навіны

У Берасці сілавікі прыйшлі з ператрусам да паплечніка даносчыцы Бондаравай

Пётр Піцко
Пётр Піцко. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Да былога сакратара гаркаму БРСМ Берасця Пятра Піцко 19 лютага прыйшлі сілавікі. Пра гэта ён сам паведаміў у сацыяльных сетках.

Мяркуючы з допісаў Піцко, удома ў яго адбыўся ператрус. Бо ўжо праз некалькі гадзінаў ён апублікаваў відэа і пост, у якім паведаміў, што ён на волі і ў яго ўсё ў парадку.


Пётр Піцко заявіў, што сілавікі не знайшлі нічога забароненага ні ў ягоным доме, ні ў тэлефоне, ні ўдома ў бацькоў. З ягоных словаў вынікае, што гэта не першы такі візіт. Піцко напісаў, што «стаміўся ад гэткай увагі» міліцыянтаў. Таксама ён дадаў, што гэтым разам з ім абышліся даволі мякка.


Сам Піцко выказаў версію, што прычынай візіту сілавікоў да яго стаў данос. Ён не называе імя, але кажа, што «гэта цалкам канкрэтная асоба, якая ўжо спрабавала дыскрэдытаваць» яго праз чаты беларускіх прапагандыстаў.


Нагадаем, Піцко вядомы як паплечнік прарасейскай даносчыцы з Горадні Вольгі Бондаравай, пасля зваротаў якой рэпрэсіі абрынуліся ўжо не на адзін дзясятак беларусаў.


З апошняга: у снежні Бондарава паскардзілася на музей Янкі Купалы, дзе мелася адкрыцца выстава мастака Алеся Сушы. Тады Бондарава запрасіла на адкрыццё выставы ГУБАЗіК. Выставу адмянілі.


Таксама стала вядома, што менавіта праз данос Бондаравай з краіны ў снежні 2024 года была вымушаная з'ехаць пераможца абласнога конкурсу «Настаўнік года – 2023» і фіналістка рэспубліканскага конкурсу таго ж года Таццяна Крапіневіч. Па таленавітую настаўніцу міліцыянты прыйшлі проста ў школу.


Яна ж, Бондарава, патрабавала дадаць на выбарчыя бюлетэні расейскую мову і нават схітрылася назваць нявестку Лукашэнкі Ганну Сялук «змагаркай», але пасля выдаліла пост.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10