Карбалевіч звязаў з’яўленне Віктара Бабарыкі з ранейшай публікацыяй у лістападзе 2024 года звестак пра сустрэчу Марыі Калеснікавай з бацькам і з вызваленнем больш як 200 палітвязняў у другой палове мінулага года. Паводле суразмоўцы, усё гэта частка адзінай кампаніі ўладаў Беларусі з мэтай падаць «нейкі сігнал».
Перадусім гэты сігнал скіраваны беларускаму грамадству напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 26 студзеня – «прадэманстраваць паказны, імітацыйны гуманізм» на тле новых рэпрэсіяў і затрыманняў, паказаць, што ўлады не такія жорсткія і гатовыя да нейкіх гуманных крокаў, адзначыў Валер Карбалевіч.
Другім жа адрасатам гэтага сігналу ёсць Захад, «каб разам з прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй легітымізавацца ў вачах заходніх палітыкаў і заходніх інстытуцыяў». На думку палітычнага аглядальніка, гэта важна як проста таму, што «псіхалагічна некамфортна для Лукашэнкі, калі яго не прызнаюць на Захадзе», гэтак і праз жаданне ў «легальным статусе» ўдзельнічаць у магчымых мірных перамовах адносна вайны ва Украіне.
Аналітык не выключае з’яўлення ў будучыні кадраў і з іншымі знакавымі палітвязнямі, як і памілавання пэўнай колькасці палітычных зняволеных. А вось сістэмнай лібералізацыі Валер Карбалевіч не чакае. Агулам жа, маўляў, трэба дачакацца сканчэння выбарчай кампаніі, каб «зразумець логіку ўладаў адносна маштабу рэпрэсіяў».
Захад жа гэтыя сігналы «прымае да ведама, чуе, але пакуль ніяк не рэагуе»:
,,«Захад лічыць, што гэтага мала. Каб пачаць нейкі сур’ёзны дыялог, патрэбныя іншыя крокі, на якія сёння беларускі рэжым не гатовы. І не толькі ў плане палітвязняў, але і ў плане стаўлення да падтрымання Расеі ў вайне супраць Украіны».
У прыватнасці, Захад чакае ад Менску, каб той адмовіўся ад падтрымання вайскова-прамысловага комплексу РФ, ад размяшчэння расейскай ядравай зброі і сістэмаў «Арэшнік» на сваёй тэрыторыі. Без гэтага казаць пра сур’ёзны дыялог наўрад ці рэальна, заключыў Валер Карбалевіч.
Ці прасіў Бабарыка пра памілаванне?
Іван Краўцоў са штабу Віктара Бабарыкі распавёў «Deutsche Welle», што большую частку гэтага тэрміну палітык правёў у ізаляцыі і «тое, што ён так выглядае, – гэта вялікае дасягненне ягонай сілы волі і вытрымкі». Пры гэтым Краўцоў пакуль не чакае памілавання палітвязня: «Мы ад гэтага яшчэ даволі далёка».

Іван Краўцоў таксама мяркуе, што Віктар Бабарыка не пісаў прашэння аб памілаванні. Паперы, якія ён падпісаў на відэа Рамана Пратасевіча, імаверна, былі лістамі да сваякоў, дадаў ён выданню «Zerkalo»:
«Хутчэй, ён не напісаў прашэння аб памілаванні. Я не думаю, што пра гэта магла ісці гаворка ў цяперашняй сітуацыі. Ды і ў прынцыпе, ведаючы Віктара Дзмітрыевіча, я не думаю, што гэта той чалавек, які гатовы развітацца са сваімі перакананнямі».
Спыненне інкамунікада – толькі першы крок
Вітала з’яўленне кадраў з Віктарам Бабарыкам і абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская, бо «пабачыць тых, хто знаходзіўся ў інкамунікада, – велізарная палёгка». Аднак, дадала яна, «рэжым выкарыстоўвае людзей, якія не павінны былі апынуцца за кратамі, для маніпуляцыяў».
,,«Кожны дзень у зняволенні – гэта страта цэлага жыцця, якое адбываецца на волі. Мой муж не бачыць, якімі дарослымі ўжо сталі Карней і Агнія. Сыны Паліны Шарэнды-Панасюк растуць без цяплыні матулінай любові. Ігар Лосік ужо 4,5 года не бачыць дачкі Паўліны... Жыццё спыняецца ў цэлых сем’ях, бо рэжым ахвяруе людзьмі дзеля ўлады», – сказала яна.
Святлана Ціханоўская нагадала, што за кратамі несправядліва застаюцца больш як 1200 палітвязняў і «спыненне рэжыму інкамунікада – гэта першы крок да таго, каб спыніць той жах, які цяпер адбываецца ў краіне». Паводле яе, наступным павінна быць вызваленне «тых, хто апынуўся за кратамі з-за сваіх поглядаў», і спыненне ўсіх палітычных рэпрэсіяў.
Дзе і як здымалі Бабарыку
Праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка мяркуе, што відэа з Віктарам Бабарыкам здымалася ў пакоі псіхолага ў лагерным клубе ці блізка да таго. Пры гэтым, паводле праваабаронцы, новенькая роба палітыка (ці кліфт) –«сапраўды паказуха для фота». Паводле Судаленкі, «у такіх незасціраных кліфтах хіба што ў каранціне пасля этапу першы тыдзень вязні так выглядаюць. Ды і жоўтая бірка экстрэміста, па ўсім відаць, прышыта спехам».
«Тое, што змог прамовіць Віктар Дзмітрыевіч, прапаную не абмяркоўваць, бо ў закладнікаў няма выбару. Уражанні? Выглядае як карцінка для ЗША – купляйце хутчэй, пакуль жывы і здаровы», – адзначыў Леанід Судаленка ў Facebook.

Амаль два гады без вестак
Былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» і аднаго з галоўных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2020 года Віктара Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня 2020 года і прыгаварылі да 14 гадоў пазбаўленне волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Паводле «Вясны», у зняволенні Бабарыка працаваў укладчыкам хлебабулачных вырабаў, увесь час мусіў быць у пякарні, у памяшканні практычна без вентыляцыі, з тэмпературай +30 °C. Затым палітыка перавялі выпальваць драўняны вугаль, прымушаючы дзевяць гадзінаў шэсць дзён на тыдзень праводзіць на дварэ, без доступу да побытавага памяшкання, дзе была б магчымасць сагрэцца падчас змены.
З лютага 2023 года ад палітвязня не было ніякіх навінаў, ён не мог камунікаваць ані са сваякамі, ані з адвакатамі. Затым з’явіліся звесткі, што ў ноч з 24 на 25 красавіка 2023 года Віктара Бабарыку ў стане сярэдняй цяжкасці даставілі ў аддзяленне хірургіі наваполацкага шпіталю: у яго была вадкасць у лёгкіх. Таксама сталася вядома, што палітвязня змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. Калі дакладна гэта адбылося – невядома. Акрамя таго, яго неаднаразова трымалі ў штрафным ізалятары, у тым ліку доўгі час зімой перад трапляннем у шпіталь.

8 студзеня 2025 года Раман Пратасевіч апублікаваў у сваім тэлеграм-канале фота і відэа з вельмі схуднелым Віктарам Бабарыкам. Праўладны блогер расказаў, што наведаў яго ў наваполацкай калоніі. Бабарыка, паводле Рамана Пратасевіча, «у бадзёрым настроі і сапраўды не страціў сваіх навыкаў красамоўства». Блогер заявіў, што паехаў да Віктара Бабарыкі, каб перадаць таму весткі ад родных, а таксама перадаць весткі ад палітвязня на волю. Частка відэазвароту да сваякоў таксама была апублікаваная. Без адмысловага візіту праўладных блогераў палітвязні ў Беларусі, відаць, не могуць атрымаць вестак ад сваякоў і нешта перадаць ім.
Гэта другі выпадак за паўгода, калі ўлада дае звесткі пра палітычных зняволеных, якія працяглы час застаюцца ў рэжыме інкамунікада. 12 лістапада 2024 года Раман Пратасевіч апублікаваў фота Марыі Калеснікавай з ейным бацькам. Тады блогер таксама наведаў палітычную зняволеную за кратамі. Дагэтуль ад яе не было ніякіх вестак больш за 600 дзён. Да сям’і даходзіла інфармацыя, што палітзняволеная схуднела да 45 кілаграмаў пры росце 175 см.
Макар Мыш belsat.eu