Калі вы не заўважылі, у Беларусі ёсць прэм’ер-міністр. Раман Галоўчанка займае гэтую пасаду з 4 чэрвеня 2020 года, але даволі рэдка трапляе ў навіны. 3 лютага Аляксандр Лукашэнка распусціў урад. Узначаліць Галоўчанка наступны ўрад ці будзе новы твар? «Белсат» спытаў Юрыя Дракахруста.
Урад Беларусі 3 лютага склаў паўнамоцтвы, у той жа дзень Аляксандр Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ «Аб паўнамоцтвах Ураду», даручыў старому ўраду папрацаваць да прызначэння новага.
Згодна з арт. 106 Канстытуцыі, Савет Міністраў мусіць скласці паўнамоцтвы пасля прэзідэнцкіх выбараў – гэта ўрад і зрабіў. Цяпер Лукашэнка мусіць прызначыць новы ўрад, пакінуць стары склад або прызначыць толькі часткова новы ўрад.
Што рабіць, Лукашэнка пакуль не пастанавіў: 4 лютага сказаў, што хоча «паглядзець паводле спісу, пачынаючы ад прэм’ер-міністра да кіраўніка канцэрну і губернатараў», склікаць нейкую камісію для распрацоўвання новага складу ўраду, залучыць у камісію (не ўрад) старшыню Савету Рэспублікі Наталлю Качанаву, старшыню Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергеенку, Генеральнага пракурора Андрэя Шведа і іншых з «вярхушкі».
А што Раман Галоўчанка, які займаў пасаду прэм’ер-міністра з 4 чэрвеня 2020 года? Лукашэнка не раз жорстка крытыкаваў яго і ягоны ўрад, амаль не хваліў. Наступны ўрад узначаліць іншы чалавек? Ці, можа, Галоўчанку пакінуць, бо ён някепска спраўляўся ў крызісныя для ўлады гады? «Белсат» спытаў пра гэта палітычнага аглядальніка радыё «Свабода» Юрыя Дракахруста.
Ці ёсць за што пахваліць Галоўчанку?
,,«У аўтарытарнай сістэме заўсёды вельмі цяжка раздзяліць як набыткі, гэтак і страты прэм’ера – як бы другой асобы – і першай асобы, – адказаў Дракахруст. – Урэшце Лукашэнка ў Беларусі – і прэм’ер-міністр таксама. Мы ведаем і бачым, што ён і сам наўпрост рукамі кіруе эканомікай».
Дракахруст адзначае, што Галоўчанка – «доўгажыхар» на пасадзе прэм’ера. За гады незалежнасці ў Беларусі быў дзясятак прэм’ераў, дольш за Галоўчанку гэтую пасаду займаў толькі Сяргей Сідорскі: амаль 7,5 года, з 2003-га да 2010-га. Галоўчанка – амаль пяць гадоў.
Лукашэнка сварыўся і на Галоўчанку, і на астатніх. Ды Дракахруст адзначае асаблівасць Галоўчанкі: ён ціхі.
«Некаторых папярэднікаў Галоўчанкі Лукашэнка лаяў, так бы мовіць, ідэалагічна. Прынамсі, Мясніковіча, Румаса – як бы „рынкавыя выкруты“, – згадвае палітычны аглядальнік. – Галоўчанка сабе нічога такога не дазваляў, ніякіх прынамсі публічных „нахіленняў у небяспечны бок“. Ні ў той, ні ў той. Не сказаць, каб ён быў сталініст, дзерыжыст, аматар камуністычнай эканомікі. Якія, дарэчы, прынамсі каля ўлады на працягу гэтых 30 гадоў былі. А Галоўчанка не такі».

«Замарожванне цэнаў» 2022 года – гэта, хутчэй, ідэя Лукашэнкі, не Галоўчанкі. Але дэфіцыту тады амаль не дапусцілі. Дракахруст расказвае, як размаўляў з экспертамі BEROC: казаў, што жыў у СССР і ведае, што рэгуляванне цэнаў спараджае дэфіцыт, а як у Беларусі абышлося без дэфіцыту? Тыя адказалі: цэны рэгуляваныя, але ў прынцыпе акуратна. Магчыма, Галоўчанка крыху прытрымліваў «руку, якая махае шашкаю».
Дарэчы, Лукашэнка хваліў урад Галоўчанкі якраз за рэгуляванне цэнаў: маўляў, нават «забеглі наперад», некаторыя цэны «адкруцілі» на 30–40 % назад. Праўда, Лукашэнка не называў у гэтым кантэксце прозвішча Галоўчанкі, хваліў урад безасабова.
,,«Такая дэманстратыўная блякласць, – кажа Дракахруст аб прэі'ер-міністры. – Пра Галоўчанку ніколі нічога, што ён хоць штосьці, хоць неяк падасць піск наконт палітыкі. І слова ніколі не было, нават пра эканоміку, што Галоўчанка прыдумаў штосьці добрае».
Папрокі ад Лукашэнкі былі на ўзроўні «каровы абасраныя, Галоўчанка павінен зарганізаваць, каб іх памылі», смяецца Дракахруст. Была традыцыйная крытыка лічбавых паказнікаў: «план зрываеце» – «вінаваты, прабачце». Былі таксама цьмяныя намёкі на нейкіх «не вельмі чыстых» людзей у атачэнні, але намёкі невыразныя.
Ды апошнія гады былі для ўраду Беларусі даволі паспяховыя, адзначае Дракахруст. Паказвае графікі заробкаў ад Нацыянальнага статыстычнага камітэту: заработная плата вырасла нязначна, але ж не ўпала.

Прагнозы былі не вельмі аптымістычныя. Пандэмію ковіду называлі «ідэальным штормам», прагназавалі падзенне валавога ўнутранага прадукту на 10–15 %. Эканоміка не ўпала так моцна, «ідэальнага шторму» не склалася – ці то дзякуючы Галоўчанку, ці то праз незалежныя ад яго абставіны, «прыйшла карта». Потым здарыўся поўнамаштабны напад Расеі на Украіну, у тым ліку праз тэрыторыю Беларусі. Адносна Беларусі ўвялі санкцыі, ізноў былі прагнозы, што «беларуская эканоміка будзе знішчаная». Гандаль з Украінаю сапраўды спыніўся, з Еўропай амаль цалкам спыніўся, але эканоміка не была знішчаная. Можна сказаць, што дапамагла Расея, «раздавала падарункі». З другога боку, аглядальнік адзначае, што нават у спрыяльнай сітуацыі можна было атрымаць паразу праз глупства, а ў Галоўчанкі відавочных правалаў не было.
Лукашэнка хоча «амаладзіць» урад. Хто можа замяніць Галоўчанку?
Дракахруст згадвае, што Галоўчанку прызначылі нечакана, «нікому ў галаву не прыходзіла ягонае прозвішча». Магчыма, Лукашэнка тады свядома прызначыў невядомага чалавека. А чаго цяпер можа хацець Лукашэнка? Ці заменіць Галоўчанку?
,,«Я б ставіў на тое, што заменіць, – адказвае аглядальнік. – Для мяне самы важкі аргумент – гэта заявы Лукашэнкі з навагодняй прамовы, што „найбліжэйшымі гадамі ў нас прыйдзе новае пакаленне“. Гэта было тройчы паўторана пасля Новага года. А на прэс-канферэнцыі 26-га ён сказаў: „Не, ну гэта не азначае, што я сыду“».
Сапраўды, Лукашэнка прыводзіць у «вярхушку» маладзейшых, працягвае Дракахруст. Вось летась адміністрацыю Лукашэнкі ўзначаліў экс-міністр эканомікі, 44-гадовы Дзмітрый Крутой. Ізноў стала першаю намесніцаю кіраўніка адміністрацыі Наталля Пяткевіч, якой цяпер 52 гады (мінулы раз намесніцаю кіраўніка адміністрацыі яна стала ў 32). З другога боку, Галоўчанку 51 год, для «гаспадарніка» ён не такі і стары, для палітыка гэта росквіт.
Лукашэнка можа разглядаць кандыдатам на прэм’ера і Крутога («бывалі такія ракіроўкі»), і іншых, мяркуе Дракахруст. Напрыклад, першага віцэ-прэм’ера, 55-гадовага экс-міністра эканомікі і экс-намесніка старшыні сваёй адміністрацыі Мікалая Снапкова. Таксама Лукашэнка мінулаю восенню паўжартам называў пераемнікам старшыню Менскага аблвыканкаму і былога першага віцэ-прэм’ера, 49-гадовага Аляксандра Турчына. Можа, і яго паставіць прэм’ерам.
55-гадовы міністр інфармацыі Марат Маркаў ці 52-гадовы міністр замежных справаў Максім Рыжанкоў – «гэта іншая стылістыка», мяркуе Дракахруст. Яны больш рэзкія, агрэсіўныя, дэманстратыўныя. Гэта непадобна да Галоўчанкі, але цалкам імаверна, што Лукашэнка захоча прэм’ера ў такой стылістыцы.
А адкуль раней у Беларусі браліся прэм’еры?
Шанцы стаць прэм’ерам статыстычна высокія ў віцэ-прэм’ераў, кіраўнікоў буйных банкаў і кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.
- Вячаслаў Кебіч быў старшынём Савету Міністраў яшчэ ў БССР, да таго – намеснікам старшыні Саўміну, перад тым займаў кіроўныя пасады ў структурах Кампартыі, а яшчэ раней кіраваў Менскім станкабудаўнічым заводам імя Кірава.
- Міхаіл Чыгір перад прызначэннем прэм’ерам быў старшынём «Белаграпрамбанку».
- Сяргей Лінг быў намеснікам прэм’ера, да таго – міністрам эканомікі.
- Уладзімір Ярмошын быў сябрам Савету Рэспублікі, да таго – старшынём Менскага гарвыканкаму.
- Генадзь Навіцкі быў віцэ-прэм’ерам, да таго – міністрам архітэктуры.
- Сяргей Сідорскі быў першым віцэ-прэм’ерам, да таго – простым віцэ-прэм’ерам, перад тым – намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкаму.
- Міхаіл Мясніковіч быў кіраўніком Нацыянальнай акадэміі навук, а да таго быў і кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі, і віцэ-прэм’ерам апошнія гады БССР і першыя гады незалежнай Беларусі, а яшчэ ў БССР – міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
- Андрэй Кабякоў быў кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі, перад тым – амбасадарам у Расеі, міністрам эканомікі, віцэ-прэм’ерам, старшынём Камітэту дзяржаўнага кантролю.
- Сяргей Румас быў адначасова кіраўніком «Банку развіцця» і выканаўцам абавязкаў віцэ-прэм’ера, да таго быў проста віцэ-прэм’ерам, перад тым – старшынём «Белаграпрамбанку».
- Раман Галоўчанка трапіў у крэсла прэм’ера з пасады старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту, да таго быў амбасадарам у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.
Што будзе з Галоўчанкам?
Дракахруст падкрэслівае: яшчэ не факт, што Галоўчанка сыходзіць. Можа і захаваць пасаду: апошнія гады вынікі ў яго някепскія. А калі здымуць – куды паставяць?
Дракахруст разважае так. Наўрад ці вернуць у Эміраты, дзе Галоўчанка быў амбасадарам у 2013–2018 гадах. Гэта было б прыніжэннем для экс-прэм’ера. Хутчэй, знойдуць яму месца ў Савеце Рэспублікі. Магчыма, як Сідорскага, паставяць у нейкія структуры інтэграцыі з Расеяй – пасада не вельмі ўплывовая, але заробак добры, можа і кватэра ў Маскве быць. Не выключаны і варыянт, што Галоўчанку вернуць у вайскова-прамысловы комплекс – беларускі ці расейскі. Некалькі буйных беларускіх чыноўнікаў сыходзілі з Беларусі і «ўсплывалі» ў якім-небудзь расейскім канцэрне. Але прынамсі на першы час – Савет Рэспублікі.
Алесь Наваборскі belsat.eu