Еўрапейскія лідары разам з Украінаю выставілі Уладзіміру Пуціну жорсткі ўльтыматум: або неадкладнае спыненне агню, або новыя эканамічныя санкцыі. Крэмль ужо заявіў пра марнасць спробаў размаўляць з дапамогай ультыматумаў. Таму адкрытым застаецца пытанне, ці можа Захад цяпер прымусіць Расею пайсці на мір.
Краіны Еўразвязу разам з Францыяй, Нямеччынай, Польшчай і Вялікай Брытаніяй ужо разглядалі захады, скіраваныя супраць банкаўскага і энергетычнага сектараў, піша «Bild». У прыватнасці, гаворка ідзе пра дадатковыя санкцыі супраць нафты і газу, а таксама ўзмацненне кантролю над так званым ценявым флотам Расеі – сеткай танкераў, што абыходзяць дзейныя абмежаванні.
Аднак каб гэтыя захады набылі юрыдычную сілу, неабходна адзінагалоснае зацвярджэнне ўсімі 27 краінамі – чальцамі ЕЗ. Супраць выступаюць прэм’еры Славаччыны Робэрт Фіца і Вугоршчыны Віктар Орбан. У Бруселі спадзяюцца, што прэзідэнт ЗША Доналд Трамп дапаможа змяніць пазіцыю Вугоршчыны, хоць надзея на гэта невялікая.
Пры гэтым Еўразвяз ужо ўзгадніў 17-ы санкцыйны пакет, што распрацоўваўся яшчэ да цяперашняга ўльтыматуму. Але, як прызнаў адзін з дыпламатаў у каментары «Handelsblatt», пакет не вызначаецца асаблівай жорсткасцю: «Мы ўжо дасягнулі мяжы магчымасцяў у санкцыйнай палітыцы», – сказаў ён.
Такім чынам, ЕЗ сутыкаецца з двума ключавымі пытаннямі: ці засталіся яшчэ захады, якія сапраўды ўдараць па Крамлі, і ці ўдасца дамовіцца пра іх увядзенне.
Тым часам, як паведамляе «Financial Times», Еўракамісія рыхтуецца абысці магчымае вета з боку Будапэшту на падаўжэнне дзейных эканамічных санкцыяў. Разглядаюцца альтэрнатыўныя механізмы, разам з увядзеннем валютнага кантролю ды гандлёвых мытаў супраць Расеі.
Таксама ў Еўразвязе разглядаюць магчымасць пераводу замарожаных актываў Расеі – на суму каля 200 мільярдаў еўраў – на іншую юрыдычную аснову, каб абыходзіць вугорскае блакаванне.
Санкцыі, тэрмін дзеяння якіх сканчаецца ў ліпені, уключаюць забароны на імпарт і цэнавыя абмежаванні, у першую чаргу ў энергетычным сектары. Калі Вугоршчына не зменіць сваёй пазіцыі, Брусель гатовы дзеяць большасцю галасоў, абы захаваць ціск на Маскву і падштурхнуць Расею да замірэння і перамоваў.
Раман Шавель belsat.eu