Улады Беларусі пастанавілі змяніць пастанову «Аб атэстацыі і пераатэстацыі фізічных асобаў у якасці часовых (антыкрызісных) кіраўнікоў». Сярод іншага ў дакуменце з’явяцца рэпрэсіўныя захады супраць нелаяльных уладам асобаў. А вось захадаў, якія б павысілі прафесіяналізм ці зменшылі карупцыю ў галіне, не відаць, мяркуе юрыст Міхаіл Кірылюк.
Міністэрства эканомікі Беларусі вынесла на грамадскае абмеркаванне з 13 да 23 траўня праект пастановы Савету Міністраў аб зменах у сістэме атэстацыі і пераатэстацыі антыкрызісных кіраўнікоў. Мэтаю дакументу ў Міністэрстве эканомікі назвалі ўдасканаленне сістэмы атэстацыі і пераатэстацыі, а таксама допуск да працы «толькі кваліфікаваных спецыялістаў са станоўчым стаўленнем да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу».
Праект пастановы ўдакладняе і дапаўняе падставы для спынення атэстату антыкрызіснага кіраўніка. Гэтак, ён будзе спыняцца ў выпадку пазбаўлення кіраўніка грамадзянства Беларусі або дазволу на сталае пражыванне ў краіне. Атэстат прапануецца спыняць пры наяўнасці непагашанай або нязнятай судзімасці, у выпадку знаходжання на ўліку ў арганізацыях аховы здароўя ў звязку з псіхічным засмучэннем, алкагалізмам, наркаманіяй, таксікаманіяй. Таксама атэстат хочуць забіраць пры наяўнасці факту прыцягнення кіраўніка да адміністратыўнай адказнасці або вынясення папярэджання за правапарушэнне шэрагу артыкулаў КаАП, у тым ліку палітычных, як распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11) або парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых акцыяў (арт. 24.23).
Юрыст, дэлегат Каардынацыйнай рады Міхаіл Кірылюк, які ў Беларусі працаваў антыкрызісным кіраўніком, у каментары «Белсату» патлумачыў такія прапановы Мінэканомікі спробамі «выслужыцца і прадэманстраваць лаяльнасць» уладам:
,,«Калі знойдзецца такі [апазіцыйна настроены антыкрызісны кіраўнік. – рэд. belsat.eu], то мы яму яшчэ і атэстат анулюем».
Кірылюк адзначыў, што пакуль у Беларусі крызіс-менеджара могуць пазбавіць атэстату толькі на падставе парушэнняў, звязаных з ягонаю беспасярэдняю дзейнасцю ў такой якасці, што «цалкам лагічна». Цяпер жа ўлады імкнуцца пашырыць палітычны ціск, каб чалавек баяўся не толькі быць пазбаўленым свабоды, але і прафесіі.
Новыя абмежаванні без развязання праблемаў
Прапануюцца праектам пастановы Савету Міністраў і іншыя змяненні. Гэтак, уладальнікаў атэстату катэгорыі А хочуць прызначаць кіраўнікамі толькі ў вытворчасць у справах аб банкруцтве. Для атрымання катэгорыі С будзе недастаткова толькі кіраўніцкага стажу, спатрэбіцца яшчэ досвед працы кіраўніком (атэставаным работнікам кіраўніка-юрыдычнай асобы) у катэгорыі А або В больш за 5 гадоў з завяршэннем не менш як адной справы, дзе задаволена больш як 20 % патрабаванняў крэдытораў, залучаных у рэестр патрабаванняў крэдытораў. Гэта мае стварыць «высокія прафесійныя патрабаванні для атрымання атэстату».

На думку суразмоўцы, такія змяненні мала паўплываюць на прафесійныя якасці антыкрызісных кіраўнікоў. Перадусім патрэбная незалежнасць судоў, у тым ліку ад падатковай інспекцыі і органаў крымінальнага пераследу, як Камітэту дзяржаўнага кантролю і Следчага камітэту. Пакуль гэтага няма, а сітуацыя з незалежнасцю судоў, наадварот, толькі пагаршаецца, крытэры для атрымання катэгорыі С не будуць мець вялікага значэння.
З другога боку, антыкрызісным кіраўнікам варта дазволіць мець высокі афіцыйны, «белы», заробак, каб зменшыць уплыў карупцыі на галіну і заахвоціць працаваць у ёй сапраўды прафесійных кіраўнікоў, а не тых, хто будзе імкнуцца незаконна ўзбагаціцца.
,,«Вы даяце распараджацца актывамі на мільёны людзям, у якіх афіцыйны заробак не хочаце рабіць большым за некалькі тысячаў рублёў», – адзначыў Кірылюк.
Паводле яго, такая прапанова не знайшла водгуку сярод беларускіх чыноўнікаў раней. Не гатовыя яны яе чуць і цяпер. У выніку ў галіне працуюць не сапраўдныя менеджары, а юрысты, якія вывучылі законы аб банкруцтве. Для таго ж, каб працавалі менеджары, трэба мяняць «усю сістэму», але «чыноўнікам выгадна захоўваць тое, што ёсць, у тым ліку патэнцыйны карупцыйны чыннік», заключыў Кірылюк.
Макар Мыш belsat.eu