Для палітычнага вязня Віктара Бабарыкі амаль два гады таму ў турме ўвялі рэжым інкамунікада, калі ні родныя, ні блізкія, ні адвакаты не маюць пра яго звестак, а ён не ведае навінаў.
Раман Пратасевіч апублікаваў у сваім тэлеграм-канале фота і відэа з вельмі схуднелым Віктарам Бабарыкам, банкірам і грамадскім дзеячам, прэтэндэнтам на кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе.
Пратасевіч расказаў, што наведаў Бабарыку ў Наваполацкай калоніі. Той, паводле Пратасевіча, «у бадзёрым настроі і сапраўды не страціў сваіх навыкаў красамоўства». Пратасевіч паехаў да Бабарыкі, каб перадаць таму весткі ад родных, а таксама перадаць весткі ад палітвязня на волю. У тым ліку ў відэафармаце.
Гэта першыя пацвержанні таго, што палітычны вязень жывы. Звестак пра яго не было амаль два гады: з лютага 2023-га.
Нагадаем, Віктара Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня 2020 года і прыгаварылі да 14 гадоў пазбаўленне волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле ч. 2 арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры»), ч. 2 арт. 235 («Легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам, здзейсненая паўторна альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, альбо ў асабліва буйным памеры»), а таксама паводле ч. 2 арт. 431 («Дача хабару паўторна альбо ў буйным памеры»).
Паводле звестак «Вясны», у зняволенні Віктар Бабарыка укладваў хлебабулачныя вырабы і атрымоўваў 1 рубель 60 капеек, але потым яму павысілі заробак да 50 рублёў. Ён увесь час мусіў заставацца ў пякарні, у памяшканні практычна без вентыляцыі з тэмператураю плюс 30 градусаў. Вядома, што з 1 да 11 траўня 2022 года яго ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары, у чэрвені ‒ яшчэ 10 содняў.
У лістападзе стала вядома, што палітычны вязень выпальвае драўняны вугаль. Шэсць поўных 9-гадзінавых дзён на тыдзень ён застаецца на дварэ без доступу да побытавага памяшкання, дзе была б магчымасць сагрэцца падчас змены. Вядома, што ў Віктара медычныя супрацьпаказанні для такога віду працы.
У ноч на 25 красавіка 2023 года Віктара Бабарыку ў стане сярэдняй цяжкасці даставілі ў аддзяленне хірургіі Наваполацкага шпіталю: у яго была вадкасць у лёгкіх. Таксама стала вядома, што палітвязня змясцілі ў памяшканне камернага тыпу, калі дакладна гэта адбылося, невядома. Да таго ж паведамлялася, што доўгі час узімку Бабарыка правёў у ШІЗА.
Гэта другі выпадак за паўгады, калі ўлада дае звесткі пра палітычных зняволеных у рэжыме інкамунікада. 12 лістапада 2024 года Раман Пратасевіч апублікаваў фота палітзняволенай Марыі Калеснікавай з ейным бацькам. Тады ён таксама наведаў Марыю за кратамі.
Да гэтуль ад Марыі Калеснікавай не было ніякіх вестак больш за 600 дзён. Да сям'і даходзіла інфармацыя, што палітзняволеная схуднела да 45 кілаграмаў пры росце 175 см.
Тэса Анэйда belsat.eu